Лёс змагара і пакутніка


1 2

Не было, няма, і, дай Бог каб ніколі і не было ў нашым неабачлівым, непрадказальным і такім суровым і часцяком несправядлівым жыцці большых (ці нават такіх) пакутнікаў як ён...

Як і тое пакаленне ўвогуле, ён, Зміцер Хведаравіч Жылуновіч, зведаў у жыцці ўсё: голад, галечу, знявагу, прыніжэнне... I ўсё ж такі знайшоў сябе: стварыў шэраг бліскучых літаратурных і публіцыстычных твораў, пашчыраваў на ніве беларускапі нацыянальнага Адраджэння... Ну, а тое, што Айчына абышлася з ім самім самым што ні ёсць несумленным чынам: зганьбіла, зняважыла, зняславіла і проста знішчыла (рукамі і дзеяннямі нячысцікаў на справы, кар'ерыстаў і бяздумцаў) — няхай пакарае іх Усявышні!

...Ужо ў 1904—1905 гадах жыхары мястэчка Капыль на Міншчыне мелі магчымасць увачавідкі пазнаёміцца са «сваімі», выхаванымі на мясцовай глебе, юнымі сацыял-дэмакратамі. I першым сярод іх быў Зміцер Жылуновіч — сын тамтэйшага, капыльскага, гарбара. Яны, новыя «сіцылісты», як звалі іх у народзе, ужо тады гатовы былі пайсці на самыя рашучыя дзеянні... Па мястэчку і ў яго наваколлі яны распаўсюджвалі лістоўкі, у якіх выкрывалі Булыгінскую дзяржаўную думу, тлумачылі людзям, што «заваяваць свабоду можна толькі шляхам узброенага звяржэння самадзяржаўя»... Ім верылі: на мітынгі, што ладзілі маладыя рэвалюцыянеры, ахвотна ішлі рабочыя і рамеснікі, сяляне і гандляры.

А яшчэ маладыя людзі ў мястэчку Капыль пад кіраўніцтвам Зміцера Жылуновіча ахвотна займаліся самаадукацыяй. Яны чыталі «Отечественные запнскн», «Слово», «Дело», іншыя выданні, знаёміліся з творамі Някрасава і Пісарава, Салтыкова-Шчадрына і Успенскага, Гётэ і Гейнэ... Спрабавалі і свае сілы, наладзіўшы выпуск літаратурна-грамадскага часопіса «Голас нізу».

...У 1907 годзе Зміцер Жылуновіч напіша верш, які стане для яго сапраўднай праграмай дзеянняў:

Цяжка жыць без долі,

Што рабіць — не знаю...

...Хіба на свет выйду.

Долі пагукаю...

Сябры параілі яму паслаць гэты верш у газету «Наша ніва». Ён так і зрабіў: падпісаў твор псеўданімам «Цішка Гартны», прысвяціў яго Янку Купалу— свайму куміру, і адправіў у Вільню, у рэдакцыю тагачаснага беларускага нацыянальнага штотыднёвіка. Верш апублікавалі...

I пайшоў Зміцер Жылуновіч у «людзі»...

Вільня і Смаргонь, Мінск і Бабруйск, Палтава і Магілёў, Вількамір і Рыга... Куды толькі не кідаў яго лёс на працягу 1909—1912 гадоў! У Вільні яму «не спадабаўся» нейкай незразумелай высакамернасцю і «інтэлігенцкай адмежаванасцю ад рабочых» рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў, а адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай Грамады Вацлаў Ластоўскі, паводле пазнейшых успамінаў Жылуновіча, наогул набраўся нахабства і прапанаваў Зміцеру працу... парабкам у сваім маёнтку ў Лідскім павеце...

Было тое ці не — хай разбіраюцца летапісцы. Аднак малады чалавек не адчайваўся: у 1913-м Зміцер Жылуновіч прыехаў у Пецярбург, уладкаваўся на працу на заводзе «Вулкан», актыўна ўключыўся ў культурна-асветніцкую працу адразу дзвюх суполак — «Веды» і «Адукацыя»... Выбар маладога чалавека адзін: дзейнасць на карысць беларускага нацыянальнага руху...

А галоўнае, вядома ж, творчасць. Ён наладжвае сувязі з «Нашай нівай» і без усялякай крыўды на яе ранейшае стаўленне да яго актыўна і паспяхова супрацоўнічае са штотыднёвікам. У «Нашай ніве» Зміцер Жылуновіч тады быў самым актыўным аўтарам.

...Маючы за плячыма надзвычай багаты для таго часу літаратурны набытак — зборнік «Песні», першую частку рамана «Сокі цаліны», іншыя адметныя творы, — Зміцер Хведаравіч у 1916 годзе пачынае выдаваць газету «Дзянніца»: «ранішнюю зорку» ідэі стварэння незалежнай Беларускай савецкай рэспублікі, як рэдактар 3. Жылуновіч падпіша 23 нумары газеты з 49-ці, што выйдуць у свет...


1 2