Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Нічога, маці, не клапаціся,— адказаў ён, махнуўшы нядбайна рукою, а сам не сціхаў распытвацца аб усякіх сілцоўскіх навінах ды расказваць усё тое, што яму даводзілася чуваць і бачыць за тэты час на свеце. Гаварыў урыўкамі, кусочкамі ад кожнага здарэння; а здарэнні выбіраў такія, што трапляліся на адгон адно ад другога на месяцы часу. Дзіўнага, смешнага і цікавага было процьма, і Сёмка з Петрусем, а таксама Стэпа так былі захоплены яго апавяданнем, што кожнае Рыгорава слова нібы ўбіралі ў сябе і смакавалі.

Рыгор стаяў, як прыехаў: у капелюшы, у паліце, запылены; забылі ўсе папрасіць яго прысесці, а ён сам не дагадваўся ці не хацеў.

—   А за-а-аво-оды, заводы!!! — з асобным прыціскам зацягваў ён.— Каб вы толькі пабачылі: аграмадныя такія дамішчы; даўжынёю, напрыклад, як ад рэчкі да рынку; у тры, чатыры, а то і ў пяць этажоў. А пры боку трубы высачэзныя высачэзныя — цягнуцца к самаму небу і бессціхання сапуць чорнаю сопухаю. Цікава паглядзець збоку. А калі ўвойдзеш у такі завод — колькі там народу-у-у! Як мурашак, як на пажары: кішаць, бегаюць, лётаюць. Машыны гудуць, калёсы верцяцца, шум, стук, грукат, свіст... Вось на адным з такіх працую і я...

I спыніўся, нібы што забыў.

—     Ах, хаця раздзецца трэба; я і забыў.

—     Але, але раздзенься, раздзенься, Рыгору,— у адзін голас праказалі Сёмка, Пятрусь і Стэпа.

Рыгор паціху стаў раздзявацца.

—   Ад Рыгі як рукою падаць узмор'е: ездзіш туды; устанеш гэта раніцаю, пап'еш чаю, купіш чаго з сабою і на цягнік. На ўзмор'і народу — калі ні прыедзеш — процьма, кішмя кішыць. Ды і ёсць чаго туды прыязджаць: толькі кінеш вокам — шыр неабмерная; вада, вада, то — неба адно... Стыне сэрца ад захаплення...  Паветра, як малако: п'еш, і ўсё мала.

Пакуль Рыгор апавядаў, маці ўгатавала закуску і падала яе на стол.

—     Вось, наце перакусеце, хлопцы, разам з госцем, а тады ўжо будзеце гутарыць колькі ўлезе,— праказала Стэпа, падаючы на стол бухоную, свайго ўпёку, кіпку, нарэзанай каўбасы і сыра.

—     Прасі, Рыгорка, таварышаў,— абярнулася яна да сына.

—     Ды нічога, нічога, не патурайце аб нас, цётка; чаго добрага, а бессаром'я ў нас даволі; самі ўсядземся; добра, што дачакаліся Рыгора; за яго здароўе чаму ж не пагасціцца,— смяшліва адказаў Сёмка і першы ўзяўся за відэлку.

Есці прыняліся ўсе ўтраіх. Стэпа не захацела садзіцца за стол, а ўзяла ў руку кусочак сыру і кавалачак кіпкі і, адсунуўшыся крокаў на два ад стала, неслыхаць жавала мякіш булкі з сырам.

—     Хай бы ж і вы прыселі, мама! — папрасіў Рыгор.

—     Але, цётачка, прысядайце з намі! — пазваў і Сёмка і пасунуўся на лаве, каб даць месца Стэпе.

—     Ды нічога-нічога, дзеткі,— пра мяне не клапацецеся,— ласкавым і зусім слакойным голасам адказала Стэпа.

Сказала і змоўкла. Яе істоту захапілі неадчэпныя ўпартыя думкі. Сын — перад ёю, якога яна так доўга не бачыла! Два гады-ы! Колькі часу! Як ён перамяніўся. Жывучы ў Сілцах, Рыгор заўсёды хадзіў чорным і брудным, цяжка і многа працаваў, і на падзёншчыне, і за балагола. А цяпер — не пазнаць: чысценькі, беленькі, у новым гарнітуры, у чорным капялюшы, у манішцы. Прычэсаны, прыгладжаны, гасцінны, далікатны! Не той, зусім не той!

Стэпе ўспаміналіся часы даўно мінуўшых дзён, калі яшчэ жыў яе гаспадар Міхась; як ён, бывала, зарадаваўся, калі ў іх радзіўся хлопчык! «Некалі,— казаў Міхась,— як вырасце наш Рыгор, мы яго няйначай вывучым на грамацея. Усю працу трэба ахвяраваць, але не дапуспдць, каб ён увесь свой век працаваў так цяжка, як мы».


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72