Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

—     Ну, дык скажу: быў у Рыгора, у Стэпінавага Рыгора,— з прыціскам на слове «Рыгор» адказаў Пятрусь і пачаў сачыць за Зосіным тварам. Ён заўважыў, як Зося, пачуўшы гэта, раптоўна змянілася: украдкай зірнуўшы на ўсю пору смяхлівую мацеру, яна ўздрыганула ад радасці і ні то з цікавасцю, ні то міжвольна вымавіла:

—     Прыехаў?!

—     Прыехаў.

—     Рыгор прыехаў, ты кажаш? — у сваю чаргу запытала Марта.

—     А, мусіць, Рыгор! — спакойна адпавеў Пятрусь.

—     У госці ці назусім?

—     Жаніцца: думае да вас у сваты прыйсці,— пажартаваў Пятрусь.

—     А, няхай ты залядзейся, няхай, як у цябе ніколі нічога не дапытацца,— таўхнуўшы яго ў плечы кулаком, пракрычала Марта і за нечым выбегла ў сенцы.

Ды і Зосі Петрусёў жарт прыйшоўся не па нутру: яна ні то засаромелася мацеры, ні то ўспомніла апошняе наведванне Васіля і, кіўнуўшы галавою, адхілілася к акну.

Пятрусь пацяў плячыма: сказаныя словы яго нічуткі не смуцілі, і ён ні каліва не каяўся, што іх сказаў.

Карыстаючы на хвілю запанаваўшаю ў хаце сцішу, ён некалькі разоў прайшоўся па хаце і прасвістаў матыў «Варшавянкі».

—     А, ты ўжо свістаць, чарцяка! — адчыняючы дзверы, ушчунула яго Марта, махаючы закасанымі па локаць рукамі.

—     А што ж мне рабіць? Адна ўцякла ў сенцы, другая адвярнулася к акну, а мне хіба моўчкі сядзець? Харошы госць, нечага сказаць.

—     Уй, уй, каб ты лопнуў, каб ты! — раптам адхіліўшыся ад акна і стукнуўшы далонню па спіне Петруся, пралепятала Зося.

Пятрусь ёмка абхапіў яе рукамі, прыціснуў на квадранец к сабе, потым вырваўся і адбег к печы.

—     А мо не праўда, га?

—     Не шалеце, не шалеце...

—     Ну, дык будзе... А ці пойдзеш сёння гуляць, Зося?

Зося крыху памаўчала, потым адказала:

—     Не ведаю, вось Волькі Ярмалаішкі чакаю.

—     А з ёю да Ліня пойдзеце?

Зося паглядзела на мацеру.

—      Хто яго ведае. Як мама дазволіць. Далекавата, але парадзімся з Волькаю.

—      Ой, чаму: і маці пусціць, і Волька захоча. Прыходзьце; прыйдзем туды і мы: я, Сёмка і Рыгор; Гэля таксама казала, што прыйдзе.

—      Вы пусціце яе к Ліню, цётка? — запытаў ён Марту.

—      Чаму не, галота хоць у балота,— адказала тая з іроніяй.

—    Вось бачыш, прыходзьце, непрыменна...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72