Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Ёй усё гэта было адваротна і надаедна. Ці ж яна думала? Ці ж дагадвалася? Адкуль навісла над ёю гэта цяжарная ўдушлівая духата, засмуціўшы яе вочы, здавіўшы сэрца, прыліпшы да ўсяго цела. Цяжка, брыдка на душы!..

Не помнячы, што робіць, Зося вылезла з-за стала, падышла да ложка і прыпынілася, тут жа забыўшыся, чаму і па што яна сюды падышла. Потым быццам ёй хтось шапнуў, што тут ляжыць яе паўсачак, што яна падышла яго ўзяць. Зося накінула яго на плечы ды выбегла з хаты.

На вуліцы ўжо змеркла. Чэрвеньская ноч сходзіла на землю ў дзіўным пакою, у ружовых, смуглаватых затухаючых водблісках зайшоўшага сонца, у белай пары, якая паднімалася з зарэчных паплавоў, як кадзільны дым, ціха і далікатна. Змрок увачавідкі гушчэў, выпаўзаючы з усіх куточкаў ды прытулачкаў, распаўзаўся смялей і смялей. Цёплы і пахучы, здэцца, гэта ён выносіў з сабою на вольнае паветра з ачышчаючаю пыл вільгаццю і лёгкасць, і пах, і спакой.

—    Куды ж мне пусціцца? — сама сябе запытала Зося, выткнуўшыся на вуліцу; і толькі што ўзялася разгадаць, як раптам пачула:

—    Куды ты?

Гэта клікнула Гэля, якая, прытаіўшыся, стаяла і чакала Зосю; Гэля з квадранец назад як падышла к акну; Прыдатныя яшчэ вячэралі, і яна мусіла пасядзець, пачакаць Зосю. Стукнулі дзверы — Гэля настаражылася.

Заўсёды вясёлая, рэзвая і смышлёная, чорная смуглянка, з бяздоннымі вачамі і прадаўгаватым носам на белым, армянскага тыпу твары, яна яшчэ выдавала сябе бядоваю жартаўніцаю. Заўсёды над кожным яна адпальвала якую-небудзь шутку. Паджартавала яна і над Зосяю.

—    А каб цябе прогліца, каб цябе! — выклялася Зося на Гзлю, пачуўшы раптоўны крык і садрагнуўшыся, як асіна, ад знянацкасці.

Гэля покатна зарагатала.

—    Табе смешна, дурніца, а ў мяне душа ў пяткі ўскочыла.

—      А яй-яй, няўжо?

—      Ну, куды пойдзем? — запытала Зося.

— Вядома, што да Ліня,— адказала Гэля.

Пабраўшыся за рукі і ссунуўшы касынкі на плечы, яны з ціхім напевам пусціліся ўздоўж вуліцы, проста да рынку.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72