Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Калі Рыгор памыўся, адзеўся, крыху перакусіў і выйшаў з хаты, каб пайсці к Сёмку, то яму прыйшлося толькі прайсці сенцы ды пераступіць адною нагою сенішні парог.
Сёмка, зрання сядзеўшы і нудзіўшыся ў дому, таксама задумаў перабегчы да Рыгора, каб удваіх з ім аб сім, аб тым пагутарыць, а потым пайсці дзе-небудзь гадзіну-другую пагуляць.
Стрэціўшыся якраз на парозе, яны абодва на момант замяліся: ніводзін не ведаў, што сказаць. Але гэта зараз прайшло, і Сёмка першы, зарагатаўшы, праказаў:
— Вось дык стрэча!
— Але. Я направіўся якраз да цябе.
— Ну?
— Сапраўды.
— А я таксама: давай, думаю, праведаю яго, можа, ці жыве ён... пасля ўчарашняга дажджу. Здорава, усёткі, нахвастаў ён цябе ўчора.
Рыгор ухмыльнуўся.
— Можна было на гліну раскіснуць.
— Не болей, як вас.
— Чаму ты так думаеш?
— Ды проста... Я бачыў, як вы сцігалі вуліцаю...
— Не можа быць?
— Сапраўды.
— А дзе ж ты быў? — здзівіўся Сёмка.
— Ого! не скажу! — пацвіліўся Рыгор.
— Чаму? Не можна?
— Я вяртаўся дамоў і прыпыніўся крыху пад капяжом свае хаты, каб палюбавацца навальніцаю. Стаю і думаю: якаво гэта з імі. Нябось, дзе-кольвек і іх засцігне дождж. Аж раптам чую твой голас. Перш думаў пазваць, а потым рашыў: *хай бягуць».
— А... Праўда... Апаласкаў крыху...
— Здаровы дождж, спаць было смачна.
— Ну! А я доўга не мог заснуць. Што ж мы стаімо так? — перамяніў гутарку Рыгор.— Мо ў хату ўвойдзем? — запрапанаваў ён, усю пору стоячы адной нагою ў сенцах, а другой на ганку і трымаючыся рукою за клямку дзвярэй.
— Па-мойму — не варта: я дасюль у хаце сядзеў,— не згаджаўся Сёмка,— лепей пяройдзем да Волькі: там павінны быць Гэля, а мо і Пятрусь. Маеш ахвоту?
— Ці ёмка туды ісці: мо бацькі не ўзлюбяць, занятыя чым...
— Нічога, нічога; яе бацькі дужа добрыя і прыветныя людзі... яны любяць, калі хто прыходзіць к ім. Ярмалай, бач, Вольчын бацька, як пачне табе баяць усякія байкі ды спавяданні казаць, дык ты і вушы развесіш. А Юстына, брат, толькі смяецца ды ліслівенька ў вочы паглядае, быццам мые цябе сваім узрокам... Слухай, пяройдзем, тады забачыш, што праўду кажу... Ты мо сумляваешся, што Свістуны...— угаварваў далей Сёмка Рыгора.
— Не ведаю. Неяк ніякавата... Як падумаю аб бывалішнім, калі заўсёды Ярмалай сцябаў мяне пугаю, злавіўшы ці ў гародзе, ці з канём, дык і цяпер валасы дыбам становяцца.
— Яшчэ чаго не ставала. Прыпамінаць уздумаў. Хіба і цяпер ты думаеш у гарод залезці, а потым ужо ісці ў хату... Ідзем, ідзем.— I Сёмка хапіў Рыгора за руку і сцягнуў з парога, а сам усчыніў дзверы.
— А ты зашчапі або прысунь,— сказаў ён Рыгору, засмяяўшыся.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72