Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Рыгор паслушна прасунуў руку ў акенца, дастаў у сенцах закрутку і спусціў яе з падчэпленае нітачкі, потым папрабаваў за клямку, стукнуўшы каленам у дзверы, і, праканаўшыся, што яны туга запёрты, сышоў з ганачка. За ім услед саскочыў і Сёмка.
— Я б, ведаеш, хацеў наладзіць хоць адзін сход нашай арганізацыі, калі яна яшчэ трымаецца,— падаў думку Рыгор.
— А гэта было б не дрэнна... Перад тваім прыездам мы рабілі маёўку ў хвойніку. Было чалавек дваццаць нашае і яўрэйскае моладзі... Ты б расказаў нам пра Рыгу штокольвечы. Гэта трэба перадаць Петрусю, ён зробіць.
— Я сам з ім пагавару на гэту тэму.
— I то рацыя...
— Пра ўсё парадзімся ўтраіх. Добра? А цяпер ідзем да Свістуноў...— Ідэя!
Яны пайшлі ўсцяж вуліцы да Волькі Ярмалаішкі.
Хата Ярмалая Свістуна стаяла па тым самым баку вуліцы, што і Рыгорава, так мо прымерна хат на восем далей, наўскасяк Прыдатных. У Ярмалаевым дварэ быў маленькі гародчык, у якім Юстына кожны год рабіла тры градкі і сеяла на іх шчаўе. Між плота, у дкух вуглах гародчыку, раслі дзве кудравыя ігрушкі-дзічкі, а пасярэдзіне некалькі штук вярбін; яшчэ ў ім былі кусты вяргінь і мяты. Хата мела ў сабе пяць вокан: тры на двор, а два на вуліцу; усе гэтыя вокны былі пахварбаваны ў ружова-белую мулю і парэзаны рамкамі на пяць шыб. За хатаю ішлі сенцы, потым камора, а далей некалькі хлявоў для двух коней і трох кароў. 3 самага ж краю быў прыбудованы невялічкі сметнічак, на гоны ад якога, у канцы пляца, стаяў новы пекны свіронак. Адным словам, будоўля Свістуна ні на чуткі не рознілася ад будоўляў усіх сілцоўскіх гаспадароў-се-раднякоў.
Ідучы да Свістуноў, трэ было мінуць хату Прыдатных, і вось, калі Сёмка з Рыгорам параўняліся з ёю, дык абодва наіскось паглядзелі ў яе вокны; але ні той, ні другі нічога там не ўбачылі і маўчліва направіліся к Вольцы.
Нечаканы іх прыход здзівіў Вольку, а таксама і зарадаваў: яна весела адскочыла ад акна і апавясціла Гэлю, якая ўжо гадзін са дзве гуляла ў яе; за Гэляю яна сказала і бацькам.
— Ну, дык што ж. Міласці просім! — праказала Юстына, пачуўшы бразг дзвярмі.
Яна сядзела ў запечку ў чорным кабаце, без хусткі і Ў брудным палапленым фартусе.
— Хаця хату ім адчыню,— дабавіла яна і, як белка, рухава і рэзва, знялася з месца і падбегла к дзвярам.
Ярмалай жа, як ляжаў на палку, палажыўшы абутыя ў боты ногі на прымурак, так і не паварухнуўся. На ём была апранута старая пярэсценькая камізэлька, з-пад каторай выходзіў вялікі каўнер белае, старасвецкае кашулі; на галаве доўгія валасы яго былі змазаны салам, бо добра зіхацелі, і прычэсаны акуратненькім прадзельцам. Твар Ярмалая паходзіў на твар біблейскіх людзей: мерны, зарошчаны шырокімі бакамі і доўгаю барадою; сінія, мяккія вочы, буйны, прадаўгаваты нос. У губах ён трымаў люльку і бессціхання цмокаў ёю. Ляжаў незварушана, нібы толькі напалавіну жывы, быццам упіўшыся тутунным хмелем.
Калі Сёмка з Рыгорам увайшлі ў хату і ў хаце падняўся гоман, смех і жарты, тады і Ярмалай час ад часу даваў аб сабе знаць, што ён не спіць, а ўсё чуе і бачыць; а знак аб сабе ён даваў тым, што пасмейваўся і калінікалі ўтыкаў у гутарку свае словы.
— А я думаў, што дзядзька ўжо сабраўся спаць,— пасля некаторага змоўку праказаў Сёмка, падышоўшы к Ярмалаю.
— А што ж, браток, мая справа такоўская: свята — спачывай, будні — працуй. Была пара, вандзігаў і я так, ого-о!
— А чаму б не выйсці куды пагуляць?
— Ды я думаў таксама, толькі, куды ісці. Пагода няважная, на вуліцы гразка, а на места — лянуюся, прызнацца; к суседзям жа не маю хэнці.
— Ну, а заўтра дзядзька думае рабіць што, ці яшчэ свята? — запытаў Рыгор.
— Ды яно, як бы табе сказаць... ні то свята, ні то будні... пэўней, што свята. Градавая серада, з даўных святкуем, чаму ж і цяпер не святкаваць... Папрабую, пашлю Вольку ў Паплавы, хай назбірае там воз — другі камення; а болей — нічога. Коням авёс пакуль што ёсць — няхай жуюць на здароўе,— паведаў Ярмалай і зацягнуўся: з губ вылецела доўгая стужка густога дыму, які цэлаю хмараю разаслаўся пад столлю.
— Я гаксама думаю гуляць.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72