Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

— Вядома, ды і ўсе будуць святкаваць...
Пакуль Сёмка гутарыў з Ярмалаем, Рыгор спакойна, нібы баючыся ці саромеючыся, падышоў к сталу і ўкрадкі, непрыкметна пазіраючы на Юстыну, якая тое і рабіла, што толькі ківала галавою, пераносячы вочы з Сёмкі на Рыгора, а з Рыгора на Сёмку, прысеў разам з Волькаю насупроць Гэлі, якая стаяла, абапёршыся рукою на стол.
— Вось яны там няхай аб сваіх справах балакаюць, вядома, як гаспадары, а тут мы, давай, аб свае,— абярнулася Волька к Рыгору.
— Вядома. На свае справы і мы будзем гаспадарамі.— адказаў Рыгор,
— Ну, дык я пачынаю: як вы хаця заблудзілі сюды? ..
— Я і сам не прыдумаю. Гэта, бач, усе Семка састроіў: стрэў мяне на вуліцы і так прыстаў, што я мусіў паслухаць — ісці за ім. Такім манерам і прыйшлі.
— Ну, Сёмка на гэта мэт,— ціха праказала Волька і азірнулася на мацеру.
— I дзякуй яму,— праказала Гэля, пачуўшы, аб чым Волька кажа.
— Гэта на шкоду нс пойдзе,— умяшаўся і Рыгор. I прагавораныя  ім  словы  рассмяшылі  абедзвюх
дзяўчат. Найболей смяялася Волька, хоць не адставала ад яе і Гэля. Рыгор глядзеў на іх і таксама ўхмыляўся.
Юстына стаяла ў тыльным акне і раз-поразу кідала ўзрокам на вуліцу.
— А бачце, бачце! — раптам загукала Юстына, перабіваючы і гутарку Ярмалая з Сёмкам, і смех Рыгора з дзяўчатамі.— Ці не ў сваты толькі вунь ідзе Васіль Бераг з сваім дзядзькам і з Янкам Грыбам.
Усе замоўклі і, хто як сядзеў ці стаяў, разам пакідалі свае месцы і пазбегліся к вокнам. Рыгор, Гэля і Волька згрудзіліся ў вулічным покутным акне. Юстына ж з дзецьмі і Сёмка ўлезлі ў тыльнае. Нават падняўся на палку і Ярмалай і, хоць не злез з яго, але стараўся ўгледзець у верхнія шыбы, стаўшы на каленьках.
А ў гэты час Хлор, Васіль і Янка ўжо былі якраз ля Прыдатных, і Янка, ідучы з правага боку, першы захіліў у двор. Іх праводзілі вачыма чуць не з кожнае хаты, між якую яны праходзілі, а таксама і стрэчна ішоўшыя па вуліцы жанкі і мужчыны.
— Вось і на нашай вуліцы будзе вяселле. Гатоўся, Ганна! — казала адна кабета другой, сустрэўшыся і спыніўшыся якраз перад вокнамі Ярмалаевай хаты.
— Мне, як мне,— адказвала другая,— а табе-то напэўная бяседа склеіцца.
— А глядзі, які дасціпны гэты Хлорык,— цягнула далой гутарку першая, зусім не патураючы, што іх слухаюць каля дзееяці чалавек з акон тае хаты, ля якой яны стаяць,— гэта дык Хлорык! Гэта дык ён! Гэта ж, бач, ушчуў, што прыехаў Стэпін сын у госці, дык барджэй напяроймы. I што ж ты думаеш, Ганулька, гатоў адбіць Мікалаішку за свайго Васіля... А мне здаецца, па праўдзе кажучы, гэты самы яго нябог, Васіль — хоць ужо ён мне і прыходзіцца нейкім сваяком — і нагі не варт Стэпінага сына: той, галубачка мая, хлопец — толькі пацешыцца ды палюбавацца ім, а гэта — салоха, нягеглец... Будзь бы на мяне, я б ніколі сваёй дачкі не выдала б за гэткага, як Бераг, нягледзячы, што ён багаты ды знатны...
Юстына зацікавілася іх перасудамі і гатова была сама адчыніць акно і памагчы ім, але гэтаму перашкодзіў Сёмка, які раптам адвярнуўся ад акна, выйшаў на хату і з пагардай праказаў:
— Цьфу! Згінь, прападзі! Дурная будзе Зося, калі папруцінаю не выпрэ з хаты ўсю тройцу...
Усе зірнулі на Сёмку.
— Пакінь брахаць. Каго ж лепшага яна можа чакаць! — стрымала яго Юстына.
Дзяўчаты ўкрадкаю пераглянуліся.
Ім няёмка стала за Рыгора, які, аднак, мала патураў таму, што бачыў. I сваты, і гутарка жанок за вокнамі хаты, і тая цікавасць, якая захапіла Вольку ды Гэлю, здаваліся яму зусім звычайным, добра яму вядомым з'явішчам. Гэтага і трэба было чакаць, бо гутаркі, што і да яго даходзілі, будаваліся не на пустым паветры.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72