Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

— Ды яно ж то так, вядома, толькі...
— Нічога, нічога...
— Ну, та годзі аб сім... Дай толькі, сваце, іх звязаць разам, тады само жыццё іх усцягне на дарогу... Я думаю, што з кожным з нас так траплялася ў тыя часы, калі мы былі яшчэ хлопцамі: хто з нас не хванабэрыўся, хто не капрызіўся. Бач, помніцца мне, як я сам, бывала,— не падыходзь ка мне... Толькі, сваце, тое, што Васіль зусім ужо іншы чалавек, дык, здаецца, чаму б яго злаваць. Будзь да яго добрай Зося — дык наколькі яшчэ ён палепшае-а-а! Мяккасць заўсёды мяккасцю дастаецца... А то, я бачу, ён хіліцца да яе, а яна і не дбае.
Мікола паважаў свата як разумнага і хітрага чалавека і да яго рэчы прыслухваўся, як не трэба шчырэй. А словы Хлора лісцілі яго, казлыталі пачуццё, і Мікола наперабой пераказваў: «згодзен, зго-о-о-дзен», а каб Хлор болей верыў, абымаў яго і цалаваў. Марта стаяла паміж імі, злажыўшы рукі на грудзях, і ўмільна давала волю задаволенай ухмылцы на паружавеўшых шчоках. За кожным спадабальным ёй словам яна смяялася і азіралася на дачку, якая ціхенька, непрыкметна стаяла ў мыцельніку, прыдаўленая адваротным торгам.
Усе быццам і забыліся, што яны вылезлі з-за стала, каб ісці дадому; гутарка абяцала не мець канца. Каб не певень, прагукаўшы за акном, у якое раптам павярнуліся ўсе, дык яшчэ б ішлі рады, але Янка, абярнуўшыся к усім, праказаў:
— Вой, ужо ж раніца. «Едзьма, сваткі, дадому-у»... Хлор кінуўся Міколу на шыю, расцалаваўся з Ім,
потым паўтарыў гэта з Мартаю і, хапіўшы Янку пад руку, зацягнулі ўдваіх п'янымі галасамі песню і выйшлі з хаты.
Уся сям'я Прыдатных правяла іх на вуліцу... Васіль спыніўся, каб прайсці з Зосяю, але Зося, як стаяла ў хаце, дык і не кранулася з месца.
— Зося, ну дык чаму ты так ганорна? — закінуў Васіль.
— Я? — нічога...— суха, упаўголаса адказала яна.
— Дык за што ж ты злуеш на мяне?
— Прашу цябе, Васіль, не раздражняй мяне...
— Нават так? — жахнуўся Васіль. Зося не адказала.
— Васіль, га-а, Васіль! — выйшаўшы на вуліцу, у адзін голас прагукалі Янка з Хлорам.— Што ж ты, брат, ашукваеш нас? Зосі шкад... баішся пакідаць. Нічога. не ўцячэ.
Васіль, пачуўшы вокліч, павярнуўся да выйсця.
— Дабранач, Зося! — праказаў ён і намерыўся заглянуць Зосі ў твар, але тая ёмка адвярнулася, і Васіль абмежаваўся адным поціскам рукі. У гэты час бацькі вярнуліся ў хату.
— А дзе ж Зося? — запытаў Мікола, пераступіўшы парог і не заўважыўшы яе.
— А чаму? — перапытала Марта.
— Так, ці не пайшла часам з Васілём?
— Э, не; яна ў сенцах, мабыць.
— Ах, на яе цураха, і што яна бочыцца ўсё. Гэта ж узяла і толькі брыдкасці нарабіла, так абышоўшыся з імі. Скажуць: навучылі.
— Ды пакінь, гэтага не скажуць... Дурная яшчэ, я табе скажу. Унь ушалопала сабе нейкага там Нязвычніка. Прогліца яго якраз прыгнала з горада...
Мікола паматаў галавою і задумаўся. Марта паглядзела на яго і прамовіла:
— Чаго думаеш!
Мікола раптам сышоў з месца.
— Э, нічога... Давай лажыцца спаць, заўтра абсудзім на свежую голаў.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72