Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Паведамленне Іцкі падняло настрой сабраных, і калі Рыгор пачаў рабіць інфармацыю, яго слухалі з напружанай увагай. «Рыга, таварышы,— казаў ён,— з'яўляецца вялікім рабочым асяродкам і буйным рэвалюцыйным цэнтрам. I тыя здарэнні, што наспяваюць у гушчы рыжскіх рабочых, мецьмуць агромністае, усерасійскае значэнне. А гэтыя здарэнні не звычайныя, тым болей, што яны адчыняюць новую паласу ў развіцці рэвалюцыйнага руху. Пасля некаторага перапынку, звязанага з развоем рэакцыі, рабочы клас вяртаецца да новых боек, каторыя будуць рашаючымі. Я выязджаў з Рыгі, калі ішла спешная падгатоўка да забастоўкі на машынабудаўнічым заводзе... Рад буйных пякарняў ужо баставалі... Адбывалася бурнае хваляванне грузчыкаў... I майце на ўвазе, таварышы, адно цікавейшае з'явішча, што ўсімі памянёнымі выступленнямі кіруюць сацыял-дэмакраты. Нанесеныя правіцельствам раны ўжо зажываюцца, і рэвалюцыйна-сацыялістычны рух у Рызе набывае новага развою. Можаце судзіць аб яго росце хоць бы па аднаму таму, што наш завод налічае ў сацыял-дэмакратычнай арганізацыі да сотні чалавек... Так што будзьце ўпэўнены, наперадзе ў вас знаходзіцца магутны атрад перадавых рабочых... Часы рэакцыі мінаюць, і над краінаю збіраецца новая рэвалюцыйная граза... Вось чаму і ў вашых умовах трэба напружыць усе сілы да арганізацыі як местачковых рабочых, гэтак і сялянства... Горад чакае падмогі ад вёскі, рабочыя — ад сялян. Няхай жыве рэвалюцыя!»
Рыгоравы словы сход правёў ціхімі, але баявымі воплескамі. Гэта маніфестацыя рэвалюцыйнага пачуцця напалохала Іцкавых бацькоў, якія разам апынуліся пры дзвярах і пагражальна застукалі кулакамі.
Іцка выбег з пакоя і вярнуўся з угаворам сядзець цішэй, бо ўжо бацька заняты з вучнямі. Дзеці настарожліва слухаюць, што робіцца за сценкаю, і адцягаюцца ад вучэння.
У пакоі заўважна пацішэла, і запытанні да Рыгора пераказваліся паўшэптам. Як і трэба было чакаць, яго інфармацыя гостра зацікавіла сабраных на сход, і Рыгору многа прыйшлося гаварыць, каб задаволіць зацікаўленых рыжскімі падзеямі з рабочага жыцця. Рыга вырасла ў выабражэнні маладых сілцоўцаў у завіднае і прывабнае месца, куды паляцелі іх жаданні і думкі. Усе не маглі захаваць у сябе вырасшай завіды Рыгору, які дайшоў да таго, каб стаць прадстаўніком вялікага рабочага калектыву, каб зрабіцца трубкаю магутнае машыны... Ведаўшыя яго да паездкі ў Рыгу, як Пятрусь, Сёмка ды іншыя, дзівіліея таму росту Рыгоравай палітычнай свядомасці, што яму надаў горад. Скрозь роздумаў над ідучымі падзеямі не адзін з прысутных кранаў планаў перабрання з Сілцоў у той ці ішпы прамысловы цэнтр. Многія прасілі Рыгора парадзіць ім у гэтым.
Уражанні ад пачутага з Рыгоравай інфармацыі занялі шмат часу, і бягучыя пытанні захапіла адзінаццатая гадзіна. Але позні час не палохаў ніводнага ўдзельніка сходу. Іх цікавасць не аслабла да канца абгавору пастаўленых на павестку пытанняў. Вадай, іх выплыла б і яшчэ, каб можна было бескантрольна распараджацца памяшканнем. Ды гэтаму памяшалі Іцкавы бацькі, якія папрасілі сына выправіць гасцей.
Сход разышоўся не разам, а парамі і тройкамі, Рыгор пакінуў Калесаву хату разам з Сёмкам ды Петрусём.
Праведзены сход пакінуў на ім выразны адбітак задавальнення. Ён не спадзяваўся, едучы ў Сілцы, што ў мястэчку захаваліся ажно дагэтуль падобныя напатканым рэвалюцыйныя работнікі. Часы чорнае рэакцыі, балюча адбітыя на становішчы даволі моцнай раней Сілцоўскае арганізацыі, усё ж канчаткова не зліквідавалі сацыялістычнага руху сярод сілцоўскай моладзі. I калі арганізацыйная сувязь цярпела ад недасканалай наладжанасці, то якасны ўзровень уцалеўшых работнікаў шчасліва абмінуў і паліцэйскія рэпрэсіі і ўплыў літаратурнага дэкадансу, страціўшы вялікую колькасць меней устойлівых сяброў арганізацыі. Паведамленне, зробленае Іцкам Калесам, пра надыходзячую забастоўку гарбароў асабліва моцна кранула Рыгора. Яму выразна прадставілася грандыёзная карціна ырокаразгорнутага наступу рабочых на ўмацаванні зусім не забяспечанага на вечнае панаванне самадзяржаўя. Наяўнасць сацыялістычнага руху і рабочых выступленняў у Сілцах і, чаго дзіўней, у вёсках, як выявілася на сходзе, была знамянацельнай. Мястэчка ў яго набывала іншых адносін, якія маглі затрымаць часта ўспыхваўшыя ў Рыгора жаданні як найхутчэй з ім растацца... Увогуле Рыгорам апанаваў бадзёры, ваяўнічы настрой, у якім патанулі нядаўна хваляваўшыя яго пытанні.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72