Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Так мінула паўдня, і калі падышоў абед, яна звярнулася да мацеры:
— Дайце мне чаго з'есці.
Марта была не ў сабе і маўчліва падала ёй вынутай з печы цёплай стравы, Запахла смачным, прыемным пахам. Зося ляніва прысела за стол і пачала есці...
А ў гэты час Марта незмігутна сачыла за дачкою, нырпалючыся па запечку. Да яе напрошвалася пытанне, ці здарова хаця яе Зоська, і засявала пужлівыя гадкі. Але, помеж з гэтым, не тухла ў ёй і ўпартасць правучыць дачку. «Хай жа сабе пакапрызіцца, паўпіраецца троха... Няпраўда, здаволіцца, надаесць... А пасля... пасля такою мяккаю зробіцца, што пагнеш ва ўсе бакі... I чаго, бок, дурніца, ушалопала сабе ліха ведае што? Не, гэта, бач, адна ўпартасць тая нямерная... Вось, што значыць, калі чалавек мала адукацыі жыццёвай мае. А-яй-яй, як я падумаю сабе, які цяпер свет стаў цырымонны! Гэта ж... Не, нельга змірыцца!» — судзіла сама з сабою Марта, скоса пазіраючы на дачку.
Гэта самае Марта некалькі раз пераказвала і Міколу, седзячы за снеданнем; пераказвала і другой дачцэ, Тэклечцы, якая ішла ў яе...
Пераказвала дзяўчынцы з вялікай ахвотай, бо бачыла, што тая пільна яе, маці, слухае.
Праз Тэклю Марта перадала Зосі вяленне ехаць зябліць папар. Але гэта не прынялося Зосяю за крыўду, Наадварот, выезд у поле даваў ёй магчымасць развеяць надазойлівыя думкі і цяжкае адчуванне.
Яна скончыла абед і выйшла ў двор. У дварэ, за плотам гарода, стаяў новы панарад, на якім ужо быў паложаны плуг. Зося адцягла панарад на сярэдзіну двара і пайшла за канём. Праз некалькі хвілін яна пакінула хату.Зося на полі прабыла чуць не да самага цёмнага: не то, каб у яе было столькі работы (яна мела пазябліць двое-трое ганоў папару), але ёй захацелася правясці чымсь найболей часу адной. Работу яна скончыла ў тры-чатыры гадзіны, а ўвесь апошні час праляжала на паплаўку, выпрагшы каня з плуга і пусціўшы яго пасвіцца. Цёпленькі дробны дожджык ні каліва не мяшаў ёй ляжаць у тонкай картуновай кашульцы пад пакрытым дзяругаю нарадам. Зося ляжала і, паглядаючы на неба, цешылася прабегваючымі па ім хмаркамі, любавалася раптам выбліснуўшаю вясёлкаю.
Нежадана для самое сябе пракралася смелая думка: «А што б, каб гэтаД нагадаў. ўяяцьлш ўцячы ад бацькоў і паехаць з Рыгорам у горад?». — За гэтай думкай перад ёю паўстала здань невядомага ёй агромністага горада з вычварнымі вобразамі яго будынкаў, пляцоў, фабрычных каміноў. Забегалі тысячы нябачаных ніколі людзей, машын. Ад горада думка лёгка перакінулася да Рыгора: паняслася перш у хвойнік, к таму месцу, дзе яны былі з ім; адтуль памчалася ў яго хату; потым вярнулася ізноў на поле, к ёй, нічога не найшоўшы і нічога не сказаўшы, толькі пасеяўшы ў яе нутры гарачыя, нестрыманыя жаданні як-кольвек яшчэ раз угледзецца з ім і доўга-доўга гаманіць. Але толькі Зося абмалявала ў сваім уражанні ўсю прыемнасць стрэчы, як перад яе вачыма раптоўна вырасла ў нешта дзікае і адваротнае ўчарайшае здарэнне са сватамі. Васіль, Хлор, Янка. Сярдзіты і няўпрошаны бацька, радасная, неўгамонная маці і вясёлая бесклапотная Тэкля... Сваты, гарэлка, гутарка — торжышча перад яе вачыма за яе істоту, зусім няпрошаныя ёю жычэнні шчасця і долі... а далей... ой, далей — намаганні Хлора да пацалункаў, выгавар ёй і бацькам за адмаўленне ёю гэтага, надаедлівае прыставанне Васіля... Нарэшце, удары аб рукі, умаўленні на лад і намёкі пра згоду выпхнуць яе з хаты, звязаўшы яе долю з агіднымі Берагамі... Усё гэта, сплыўшыся ў адну пляму, зацягнула яе небасхіл ды пачало прыціскаць яе к зямлі. Зосі зрабілася млосна, нецярпліва. I Рыгор выяўляўся зусім інакшым ад таго, якім яна яго стрэціла анэгды. «Можа, ён і гаварыць ужо не захоча са мною, можа, і не гляне на мяне... Можа, і не паверыць, што я зусім невіноўна... О, траха што не павера!»
I Зося стуліла голаў, заплюшчыла вочы, заткнула вушы і доўга-доўга так ляжала. Толькі лёскат калёс праязджаючага па сценцы чалавека заставіў яе падняцца і агледзецца.
Ужо змяркала і пара было збірацца дахаты. Яна злавіла каня і спешна запрагла, але ехаць — ехала павольна, мяркуючы быць дома поцемкам. «Сёння я на вуліцу не выйду»,— рашыла яна дарогаю. Так і зрабіла.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72