Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

— А я скажу па праўдзе: з такімі людзьмі, як Прыдатныя, заўсёды можна ладзіць. Я ніколі не думаў, каб яны абое, як Мікалай, так і Марта, былі гэткімі простымі, адкрытымі і разумнымі людзьмі. А то ж яно так. Пацеха — і годзі! Толкам растлумачаць табе кожнае слова — растаеш перад імі. Галубка, ах, Тадоська, маючы гэткіх сватоў, няма чаго казаць, што не па сваёй столцы мы папалі. Мне, дурному, здаецца, што Прыдатныя на ўсім мястэчку толькі нас адных і паважаюць, толькі і лічаць нас адных за людзей. Вось ведай, Тадося, і яны за ўсё ў нашых вачах павінны быць паважанымі. Такія ўжо ўмовы — фундамент да харошых спраў. А, Хлорка!.. а, Васілька! на цыпачках ходзяць перад табою. На што Янка чужы, а і да Янкі — пёрайкам. Я спярша, калі ішоў, думаў: а вось — неўспадзеўкі мы ўрынемся ў хату, а яны і не чакалі нас. Ажно зусім іначай...
Хлор сплюнуў і пагладзіў бараду.
— Паверыш, з самага ранку былі нагатове: усё было прыбрана, прыпасена. А прыйшлі — ага-а, сваточкі, ага-а, даражээнькія. А дзе ж вашы жаначкі-і... А дзе ж Тадося, а дзе Алеся...— «Прыйдуць, кажам, пасля». I думаю я: а трэба было, надзіва, і вас пазваць.
— Ды няхай, убачым на гэты раз,— перабіла Тадося, стаючы перад Хлорам у ліслівай смірэннай позе.
— Не кажы, трэба было... Але хто ж тое мог ведаць ці думаць нават, што так выйдзе. Выйшла ж як лепш не трэба, і, галоўнае, зусім неспадзявана ўсё.— Табе, брат Васіль,— павярнуўся Хлор к нябогу, які сядзеў на ўслоне, між мацераю і дзядзькам, падапёршы спіною стол,— табе, кажу, Васілька, трэба паставіць Нязвычнаму Рыгору кварту гарэлкі. А ведаеш чаму?
— Чаму? — задаволена ўхмыльнуўся Васіль.
— А таму: каб ён не прыехаў у госці, дык ты б быў нядбайным і яшчэ не падумаў бы жаніцца... А тут, як лепш не трэба — ён цябе сам на гэту думку папхнуў. Вось цяпер толькі і ведай, што гатоўся да ладу ды да вяселля... Няпраўда мо?
— Праўда, праўда,— у адзін голас праказалі і Васіль і Тадося.
— То-та ж... А Міколе Прыдатнаму, я і ўперад думаў, што не трэба адказвацца. Так ён і зразумеў. Ой, ой! Ды хто ж не можа таго зразумець? У жыцці ўжо прыпасен такоўскі закон, па якому яно кіруе думкамі людскімі, а думка думку нойдзе.
Гэтак гутарыў Хлор, прыйшоўшы к сваёй братавай назаўтра пасля сватоў. Гутарыў ды задаволена пасміхаўся, пазіраючы то на Тадосю, то на Васіля, якія самі пад сабою ног не чулі ад гутаркі «ўдачнага» дзядзькі.
— Але, але, Хлорык дарагі,— казала Тадося, калі крыху прытаміўся Хлор і змоўчаў, каб выкурыць цыгарку,— я ж кажу,— як я рада, як я рада ўсяму гэтаму! Хоць яно і прыйшло зусім неўспадзеўкі, нягадана, нядумана, толькі, дзякуй табе, Хлорка, што так павярнулася. Ведаеш, даражэнькі, учора я не магла як дачакацца Васількі. А калі ён прыйшоў і расказаў, чым кончыліся сваты, мяне азіяла нейкая нябесная сіла, і я ўся нібы на дваццаць гадоў памаладзела: ад радасці не магла заснуць, а сёшгі, зірні на мяне, і спаць не хочу. А яй, ай! А і маладзец мой сынок, Васілька.
— Яшчэ, бок, не маладзец! — праказаў Васіль, крыху прысароміўшыся перад дзядзькам.
— А чаму ж? Чаму не? Вось цудны! Табе смешна а маіх слоў. Эх, эх, сынок, ты яшчэ не ведаеш таго пачуцця, якое ахоплівае мацеру ў той час, калі яна занята лёсам свайго дзіцяці. Не ведаеш — затым і смяешся, цудненькі.
— А ты? Ты ж таксама дзіўная кабета! Ці ж плакаць яму ад тваіх слоў! Па-мойму, Васіль добра і робіць, што смяецца; на тое ён вясёл і задаволен. Вось нам ужо з табою, Тадося, прыходзіцца меней смяяцца, бо мы ўжо ўвесь смех свой высмеялі. Праўда? А ён — ён толькі ў тых гадах, каб смяяцца. Яго чарка поўная віном, дык чаму ж не піць, чаму не п'яніцца ёю!
Хлор узняўся з лавы, перайшоў два разы хату, потым паглядзеў у акно ды зноў усеўся на сваім месцы.
— Ну, то ўсё добра, што добра. Адно адным, а цяпер давай пяройдзем да другога. Як бачыш, Тадоська, справа навертваецца — давай жа парадзіцца сённі аб пасагу; гэта такоўская рэч, што адкладаць не гадзіцца... Я, ведаеш, думаў і ўчора намякнуць, а далей, сабе думаю, не: трэба парадзіцца з Тадосяю. За ноч надумаўся і прыйшоў да вас. Ну, што ж вы скажаце мне на гэта?
Запытанне Хлора крыху мэрам смуціла як Тадосю, так і Васіля; апошні нават задумаўся і прайшоўся па хаце.
— А давайце, дзядзька, папрабуем Язвішча папрасіць, ды к гэтаму яшчэ з сотню грашмі. Не будзе многа,— праказаў Васіль, прыпыніўшыся тупаць па хаце.
— Што ты, што ты, Васіль! Дык гэта ж усё роўна, што нічога не прасіць. Што там Язвішча! Колькі яго? Гэць! Адно заікніся з гэтым — Мікола сам асмяе цябе, не то, што ўсе мяшчане. Мікола з гэткім пасагам гатоў аддаць Зосю за самага беднага хлопца. Ласне гэта пасаг? Кожны скажа: вось табе і Бераг. За жонкаю атрымаў пасагу ўсяго кусочак поля. Калі ў той самы час Саўка Швец за Гальяшоваю Васяю ўзяў цэлых пяць дзесяцін. А падумай, што ён варт. Хлеба аднаму яму не хапала з яго заработку. А цяпер глядзі — не падступішся к яму: гаспадар. Дык вось, калі гэткія бяруць такоўскі пасаг — то што казаць аб нас? Па-мойму — давай Мікола чвэрць пахатнае.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72