Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Паведамленне, пачутае з вуснаў Петруся, ашаламіла Рыгора сваёю нечаканасцю. Ён раптам паддаўся ваяўнічаму настрою.
— Глядзеце вы! Я гэтага не спадзяваўся. Цікава! Бурліць!..
— А ты думаў, вёска заснула? Ці мы тут кінулі працу?
— Малайцы, хлопцы!
— Бачыш!
Пятрусь з Сёмкаю весела ўхмыльнуліся. Да іх данёсся ляскат вартаўнічае брашчоткі. Хлопцы сцішылі гутарку.
Хутка яны разышліся па хатах...
I Рыгор, лёгшы спаць, доўга не мог заснуць, захоплены бурлівым пачуццём радасці з прычыны катлоўскіх здарэнняў.
Назаўтра дзень выдаўся ясньга, пагодным.
Рыгор а дзесятай гадзіне раніцы, з кніжкаю і палкаю ў руках пакінуў хату і пайшоў у лес. Маці запытала.
— Не астануся начаваць,— адказаў Рыгор.
— Та ты ж прагаладаешся, сынок.
— Не клапацецеся, маці; захачу есці — прыйду.
— А калі хлопцы цябе запытаюць, што ім адказаць? — ужо на дварэ дагнала Рыгора маці.
— Скажыце, што я ў хвойніку,— адказаў ён. Як сказаў, так і зрабіў: у лесе Рыгор прабыў да вечара. I калі прыйшоў дамоў, то яму маці расказала наступную гісторыю.
А сёмай гадзіне, хто праходзіў Сівулінскаю вуліцаю, стрэціў вясёлую і п'яную кампанію, якую зложвалі сабою Васіль, Янка, Хлор і Мікола. Абняўшыся па двух, Мікола з Васілём, а Хлор з Янкам, яны распяяліся на ўсю вуліцу і гэтак ішлі з самага рынку. Ішлі — і то паспеўвалі, то ў покрык гутарылі. За імі цэлаю грамадою беглі дзеці, крычучы і жартуючы з п'янымі. 3 п'яных пацвільваліся і старыя жанкі ды мужчыны. Але гэта не смучала як Хлора і Міколу, так і хлопцаў, Янку і Васіля. Наадварот: ім здавалася пад п'яную руку, што яны сёння героі дня, лыцары; і чым далей адыходзілі ад рынку, тым гучней і нахабней гутарылі. «ПІто мне гэты бізунец, гэны галадранец? што мне ён за шышка. Нязвычны гэты?! Плюю я на яго! — драўся на ўсё горла Васіль: — Ён думаў мне падножку зрабіць, а сам пакаціўся... Ха-ха-ха! Вось шчанюк, і куды ён задумаў лезці. Гэ-э-э! Адзень, брат, перш порткі ды прышпілі добра, каб не з'ехалі. Тады будзеш часцей і пабольш купляць у старца нажабраванага хлеба... Ага! Ды дроў не забудзь купіць, каб другі раз маці не крала з маёй пасекі, тады можна будзе і рызыкаваць... А цяпер — ой, яшчэ зялёны зусім. Хі-хі-хі! I лезе, нябось, к Прыдатнаму. Пабачым яшчэ, пабачым... Не-е-э, брат! Не на таго нарваўся, не з тым маеш справу... Вось шчасце тваё, што мы з Янкам не падсцераглі цябе надовечы, а то б добры пачастунак справілі. Ой-о-о! Ды яшчэ пачакай — гэта табе дарам не пройдзе: я паспею адрыгнуцца».
Васіль злосна скрыгітаў зубамі і вымахваў рукою ў паветры. Хлор прытрымліваў нябогаву руку і адцягаў яе ўніз.
— На каго ён так гразіцца? — зацікавіўся адзін з мужчын, стоячы з суседам ля вешніц свайго двара.
— Не ведаю. Нешта, мусібыць, мае к некаму,— адказаў другі.
— Ды гэта ж на Нязвычнага Рыгора,— паведаміў зацікаўленых, ушчуўшы іх гутарку, пілявы хлапчук.
Мужчыны засмяяліся, адвярнуліся ўбок і прыняліся за сваю гутарку.
А Васіль не ўнімаўся:
— Ды не, не! Ты толькі, дзядзька, не лякайся — то ўсё будзе добра,— супакойваў ён Хлора.
— А, не, не, я троха смялей за цябе: я хутка запраўлю яго туды, дзе Макар козы пасе,— адказаў Хлор.
— А і варта, гада, варта. Н-не-э, братан, з намі табе не здабраваць, не!
— Што-о, што гэта... Хто там цябе, зяць, хоча крыўдзіць? — пытаў Мікола.
— Ды вунь з Рыгі прыехаў басяк нейкі... Стэпы Нязвычнай сын...
— А што там за ён? — і Мікола моцна топаў нагою.— Пакажыце хаця мне яго, што там за мацыя. Хто навязваецца мне ў зяці?.. Хэ-хэ-хэ! Няпрошаны зяць. Не, брат! Мая дачка намнога даражэй за гэткіх зяцёў. Не надзейся-а! Мая дачка з сягодняшняга дня не павінна і стрэцца з табою. Прры-ы-ка-а-жу! Не дапушчу-у!
— А і праўда, а і праўда, сваце,— пахвальваў Міколу Хлор.— I не след, каб твая дачка шаландалася з кім-небудзь... Люблю цябе за рашымасць, хвалю за адважнасць. Давай пацалую. I Хлор перадлюдна абвешваўся на шыю Міколе і цалаваў яго ў поўную сытую шчоку. Мікола не аставаўся ў даўгу. Гэта сцэна смяшыла дзяцей, якія налпам крычалі:
— Во, во, дзядзькі, так! Гэтак!


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72