Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Месяц прамінуў, як дзень: азіраючыся назад, Рыгор падводзіў вынікі гэтаму часу свайго адпачынку. Ён памятаў, з якім узнятым настроем варочаўся з заводскае канторы на кватэру з адпускным пасведчаннем. Многа розных думак перабегла ў яго галаве, шмат невыразных чаканняў займала яго праз усю дарогу. Рыгор маляваў сабе мястэчка водлуг ранейшых сваіх уражанняў і перажыванняў.
Здалёк, будучы ў горадзе ў зусім інакшых абставінах, ён заўважаў, як гэтыя абставіны выціскалі з яго ранейшыя настроі і сувязь з местачковымі ўмовамі жыцця, з яго вузкім крлам інтарэсаў, з абмежаванымі магчымасцямі ў справе рэвалюцыйнай чыннасці. Рыга адчыніла перад ім шырокі агромністы небасхіл, увёўшы яго ў блізкае яму рабочае асяроддзе. Ён хутка асвоіўся з новымі абставінамі фабрычнага жыцця, прасякся агульнымі настроямі рабочых гушчаў, адчуў выразную цягу да цеснае злукі, да поўнага зліцця з працоўным калектывам. Грукат машын у заводэе, гудкі на працу і штодзённае наведванне з сотнямі таварышаў буйнога завода, астаўленне яго пасля працы, калі сталёвымі грамадамі рабочых укрываліся вуліцы гарадскіх аколіц — усё гэта ператварала з Рыгора найміта-падзёншчыка, звязанага з мястэчкам, у Рыгора індустрыяльнага рабочага, у адзінку цеснага шчыльнага калектыву працоўнай арміі. Лёгкая ўсвойнасць слясарскае работы таксама спрыяла гэтаму. У Рыгора лёгка адмерлі ўсякія жаданні вярнуцца жыць у мястэчка. Не, ен пра гэта не думаў і не дапускаў сабе гэтага. Але, едучы да мацеры, ён цікавіўся паглядзець, азнаёміцца з Сілцамі, у
якіх прайшло яго дзяцяцтва і юнацтва, з якімі былі звязаны першыя афармленні яго поглядаў і дзе яшчэ аставаліся блізкія таварышы.
Не пакідаў Рыгор думак і пра Зосю, якая першай дзяўчынай зараніла ў яго нутро пачуццё кахання. Праўда, выязджаючы з Сілцоў, ён адчуваў сваю цягу да Зосі куды вастрэй, як то было ў час намеру прыехаць на пабыўку. Але апошнія два гады жыцця ў Рызе пакуль не маглі спаражаваць яго любові да сілцоўскае мяшчанкі-дзедзічкі. Рыгор не хацеў раней аналізаваць прычыны свайго зацягнення Зосяю, не крытыкаваў сваіх да яе адносін. I толькі стрэўшы яе ў першы дзень прыезду ў Сілцы, пачуў, што справа кахання да Зосі не такая непахісная рэч, каб без яе не можна было абысціся. Свой погляд на Зосю ён грунтоўна пракрытыкаваў пасля гутаркі з ёю. I перад Рыгорам ужо Мікала-ішка выглядала іншаю, як уперад. 3 пачуцця любові пачалі вытыркаць вышэйшыя моманты ацэнкі яе, як чалавека... таго чалавека, з якога можна б было атрымаць карысць для рэвалюцыйнага руху, для змагання за вызваленне працоўных.
Той факт, што Зося доўгі час мела ў сабе цягу да таварышкавання з сілцоўскімі дэмакратамі, сведчыў за гэта. Рыгор не мог не верыць Зосінаму жаданню і намерам не паддавацца бацькавай волі, а змагацца з яго мяшчанска-дзедзіцкім уздзеяннем на яе. Ён бачыў Зосіны непрыхільныя адносіны да Берагоў, наглядаў патугі да супраціўлення замахам на яе. Гэтыя Зосіны ўласцівасці расцэньваліся Рыгорам, як магчымасць не папусціць дзяўчыну засмактацца местачковай багнай. Аднак час паказваў іншае. Берагавы сваты казалі за тое, што Зося не мае сілы парваць прыгатаваныя для яе сеткі. Не трэба было і завярэнняў Сёмкі пра Зосіну няўстойлівасць, лішнімі аставаліся і спробы Зосі выбачацца перад Рыгорам. Здарэнні не маглі нават падняць буры ў шклянцы вады. Тым не меней Рыгору хацелася да ад'езду ўбачыцца з Зосяю. Аставаліся лічаныя дні яго пабыўкі, а далей — хто мог запэўніць, што ён мецьме выпадак яшчэ раз наведаць Сілцы? А калі б такі выпадак і здарыўся, то што адбудзецца за гэты прамежак часу з кожным з яго знаёмых, у тым ліку і з Зосяй?
Ідучы ранкам у лес ці выходзячы ў палеткі, Рыгор не расставаўся з жаданнем напаткаць Зосю і пагутарыць з ёю начыстую. Але выпадкі не трапляліся. Яксьці адбывалася так, што Волька і Гэля даволі часта сустракаліся з ім, а Зося... Праўда, яе таварышкі паведамлялі Рыгора, што да Прыдатных амаль не штодня наведвае Васіль. Абы пачало змяркацца, як ён і паўзе з-за гары... I чамусьці Зося годзіцца з яго прыходам, не пакідаючы хаты. Са слоў Волькі можна было заключыць аб неадабрэнні Зосіных паводзін яе таварышкамі. Гэтыя апошнія папікалі яе ў кутнасці, у надмернай пакорлівасці бацькам, нават у абабленасці. Аднак справа ад гэтага не паляпшалася. Зося вачавідкі мянялася ў сваіх настроях.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72