Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Тым часам аставалася ўсяго некалькі дзён да ад'езду. Рыгоравы думкі пераносіліся ў Рыгу. Цікавасць да Сілцоў меншала, хоць ён заўсёды любіў, як найпаўней запамятаваць вобраз тых мясцін, з якімі расставаўся і з якімі не быў пэўным сустрэцца паўторна. Як здарэнні павернуць справу ў адносінах да Сілцоў, нельга было наперад угадаць. Рыгор не браўся заверыць сябе, што больш не ачуецца ў родным мястэчку, але разам з тым у яго не было ўпэўненасці ў тое, што хоць калі ды яшчэ раз яму ўдасца аглядаць яго жывапісныя мясцовасці. У кожным разе будучае мецьме свае настроі і свае адценні пачуццяў, а зараз... Рыгору хацелася выкарыстаць апошнія дні аглядам сілцоўскіх летніх ландшафтаў, любаваннем росквіту зялёнага лета. I ён не спыняў кожнадзённага наведвання хвойніку, прагулак па яго гушчарніку, асалодай яго парным пахучым паветрам. 3 хвойніку ён накіроўваў або ў бок жытніх палеткаў, або ў супроцьлежны бок, дзе галелі рудыя папары, стыкаючыся з гарыстымі сядзібнымі ўчасткамі сялянскіх гародаў.
Вакола Сілцоў за кожным лалеткам, як вартавыя самадзяржаўнага ладу, ляжалі памешчыцкія маёнткі. Яны сціскалі сваімі агромнымі суцэльнымі прасторамі вузкія худыя ніўкі вёсак і ўпарта напіралі на Сілцы. Кожны дзень, у тым ці іншым канцы местачковых палёў адбываліся сутычкі між панскімі паслугачамі і мяшчанамі — земляробамі: там стражнік пераймаў дзяўчат з травою, там аб'ездчьк напатківаў бедняка-сілцоўца з пяццюшасцю арэшынкамі на кашэль ці з веццем на венік і складаў пратакол, там паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладваў штраф за шкоду. Націск цяжкай варожай рукі п'явак паноў адчуваўся даволі моцна. Ва ўгоне за сялянствам, у дробных да яго прыдзірках ляжала помста паноў за добра-памятлівы дзевяцьсот пяты і шосты гады. Напалоханыя ідучай расплатай за векавыя здзекі, паны ў гэтыя гады яскрава адчулі на сабе вачавідкую небяспеку. I калі самадзяржаўю ўдалося супыніць на нейкі час расхвалёванае мора рэвалюцыйнага шторму, пачулі ў сабе моц і паны. I парушаныя, перацятыя на час іх замахі на сялян аднавіліся з новаю сілаю, аснашчаныя зверствамі і здзекамі. Рыгор чуў пра гэта амаль не кожны дзень. Разнастайныя факты роўна сведчылі за абвостранне класавых адносін між памешчыкамі і сялянствам. А падобныя катлоўскім здарэнні казалі за надыход часоў адплаты з боку сялян сваім прыгнятальнікам. Рыгор зацяжна марыў пра той момант, калі ўсе вунь тыя асяродкі панскіх умацаванняў, гнёзды эксплуататараў будуць разбураны паўстаўшымі працаўнікамі. Ён уражаў сабе, як грамады беднякоў з вёсак і з мястэчак пераможнымі калонамі накіруюць ва ўсе канцы і далучаць да супольнае ўласнасці гвалтам прыгорнутыя, аднятыя ад працоўных землі. Ён слаба памятаў 1905 год, але з яго памяці не згладзіліся прыгожыя карціны сельскіх дэманстрацый, якія канчаліся мітынгамі на дваровых дзядзінцах. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Следам Сілцы наведалі паліцэйскія стражнікі. Пачаліся арышты, расправы, экзекуцыі. Але паліцэйскія ўжо былі не ў моцы знішчыць пачуцця класавай варожасці ў сялянскіх гушчах. Яны не маглі астудзіць палкай веры ў немінучасць прыходу новага рэвалюцыйнага ўздыму, які не пакіне пасля сябе каменя на камені з будыніны самадзяржаўна-панскага ладу. Зноў жа Рыгор браў за ілюстрацыю сваім прагнозам катлоўскія здарэнні.
Аднак, думаючы і мяркуючы аб наступных часах класавых боек у вёсцы, Рыгор памятаў адно і ў гэта адно, найважнейшае, верыў,— што вёска сама па сабе нічога не зробіць. Кіруючую ролю ў наступных, як і ў мінуўшых, рэвалюцыйных схватках, мецьме рабочы клас.
I ў выніку сваіх разваг ён напружана імкнуўся назад у Рыгу. Там, у рабочых кварталах, адбываецца бурны рост падгатоўкі да надыходзячых сражэнняў, там, пры свістах і вярчэнні машын гартуецца пралетарская ваяўнічасць.
...Над гэтым жытам, над зялёнай ярыною... залунаюць чырвоныя сцягі...
Кожны дзень, засуцэленым кругабегам, праносіліся перад Рыгорам бліскучыя вобразы створаных ім у думках падзей. Гэтыя падзеі набіралі выразныя формы, напаўняліся багатым зместам бадзёрых настрояў і справодзілі яго дамоў у абдыме яскравай урачыстасці.
Рыгора абудзіў рэзкі бразг металу; ён прыслухаўся — кляпалі касу. Знаёмы, прыемны напеў прыпарнае працы. Касьба? У полі пачынала красаваць жыта — Рыгор любаваўся перакатамі хваль, над якімі, як пырскі, шарым туманам паднімаўся красоўны пылок. На шырокім галу сточаных каласамі ніў бегалі палкія ўзрокі маладога рабочага. Але кляпанне касы?..
Калі Рыгор адзеўся і выйшаў на вуліцу, то пачуў, што бразг даходзіць з-пад Сёмкавай хаты. «Няўжо ён збіраецца так загадзя да касьбы?» — праказаў сабе Рыгор і накіраваўся да таварыша.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72