Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

— Ну, насіць жа на плячах болей вярсты...
— Гм, цудны які? Усё жыццё носім. А хто ж мне прынясе. Вольны час — трэба выкарыстаць, а пачнуцца заработкі — шкада... Ты ж мо яшчэ нашча зусім?
— А яшчэ-такі і не еў...
— Надзіва мне...
Стэпа, як стаяла, так кінула ашматкі патрапанай аборкі і жмах вышмуляных ануч з пляча і панеслася ў хату.
Сухія ломкія ламачыны паваленым плотам ляжалі на камяністым грудку каля парога.
Рыгор памкнуўся даць ім лад, але пачуў з хаты:
— Не чапай, сынок, я сама ўладую. Ідзі пасілкуйся. Гэта не твая справа... Гуляй, бо зараз...
Яна недасказала, і, калі Рыгор увайшоў у хату, то ўгледзеў, што маці выцірала слёзы.
— Ты мо гаварыў з Сёмкам наконт падводы?
— Згаваруся яшчэ, маці... Ды што гаварыць загадзя — паедзе, вядома.
Стэпа злажыла на грудзях рукі і доўга стаяла на адным месцы, пільна гледзячы на сына.
— Падумаю, сынок,— паківала яна галавою,— і, здаецца, што б то было, каб ды ты астаўся дома. Якое было бы шчасце мне... Але, ведаю, што гэтага нельга зрабіць. Суджана, каб мы дажывалі па адным...
— Нічога, маці, сустрэнемся. Гара з гарою не сходзіцца, а чалавек з чалавекам заўсёды.
Ён паглядзеў на гадзіннік, які паказваў першую гадзіну пасля палудня.
«Лужкі-ы? Так, болей двух вёрст».
Яго думкі вярцеліся каля Зосі. Сёння найлепшы выпадак угледзецца з ёю на ад'ездзе.
— Ты будзеш дома, Рыгор?
— Чаму?
— Я думаю яшчэ раз прайсці за дрывамі.
— Кіньце, маці, што вы сабе ўзялі ў голаў.
— Няўжо ж у хаце сядзець! Усе людзі працуюць, як мурашкі бегаюць, стараюцца, а мне сядзець — не, сынок, брыдка... Калі яшчэ магу сяк-так, то трэба цягнуць, а сцісне — тады... Ты пачытай, я доўга не забаўлюся...
— Я маю справу...
Яны разам выйшлі з хаты і адночас разышліся ў два канцы вуліцы.
Каб, падняўшыся на ўзвышша, за якім пачынаўся хвойнік, Стэпа азірнулася направа, у бок Сівулінскае дарогі, яна б угледзела, як Рыгор мернаю ступою адмяраў мяжою роўныя крокі напрамкам да Лужкоў. Яму ў палетку сустракаліся рэдкія адзінкі сілцоўцаў, або аглядаўшых свае палоскі, падбіраючы каменні, або спяшыўшых у пасеку... Над зялёнаю рунню насіліся вясёлыя жаўранкі, клубкамі падаючы зверху ўніз. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Наперадзе тырчаў лысы курган, за якім пачынаўся папар. Там, дзесьці, насупраць вунь тае дзічкі-грушкі, павінна быць Зося.
Налева ад Рыгора цягнулася паласа Прыдатных. Густы, ядраны ячмень выдзяляў яе з памежных вузенькіх ніў, засееных свірэпістым аўсом. Гэтая ж паласа прадаўжалася і ў папарным палетку, але наварочвала яшчэ болей улева.
Ужо ад кургана Рыгораў узрок дасягаў таго месца, дзе за сівым канём мігалася белая хусцінка. Наводдалёк, управа, бачыўся другі араты, але Зося была бліжэй.
Яна вярталася назад, ідучы настрэчу Рыгору, калі Гнедка натапырыў вушы і чмыхнуў, угледзеўшы зблізку сябе незнаёмага чалавека. Зося хвасянула каня бярозавым дубчыкам, не пацікавіўшыся з прычыны яго настарожлівасці.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72