Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Але Рыгор не хацеў паказацца Зосі знянацку. Ён аддалёк кінуў у дрэўца камень, ажно гулка зашапацелі спакойлівыя лісця, адцягнуўшы на сябе ўвагу аратага.
Ад грушкі Зосіны вочы перанесліся на Рыгора: знянацкасць не абмінула яе. Зося ажно збянтэжылася, угледзеўшы яго перад сабою.
«Якім цудам і чаго ён?» — прамігнула вострая думка ў Зосінай галаве, але не было часу для роздуму: Рыгор махаў ёй шапкаю, аддаючы ветлае вітанне.
— Адкуль ты ўзяўся?
Плуг выкаўзнуў з рук і пахіленым убок зрабіў доўгі агрэх. Гняды спыніўся.
— Чаго ты сюды?
— Я праходжваўся яравым палеткам, пасля...
— Не хлусі, Рыгор, табе хтосьці сказаў, што я сёння ў Лужках.
Зося пытальна глядзела Рыгору ў вочы. Рыгор гатовіўся прызнацца.
— Іначай табе не ўспала б у думкі.
— Ты думаеш?
Ён узяў яе за поўную патрэсканую руку і пачуў, што ў ёй заложана сталёвая моц аратага.
— Чакай, Рыгор, я адвяду на паплавіну каня і прыпну яго на момант.
— Давай я правяду баразну. Зося ўсцешліва засмяялася.
— Папрабуй!
Гняды павярнуў да іх настарожлівыя ўзрокі, паставіў вушы і ўгледзеў, як Зося падвяла Рыгора да плуга, прачытала кароценькую інструкцыю і гукнула:
— Нно-а, Гняды.
Пруткія Рыгоравы рукі здрыгануліся ад штуршка, але ён не выпусціў лемяша з зямлі, а роўнаю струною накіраваў побач суседняе баразны. Размякчаны суглей бярэстаю вывіваўся з-пад плуга, бліскаючы глянцам на адрэзаным месцы. 3 свежае разоры нясло тленам зямлі і пахла сокамі закалупленай цаліны.
Прайшоўшы з паўганоў, яны бачылі, як дападкія вароны старанна рэвізавалі праложаную баразну.
— Утаміўся? — паіранізавала Зося.
— Сумею прайсці і назад.
Але з паваротам Гнедага Рыгор не ўправіўся, і Зося сама зрабіла гэту аперацыю.
Рыгор цешыўся, гледзячы на спрыт і паваротлівасць дзяўчыны, з якімі яна ўвіхалася на яго вачах. Плуг лёгка падаваўся Зосінаму кіраўніцтву, і на яе твары блыскала ўхмылка, пакуль Рыгор не пераняў плуга з яе рук.
— Тут цвярдзей,— паскардзіўся ён.
— Не ў гэтым справа.
Зося заўважыла, што Рыгор пачырванеў, і яго белае, чысгае ад загару ліцо абвільжылася тонкім наслоем поту.
— А ты думаеш, я ўтаміўся?
— Крыху падобна да гэтага.
Рыгор, аднак, не здаўся, пакуль не параўняўся з месцам, з якога пачаў баразну.
— На-а!
Зося выпрагла Гнедага з плуга і прыпяла на паплавінцы.
— Падыдзі. Дык табе ніхто не паведаміў, а ты сам мяне знайшоў? — праверыла яна паўторна.
— Або не ўсё роўна?..


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72