Бацькава воля


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72

Праз хвіліну яны ляжалі на разасланай дзярузе пры возе.
— Ты не чакала?
— Прызнаюся, што не.
— Паперашкодзіў працаваць?
— Хопіць часу.
Яе рука лягла на Рыгоравых плячах. Ён чуў яе ўзмоцненае дыханне і пачашчаны пульс.
— Але ж ты зарабілася сёння... Бацькі...
— Не ўспамінай. Ці толькі сёння...
— Калі ж ты даарэш?.. Ты памятаеш хвойнік?
— Рыгор... я ведаю, што ты глядзіш на мяне іначай ад ранейшага. Я заслужыла: імкнуся ды не выстарчае сілы. Нутром я твая, ну нада мною бацькава воля, скавала мяне... Усё ж, дарагі мой...
Наступны момант аддаўся сузіранню нез'яснёнага хараства запаленай іх выабражэннем прыроды, бяздоннаму шчасцю неперажываных хвілін, апойнасці заварожванага пачуцця...
Разгойданае цюканне сэрца, ненасытная прага салодкага эфірнага паветра, подыхі лёгкага ветрыку...
I прарэзлівы, нахабны, дзікі покат рогату:
— Ххі-ыхха! А-а-а-ххэ-эк!
Узнятыя ад нізу і пахіленыя налева ўзрокі праводзілі па сцежцы траскацеўшыя драбіны вазніцы. Белая дробная каняка рыссю мчалася між шэрага фону папарнага палетку. Водгукі сухога лё'скату калёс працягалі інтанацыю людскога смеху.
— Хто б то быў?
— Ды не ўсё роўна, хто!
— Ён бачыў? Ой, бачыў, бачыў!..
Зося хапілася рукамі за голаў і заплюшчыла вочы.
— Няўжо-а ты, Зося-а-а, нагэтулькі маладушна?
— Маўчы-і...
Яна адышлася ад яго і нейкі час задуменна глядзела ў густую карону грушы.
Рыгор зрабіў некалькі крокаў ад яе.
— Чакай, вярніся. Праедзем са мною да выгану? Зося ўвішна хапілася запрагаць каня.
Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою.
— Садзіся...
Конь павярнуў насустрач асядаўшаму за лес чырвонаму агромнаму сонцу. Па свежай раллі цягнуліся доўгія, вычварныя цені.
— Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося.
— Скора.
— Так. Калі мы сустрэнемся, Рыгор, яшчэ раз? I пры якіх умовах?
— Будучае пакажа.
— Ну, я цябе не...
— Ты думаеш?
Зося замаўчала, але ў яе вачах Рыгор прачытаў цвёрдае запэўненне сказаным словам.
На зямлю спускаўся адвячорак.... Чыстае лазурковае неба разгорнутым парасонам абнімала шырокія прасторы. Зямля дыхала маладымі, жыццетворчымі сокамі. Лёгкім парам цягнуліся ўгару яе вясновыя ўздыхі.
Над Сілцамі насіўся прыглушаны шум. Каля выгану Рыгор злез з воза, развітаўся з Зосяю і ўверанай хадою накіраваў у мястэчка.
Падыходзячы к свайму двару, ён спаткаў Іцку Хрома.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72