На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— Каму?
— Нам; учора мы каля Гэлі гадзін да дванаццаці гулялі. I разам гэта пісьмо ад Рыгора слухалі, Сёмка расказваў.
Зося ізноў перамянілася ў настроі, які некалькі ўраўнаважыўся.
— Пісьмо слухалі?.. Ну, а што больш ён піша? Можа, ужо там ажаніўся?
— Не... Куды яму; думаеш, ён заняты рабочай справай, каб мець час на жаніцьбу. Вунь, прамову трымаў перад рабочымі... Цяперака ў Рызе ідуць забастоўкі, і Рыгор зацягнуты ў самы агонь змагання. Пайшоў далёка ўперад па сваёй дарозе.
Волька казала і бачыла, як глыбока западаюць яе словы ў Зоеіна нутро.
Кожны момант з Рыгоравага жыцця вырэзваўся яркаю плямінкаю ў яе істоце, прырастаў, як часцінка жывое матэрыі, каб астацца назаўсёды, каб вечна муляцца і дапамінаць аб шчыра каханым чалавеку. Адцягаліся Зосіны думкі за тысячу вёрст, у няведаны ёй горад, лавілі ў ім Рыгора і ўтваралі сваім імкненнем асалоду зданага незямнога жыцця. Вакольнае як быццам бы не жыло для яе і не існавала...
— I вось, паслухалі пісьмо, дык Пятрусь урачыста: «Абавязкова еду ў горад». А Гэля з скуры лезе, чырванее, злуе, агрызаецца; бач, баіцца, каб, чаго добрага, Пятрусь не пакінуў...— сказала Волька і засмяялася. I Зося пусціла тварам нядбалую ўхмылку.
У двор увайшла Вольчына маці; дзяўчаты кінулі гутарку. Прывіталіся.
— Ты, Зося, усё к вяселлю збіраешся?
— Не кажэце.
— Чаму? Кінь свае думкі, нябога.
— Не лёгка іх кінуць.
Зося не магла далей гутарыць; тое, што перагаварыла з Вольчынай мацерай, было нечым вымушаным, да чаго не ляжала сэрца, не варочаўся язык. Нельга было не гаварыць, але думкі вымагалі іншых слоў, іншае гутаркі. Не выходзіў з памяці Рыгор. Уклон азначаў многае: будзіў нейкія смутныя надзеі, калупаў ужо заплесненыя ўспамінкі, вобразы. Нанава ва-рочаў дзяўчыну да пераацэнкі яе думак і вывадаў аб ім, яго правасці і віны ў тым лёсе, які ня напаткаў.
Зосі хацелася, вельмі моцна хацелася выбрацца гэтым часам куды-кольвечы ў шырокае поле ці ў густы хмызняк, дзе б не было нікога, дзе б сама з сабою яна магла праверыць усе дадатныя бакі жыцця, ацаніць вартасць яго, абмеркаваць, як і што з ім змагацца, у чым пагадзіцца, і можа — адшукаць адну, назаўсёды роўную, адзначаную сцежку, на якую стаць цвёрдаю ступою і пайсці рашучым крокам. Тое, што асталося ўзадзе,— забыць, занядбаць, лічыць не існаваўшым... Хацелася гэтага, але рэчаіснасць трымала Зосю ў сваіх кіпцястых руках і вадзіла так, як меркавалі законы акольных абставін.
Зося пайшла дадому і ўжо на парозе стрэлася з адваротнаю, надзойліваю яўю: маці папікнула яе за нядбаласць да тых вялікіх здарэнняў у яе жыцці, якія нясло вяселле, і выгаварыла ёй:
— Ты ўсё яшчэ не кінула сваіх цырымоніяў, дачушка. Труціш маё сэрца, нябога! Хоць гэтыя апошнія дні не зводзіла б мяне.
«Каб гэта Зося ведала, што аб ёй гавораць!» Так, Зося не дагадвалася, не думала, каб тая выпадковасць, якая ўплялася ў яе жыццё, як скутак у каханні з Рыгорам, стала зместам рознай гутаркі аб ёй, плётак, нагавораў. Прайшло колькі часу, здавалася б, павінна ўсё знікнуць, павінен заглушыцца рэзкі смех, які пачуўся ёй тады ў Лужках, палічыўся за здань, за выабражэнне... Тым часам гэта было якраз не так: патрошку, слова за словам, ад аднаго да другога, і чуткі дайшлі да Берагаў. Што далей з іх выйдзе?
Каб гэта Зося ведала, што аб ёй гавораць!..
У той дзень, калі Волька перадала Зосі ўклон ад Рыгора, у Хлоравай хаце адыгралася гэткая сцэна. Адвячоркам, вярнуўшыся з поля, Хлор ляжаў у хаце на палку і марыў аб блізкім вяселлі свайго нябога, цешачыся Васілём, як раптам убегла ў хату жонка і выказала:
— Вось табе і штука! Ці чуў?
— А што?
— Ого-о!
— Не чуў нічога.
— Не чуў? А трэба было пачуць...
Хлор падняўся, злез з палка і выйшаў на хату.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130