На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— Кажы.
— Ліха ведае што! Вунь усе як у бубен б'юць: Мікалаішка-а з Нязвычным... у Лужках пад нарадам... бачылі людзі... Падумай, што гэта робіцца!
— Няўжо? Што-о ты кажаш!
Хлор вытарашчыў вочы, паціснуў плячыма.
— Не здарма! Каму прыйдзе на розум балхвіць ліха ведае што без дай прычыны.
Хлор памаўчаў, падумаў.
— Чакай,— супакоіў жонку.— Ты ўжо чакай. Па-мойму, гэта знарочыстая рэч нашых ворагаў. Ты думаеш не, сапраўды. Хітрыкі, кажу табе, хітрыкі. Прос-та — выдумана. Няма як падкапацца, дык пусцілі чуткі, каб зганіць і Васіля, і Зосю. Не паверу, і ты, глядзі, не давярайся...
Юстына не супакойвалася: ёй зусім было незразумелым, чаму Хлор перапыняў яе. I яна спрачалася.
— Мне казалі гэткія людзі, у якіх нельга сумнявацца, якія не зацікаўлены ў тым, каб ганьбіць Васіля.
— Ты палітыкі не ведаеш... Ласне ведацьмеш, хто твой прыяцель, а хто вораг? Яшчэ прыяцеля хутчэй можна выявіць, а ворага... Іншы ў вочы прыкідваецца добрым, а сам думае прадаць цябе за ломаны асьмак. Цяпер многа гэткіх. Усюды пайшлі розныя сацыялісты, басяччо, галадранства — усё з нянавісцю на знатнейшых людзей, з зайздрасцю — узяць чужое, спаліць, згнюсіць людскую чэсць. Некаму і нечаму верыць... Вось і тут: Васіль перацягнуў Зосю, а іншым крыўда стала — і пайшла іграць у помсту. Можа, той жа Нязвычны напісаў сваім сябрам, каб яны пастараліся ўчыніць якую пакасць. Бачыш, мала ён пападзуджваў Зосю, калі яшчэ быў тут! Або маці ці блізкія іх пастараліся... Я сам і думкі не дапушчу, каб гэта Зося...
— Не бярыся, Хлор, кажу табе, не бярыся. Юстына сапраўды не выясняла сабе таго, чаму муж
так старанна абараняе Зосю. Не дагадвалася, што, апроч радняцкага пачуцця, у Хлора была доля і палітыкі. Гэта яго палітыка заключалася ў тым, што зараз, калі вяселле на носе, хоць бы і праўда была, аб чым жонка паведаміла, то гэтую праўду прыняць нельга, тым болей аддаць ёй павіннае і зрабіць тыя ці іншыя вынікі. То б значыла стварыць гісторыю, якая б запляміла іх котлішча, дала б справы для розных гутарак і плётак, у сто раз горшых, усяму мястэчку і аколіцам. Дапусціць, што Зося магла зрабіць праступак, Хлор мог і нават не здзівіўся гэтаму, калі жонка ска-зала, а здзівіўся і нават збаяўся таго, каб чутка не дайшла да Тадосі і да Васіля. Аднак тое, адкуль вынікла чутка і ад каго жонка пачула, цікавіла Хлора.
— Хто табе казаў? — запытаў ён жонку.
— Паруля Вышкава.
— Паруля? I ты верыш Парулі?
Імя Парулі Вышкавай мела за сабою нядобрую рэпутацыю; гэта мяшчанка славілася, як дасканалая ябедніца і язычніца.
— Не адна Паруля, а многія казалі; як у бубен б'гоць...
— Няхай сабе ўсе гавораць, а ты маўчы...
— Дык ужо ўсе ведаюць; пэўна, я нікому не скажу, але адно дзіва, як яно так выходзіць, што нам не ўдаецца...
Хлорыха не даказала, падумала і звярнулася да мужа з гэткай прапазіцыяй.
— А ўсё-ткі, Хлор, запытай Васіля. Чаго ж саро мецца: лепей хай праведае, што людзі брэшуць, каб не было знячэўку. Хлопец дачуецца ад каго збоку і раззлуецца — тады яшчэ горай будзе...
— Нічога... Васілю не можна ліха ведае чаго казаць. Навошта хлопца расстройваць... Ты таксама не заікайся, прашу,
Аднак, выказаўшы гэта, Хлор хутка сам перадумаў. «А ўсё ж жонка рацыю кажа: трэба на ўсякі выпадак пераняць Васіля. Пайду, нават сёння пайду і так ці іначай уладжу гэта».
Аб сваім рашэнні паведаміў жонку і, павячэраўшы, пайшоў да Тадосі.
Быў вечар. На вуліцы збіраліся начлежнікі. Хлор спешнаю хадою перабег к братавай. У хаце яшчэ свяціўся агеньчык. Васіль з мацераю аб чымсьці ўголас гутарылі. Гэта суцешыла Хлора, які перш паглядзеў у акно, ухмыльнуўся сам сабе і ціхаю ступою прайшоў к дзвярам.
Тадося здзівілася Хлораваму прыходу, але загаварыла гэта.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130