На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Спатканне з Рыгорам у астрозе асвяжыла Наталю. 3 яе плеч як быццам бы апала гара. Нервовасць, навеяная трывогаю, неспакой прайшлі; бліснула ружовая надзея, запляліся мары. Тыя дні, што чакала яна гэтага, абураная невыразнасцю бліжэйшых хвілін, доўгія марудныя дні забыліся. Адкуль узяліся лёгкасць, уздым, размах. Праходзіла астрожны двор і чула сябе не бязродным стварэннем, якое можна ў любую хвіліну схапіць у звярыныя кіпцюры і заперці ў доўгую няволю, а здавалася Наталі, нібы яна варочаецца з поля, дзе адбылася вялікая бойка, а з той бойкі яна выйшла пераможніцай, героем. Хмурны будынак астрога, дзе сядзіць Рыгор, адкуль невядома, калі яго выпусцяць, не выклікаў сабою ў Наталі боязі, не будзіў жаднага пачуцця сполаху. Яна прамінула варту, прайшла ў вароты, як хадзіла з кватэры, з завода, і апынулася на вуліцы адроджаная, прасякнутая натхненнем. Выабражэнне яе малявала перажытае спатканне, як вольную, бесклапотную гулянку. Ні трывожна-адрыўныя сказы гутаркі з Рыгорам, ні намёкі, ні нервовасць, якую надавалі тоўстыя сцены астрога, вартаўнік-надзірацель, ні настрой Рыгора, які крапіўся, стараўся паказацца бадзёрым, а сапраўды заметна цяжыўся няволяю ды неакрэсленасцю свайго стану, невыразнай будучыняй,— нішто не выглядала перад Наталяю ў сваёй рэальнасці, несуцешнай, прыкрай. Быццам бы яна была ў Рыгора на кватэры і вярталася, каб у любы момант, у любую хвіліну пайсці да яго назад, вольна, самохаць.
Наталя ішла вуліцаю, горда падняўшы голаў, поўная задзёру, самаўверанасці; яе ўзрок гарэў агеньчыкам абуяўшае яе мужнасці; унутры накіпела хаценне кінуцца насустрач якому-колечы надзвычайнаму здарэнню, дзе б можна было выявіць сваю адвагу, свой спрыт і сваю здатнасць; падбівала на гострыя перажыванні, на ўздым, на бунт супроць усяго таго, што жыло ў вялікім каменным горадзе, сярод яго вуліц, за вокнамі суровых, маўклівых муроў. Джарало людзей, што цякло ёй насустрач, стукатня калёс, крыкі паасобных гандляроў — нядбайна забываліся; быццам бы нішто яе не датыркала... Але, адышоўшыся кварталаў пяць ад астрога, Наталя прыпомніла аб Рыгору: што ён робіць у даную хвіліну? Азірнулася назад, як бы хочучы праверыць, ці не ідзе часам ён удагонкі ёй? Вузкая разора вуліцы бегла ад яе кудысь далёка назад, а высокія муры хавалі прастор. Астрог загубіўся ў іх грамадах. Нават Наталя адразу не выявіла сабе, у якім ён баку. Затое Рыгор, якога яна мэрам бы згубіла ў вулічнай гушчы, занепакоіў яе. Зусім мімаволі, нечакана, да дзяўчыны вярнулася трывога за долю дарагога таварыша... Рэчаіснасць разбіла зданны настрой, штучнасць хвілёвага ўздыму; яна, вось, ідзе вольная, куды хоча, а Рыгор астаўся там, за захілам хмурай вуліцы, за брамаю ў таўсценнай сцяне, за вартаю турэмнае каманды. Рыгор у няволі. Вуліца шуміць, таемная ў кожнай сваёй рэчы і ў кожнай асобе людской і кіпучая ў спляценні агульнага жыцця, чужая жыццю кожнай ядынкі. Пэўна, пра Рыгора, пра яго стан не ведала ні адна душа, ні адзін чалавек, з якім сустрэлася ды размінулася Наталя. А гэтых адзінак прайшло сотні ды сотні.Яна агідна паківала галавою. Паспагадала, чаму яна не ў моцы адразу ж перайначыць размах і формы людскога жыцця? Перадумаўшы ўдоўж ды ўпоперак вынікшыя перад ёю жыццёвыя супярэчнасці, Наталя тым часам выйшла к парку, абышла яго, не заходзячы, і параўнялася з будынкам пошты. I тут прыпомніла якраз просьбу Рыгора — напісаць яго мацеры пісьмо. Але яе азадачыла, як і што пісаць? Трэба ж, каб старая там вызнала пра сына і не напалохалася яго лёсам. Цяжкае заданне злучыць дзве гэтыя процілежнасці! Атрымаецца ці адно, ці другое; або маці не праведае, што з Рыгорам, або, праведаўшы, дашчэнту перапужаецца... А не напісаць?..
Каб вырашыць пэўней і грунтоўней задачу, Наталя зайшла ў парк, прысела на лаўцы і стала абмяркоўваць з усіх бакоў, як пагадзіць Рыгорава жаданне з тымі вынікамі, якія яно прынясе. Меркавала, углыбілася. I чым болып выяўляла перад сабою розныя мажлівасці, тым няпэўней рабілася сама... Прыходзіла да скутку, што гэта справа — нялёгкая, справа, над якою давядзецца добра падумаць,— адлажыла яе на некалькі дзён. 3 гэтым рашэннем паднялася з лаўкі, каб прайсці паркам. Але, адвярнуўшыся направа, сустрэлася вачымі з убогаю, мізэрнаю бабулькаю, якая задуменна клыпала на яе месцы. У Наталі міжвольна напрасілася параўнанне гэтае старое з Рыгораваю мацераю. «Пэўна, ходзіць і яна там па мястэчку, не выпускаючы з думак Рыгора. Як бы была яна абрадавана яго пісьму!.. Трэба толькі ўявіць сабе яе пачуццё. Не! Мушу напісаць! Хоць не ўсю праўду выясніць, хоць не датыркаць Рыгоравага стану!» — рашыла Наталя.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130