На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Быў полудзень трэцяга дня жніва. На пожні ў двух месцах стаялі грамадкі сілцоўцаў і ўголас абгаворвалі здарэнне, якое адбылося на іх вачах. Васіль сіберна, бязлітасна наздзекваўся з Зосі. Каб не абаранілі яе, падаспеўшы к часу, Сёмка з Хірысонам Пузам, скалечыў бы маладзіцу. За вошта? 3 якое прычыны? Аб гэтым судзілі дваяка: там, дзе грамадка складалася з Сёмкі, Петруся і некалькі іншых, вінавацілі Васіля. Наадварот, у другой грамадцы адказнасць усклалі на Зосю. Сёмка расказваў:
— Паверыце, ледзьве з рук адабраў. Каб Хірысон не пасабіў, не даў бы рады. Ушчаперыўся, як клешч, і неміласэрна б'е кулаком па чым папала. Азвярэў, запеніўся.
— А за вошта ён?
— Не ведаеце гэтае заразы! Прыстаў да Зосі, каб тая прызналася... бач, каб упэўніла яго, што не мае ніякіх зносін з Рыгорам. Нехта набаяў, быццам бы Ры-гор ёй піша пісьмы, яна адпісвае, і гэткім чынам падводзіць яго, мужа, здраджвае. Нагаварылі пра Лужкі, пра... ліха ведае што.
— Ці можна дурнейшае прыдумаць?!
— Вось то-та ж!
— I за гэта перадлюдна так біць кабету!
— Непрытомны...
— Пэўна, маці пад'южыла. Тая ж, як ведзьма, увесь час. Кажуць, нібы ад вяселля яшчэ з Зосяю слова не прамовіла.
— Можа быць...
— Міколка ўлез, няма чаго казаць... Адначасна ў другой грамадцы, дзе быў Васіль, яго
дзядзька Хлор, старшыніха і блізкія Берагаў, судзілі Зосю.
Тадося бессаромна крычала:
— Хай бы яна ўзяла сабе на розум, што так не можна, дык не. Тыя яе падбіваюць, а яна слухае. Што ж, гэта ласне можна цярпець? Навошта ж гэткая жонка? Да чаго тое вяселле было спраўляць?
— Кажаш ёй, а яна наперакор табе. «Пішу, ну, што ты мне зробіш»,— скардзіўся Васіль.— Проста не сцярпець...
Хлор варушыў плячыма, верыў і сумляваўся, але дапускаў, што Васілю, напэўна, Зося здорава дадзела.
Старшыніха бачыла ў гэтым цэлую змову, куды Зосю ўцягнулі Сёмка, Пятрусь, Волька, Гэля ды іншыя.
— Можа б, яна інакшаю была, каб не гэтая шайка. Усе яны ліхамысны на Васіля і стараюцца яму нашкодзіць. Чаго добрага, могуць усякае шальмоўства зрабіць: ім закон не пісаны.
Успаміналі і Рыгора. Псюк Даніла, Берагаў пасусед па полі, падбіваў Васіля, не шкадуючы слоў і плётак. I ніхто з гэтае кампаніі не прызнаў, што Васіль зрабіў дрэнна, ускалануўшы ўвесь палетак. Болей таго — гэты самы Псюк патвараў Васілю, хочучы падкрэсліць правільнасць яго паступку:
— Вось няхай ведае на другі раз...— ківаў ён пальцам у бок, куды пабегла Зося да бацькоў.— Гэтакіх гусак трэба, не шкадуючы, скубці. Вядомая рэч! Дай бабе волю — завядзе ў няволю! Не супыніш спачатку — прапала. Го-о!
Пасля адварочваўся ўбок, дзе стаялі прыхільнікі Зосі, і лаяў Сё'мку:
— Яшчэ гэтая заноза патрабуе добрых бацугоў... Баламуціць моладзь...
— На добры лад, трэба было, як падбег ён бараніць, кінуць Зосю ды запліскаю па ім...
— А я б гэта зрабіў, каб к часу падбег,— хваліўся Хлор.— Што-што, а гэтага нельга цярпець. Якое ім дзела, сукіны дзеці?..
Абгавор здарэння заняў каля гадзіны часу. Пасля па адным жанцы разышліся, і ізноў пачалося жніво, як і першыя дні, з песнямі ды выгукамі жанцоў. Толькі болып цікавыя азіраліся ў бок Берагавае палоскі, сочачы, ці не вярнулася Зося ад бацькоў. Але мінаў час, а Зося не вярталася; і гэта абяцала далейшае развіццё здарэння, ужо ў саміх Сілцах. Дагадваліся і судзілі, каму была ахвота, як і што гэта здарэнне развернецца, хто возьме верх, чым яно кончыцца. Рыгор уплятаўся ў яго з усіх бакоў, мэрам бы ён прысутнічаў дзесь недалёка — мо ў Сілцах, а мо і ў жытнім палетку. Сёмка асабліва думаў пра таварыша, прагнучы хутчэй паведаміць Рыгору ў пісьме аб Зосіным жыцці. Ён на гэты раз сам пачаў спагадаць, чаму, сапраўды, Рыгор не змог вывесці Зосю з гэткае напасці. «Можа, і вінаваты»,— судзіў ён. I дапускаў мажлівасць напомніць Рыгору аб гэтых сваіх вывадах...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130