На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— А мне ўсё думаецца, мае даражэнькія, што тутака прыплецены Рыгор. Гэта ж падумаць, колькі часу ўжо вестак ніякіх,— сумнявалася Стэпа.
Волька суцяшала Стэпу, шчыра ўгаворваючы цётку не трывожыцца, хоць сама яшчэ не адышла ад сполаху, які навеяў выпадак з Сёмкам.
— Нельга, здаецца, і думкі дапусціць,— казала яна,— каб там з Рыгорам штоколечы ніякаватае здарылася. Рыгор не гэткі прастак,— ён многіх абыйдзе з усіх бакоў.
— Усё бывае, дачушка. У свеце, як у катле, варыцца ўсё, кіпіць. На чужыне — не дома.
— Ды цяпер ручыць нельга,— казаў Хведар, пазіраючы ў міску.
А Сёмка сачыў за бацькам, каб той не пераказаў пры Стэпе тых думак, якія надоечы выказваў яму.
— Бачыце — факт. Ажно траіх стражнікаў выправадзілі за адным Сёмкам. Увесь час ціха, нідзе нічога, а тут цэлы крымінал.
Аднак праз усю гутарку, якая працягнулася каля гадзіны, Сёмкаў бацька не выйшаў за рамкі і нічога падазронага наконт Рыгора не выказаў. Стэпа засталася з папярэднім настроем, суцяшаючы сябе самую. «Няўжо-такі адно з другім звязана? Наадварот, можа, і добра, што Рыгорка не дома. Вунь чаго паспела начаўпціся тут за час яго адсутнасці»,— разважала яна, вярнуўшыся дахаты. Такім чынам Сёмку ўдалося правясці свой план, якім ён яго сабе паставіў. Апроч таварышаў, ніхто не ведаў сапраўднае прычыны яго візіту ў стан. У далейшым, ён ведаў, што гострасць ападзе, цікавасць мінецца і можна будзе бацьку паведаміць таямніцу. А пакуль — няхай астаецца пры тым, што і ўсе іншыя.
Так яно і было. Праз тыдзень, а мо дзён праз дзесяць, калі жніво пераняслося з жытніх палеткаў на яравыя, многія з тых, хто бачыў справоды Сёмкі пад канвоем трох стражнікаў, цяпер былі сведкамі позвы яго да прыстава праз сотніка Бульбушку Адама. Гэты няскрытна ад Сёмкі і яго бацькоў паведаміў, што станавы заве Сёмку да сябе распісацца. Самая цырымонія позвы праз сотніка мела куды меншы ўплыў, хоць факт таксама даў прызадумацца Загонам. Сёмка сам не дагадаўся, у чым рэч, але ішоў у стан многа смялей і спакайней папярэдняга разу. I калі ўся справа кончылася тым, што станавы зняў яго падпіску аб неадлучэнні з Сілцоў, то Сёмка палічыў мажлівым расказаць бацьку ўсё ад пачатку да канца, аднак, з умоваю, усё ж, не пасвячаць у гэта Стэпу.
Падыходзіў Багатнік. Вакол нясло восенню. У полі аставалася пакуль адна бульба. I тую пачалі капаць. Засеяная чуць не цалкам азіміна прарастала чырвоненькімі храсцікамі, гатуючы зялёную рунь. Там, дзе нядаўна жаўцела ярына ды жыта, слалася гала пожні, утаптанай гавядаю. Многія палоскі былі пазяблены, каб зямля паспела лепей перапрэць. 3 лясоў, пахмурнеўшых, а дзе пераадзетых у жоўта-чырванаватую вопратку, прыляталі кучы шпакоў, апускаліся на свежую раллю і клапатліва бегалі па разорках. Неба ўжо засаб колькі дзён было ўслана гнедымі кіселістымі хмарамі, з якіх несціхана сачыўся драбнюткі дожджык.
Міналася палявая работа. У сілцоўцаў паварочва-лі думкі і клопаты да зімы. Дровы, кастрыка, яшчэ сёе-тое для хатняга агляду — і там малацьба. Пакуль не раскісне зямля — кончыць работу з фурманкамі, а тады хай сабе гразь, снег — не страшна.
Стэпе было крыху іначай ад другіх: восень спыняла яе заработкі. Гатаванне к зіме — ёй шмат цяжейшае, ніж другім. Дровы прыйдзецца на плячах насіць з лесу: куды ж аддасі на іх сабраны рубель — другі. Прыгодзяцца на зіму, бо нямнога высучаш кудзеляю. Ды к гэтаму — усё роўна няма чаго рабіць. Кончыцца капанне бульбы, мс хто на дзень — другі пазаве лён паслаць ці патрапаць — і таквеля. Не сядзець жа ў хаце — хопіць зімы. Пакуль ногі цягаюць, трэба рухацца хоць за чым. Тым болей што працы яна з маленства не баялася ніякай. Не палохала яе і наступная восень, досі вядомая ёй па мінулых гадах, у многім падобных на гэты...
Але адно карцела Нязвычнісе — гэта Рыгор. Ад яго ўсё яшчэ не было ніякіх вестак. Колькі ні чакала Стэпа пісьма — не магла дачакацца. Думала да ўтому, гадала, бегала пытаць рады ў Сёмкі, што ёй рабіць, як быць. Дапускала нязбыўную думку, каб паехаць самой у Рыгу і адшукаць яго, мерылася падаваць запросіны праз паліцыю. Аба ўсім паведамляла Загонаў, сына і бацьку, як бы просячы іх згоды. Сёмка здаволен быў гэтаму, суцяшаючы Стэпу ды абнадзейваючы яе пачакаць яшчэ дзянёк — другі. Але скора Сёмкавы ўгаворы сталі надакучаць ёй: яна пакідала верыць яму, злавалася, а пасля стала западозрываць. «Тут нешта нейкае ёсць, але Сёмка хітруе і стараецца абысці мяне»,— думала Стэпа і радзей хадзіла да Загонаў. Затое стала наведваць Крупнікаў і ў іх распытваць. Крупнікі, занятыя сваім сынам, Хаімам, мала цікавіліся яе скаргамі, клопатам ды трывогаю. Да гэтага яны самі доўгі час не дазнаваліся прычын Сёмкавага допыту.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130