На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Але нічога няма тайнага, каб не было яўным. Патрошку-патрошку папаўзлі Сілцамі, перш невыразныя, а далей усё паўнейшыя ды паўнейшыя чуткі, што Сёмка выклікаўся да станавога па справе, якая шчыльна датыркала Рыгора Нязвычнага. Перадавалі, няведама ад каго ды што, аб арыгаце Рыгора ў Рызе, аб судзе, да якога быццам бы яго пацягнулі. Чуткі — рэч каразлівая: вакол іх вырастала шмат легенд, дадавалася процьма казачнасці, і, урэшце, калі дайшлі яны нейкім чынам да Стэпы, выраслі ў цэлую агромністую гісторыю, страшную ды нечуваную. Нязвычніха была ашаломлена ёю, запалохана і першыя дні не ведала, дзе яна — на гэтым свеце, а мо пад зямлёю. Перш непрытомнаю наведала Загонаў. Плакала цэлы вечар у іх хаце, дапыгвала Сёмку, не здаволілася тым, што ён дагэтуль нічога не казаў, прасіла хоць чым-колечы пасобіць.
— Можа, парадзіш, сынок, мне паехаць у Рыгу? — уваскросла з новаю сілаю незабытая думка.
— Як жа ж вы паедзеце? Што вы там праведаеце... Ды, апроч таго, вам няма ніякае патрэбы ехаць... Мала што людзі гавораць... Так вы думаеце, што і сапраўды гэткія страхі.
А Хведар Загон ад сябе разважаў Стэпу.
— Сапраўды, куды ты паедзеш? Ты ж ніякага толку не знойдзеш. Гэта табе не Сілцы, што кожны чалавек знаёмы, можа парадзіць, а то і пасобіць. Дый то, паглядзі сама, якая б магла быць мне дапамога, каб гэта майго Сёмку забралі! Адно на допыты завялі, і то я не ведаю, як і што зрабіць, а мужчына, ды дома... А ты... Не кажы, Стэпа! Што ж зробіш, свет гэтакі! Пайшоў па такім шляху — не пяроймеш, не малы хлапчук, мужчына, бачыш... Вось колькі я свайму Сёмку кажу: няхай бы ты, сынок, пасцярогся, няхай бы памаўчаў; бацькі старыя, возьмуць, чаго добрага,— што мы зробім. А ён — ні лыс... Перакананні... Хто за гэта не цярпеў. Праўда, табе цяжка гадзіцца з гэтым, але нічога не зробіш, прыходзіцца... Ты думаеш, крый чаго, вельмі страшна? Паглядзі — Стаўбуноў Віктар напісаў, што к дзядам прыедзе дадому. Яно пэўна...
Стэпа заспакойвалася, мэрам бы ўкалыхвалася Хведаравымі словамі, але залячыць імі выйшаўшай наповерх раны не магла. Можа, і праўду гаворыць, усё ж самая праўда не папраўляе справу.
Не ўнімалася:
— Усё яно гэтак, Хведарка, усё яно гэтак, але Рыгорка мой прапаў. Мала што могуць зрабіць з ім? Ці ж навіна, калі зводзяць са свету, у каменных мяшках гнояць, а то і губяць жывасілам... Што мне рабіць? Я не вытрываю, не перажыву! Парадзьце...
— Якая ж тут рада...
— Так-та вы мае лепшыя прыяцелі: добра — бягу да вас, дрэнна — таксама. Хто ж мне пасобіць, калі я адна-аднэю тут... Была надзея на Рыгорку, а цяпер і тая разляцелася дымам. Не на кім думцы спыніцца...
— Цяжка, няма чаго казаць... Але ж не звярайся...
Стэпу не ўцешылі на гэты раз, не маглі ніяк угаварыць і пасля; яна бегала па мястэчку, дамагалася папасці к аптэкару і таго папрасіць, каб пасобіў ёй, абхадзіла адвакатаў, што жылі ў Сілцах і часта бралі на сябе падобныя справы. Але тое, што Рыгор у Рызе, што падрабязна яго справа невядома нікому, нават станавому, у якога даведваліся адвакаты, перашкодзіла ўсяму. Стэпе ніхто не мог сказаць пэўнага слова. Прыяцелі Рыгора яе суцяшалі гэтак, як Загоны, а ліхамыснікі смяяліся, цешыліся, пацвільваліся. Гэта ўзмацняла Стэпін боль і мукі. Яна чула ад людзей, а колькі разоў і непасрэдна, як пацяшаліся з яе няшчасця Берагі, Крумкі ды іншыя. У іх рукі папаў добры козыр, і гэтым козырам хваліліся яны, дзе трэба, а дзе не трэба. У васооку, як Хлор Бераг або Васіль,— тыя раз-поразу дапаміналі аб гэтым Зосі, даючы ёй зразумець, што яна выратавалася праз замуж за Васіля.
Не дайшоўшы ніякага скутку, хто мог бы што зрабіць Стэпе, каб хацеў,— яна стала адыходзіць у самую сябе. Рыгора няма — на гэтым сыходзіліся Стэпіны думкі, і ад гэтага пачыналася яе жыццё. Ен стаяў перад ёю неадступна ў розных выглядах, ва ўсялякім стане, маўклівы, нежывы, недасяжны, аддзелены глыбокай канаваю. Як яно гэтак здарылася, чаму яно пайшло гэткаю дарогаю — не ў моцы Стэпінай было разгадаць. Глухі куток ціснуў яе з вакола, затуляў светагляд і аднімаў ахвоту жыць. За кароткі час яна асунулася, памізарнела, пастарэла. Кідалася кожнаму ў вочы. I больш чулыя кабеты — Лявоніха, Хведарыха, Стаўбуніха — спагадалі ей. Выкарыстоўвалі ўсю сваю прасталюдную мудрасць, ужывалі разнастайныя довады вяковае логікі, суцяшалі.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130