На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Казалі Стэпе:
— Ну, а згадзіся, сястрыца: бывае, што памрэ чалавек. Такі ўжо лёс... Ласне другому, будзь то маці сабе, не трэба жыць? Жывым жа ў зямлю не палезеш... Людское жыццё пастроена ўжо гэтак. Аднаму суджана да старасці пажыць, іншаму — сысці з зямлі ў самым росквіце... Нямерны жаль, роспач нялюдская, а пасля прывыкае чалавек, абжываецца, занывае...
— Альбо можна раўняць з гэткім станам цяперашні выпадак у тваім жыцці? Паглядзі, іншыя людзі па дзесяць год адбывалі пасяленне або астрог, варочаліся назад і жылі-жылі, забыўшы ўсё-ўсялякае.
— Памятаеш, паўстанцы польскія: колькі іх на пасяленне выгналі! А пасля ў некалькі гадоў паварочаліся назад, і нібыта тое. Альбо Кульдабіцкі Сымон: дзесяць год за палітыку праседзеў у Ліцкім астрозе...
— I не гэтае тутака: мо нічога зусім, а мо арышт. Вядома, у горадзе — усюды ўмяшаецца чалавек. Мо б не хацеў, а мусіш. Бо, калі не ўмяшаешся, бывае горш выйдзе... Ці мала людзей арыштоўваюць?! А ласне яны гінуць праз гэта? Тое і з Рыгорам будзе. Ну, патрымаюць некалькі часу, калі арыштавалі, а пасля і выпусцяць... Нечакана атрымаеш ліст...
— Ды то, калі і што яно было! Можа, ужо зараз Рыгор на волі. Ласне ведама каму, як і што там робіцца? Людзям балхвіць — языкі не баляць, можна колькі хоч. Сядзяць тут, як у загарадзе, і толькі падай тую ці іншую чутку — разадзьмуць у слана. Напэўна, і з гэтым тая ж справа. Ты тут тужыш, бядуеш, а ён там — нібыта той...
Але для Стэпы аставаўся адзін факт: гэта адсутнасць пісьма. Можа б, яна ніяк не спалохалася б і таго, што Сёмку выклікалі ў паліцыю з-за Рыгора, каб ён, Рыгор, паведаміў ёй аб сабе. А то — воляй-няволяй будзеш думаць услякую-ўсялячыну, калі ад чалавека ні чуткі, ні пагуткі. I Стэпа заставалася з адным балючым рашэннем:
— Не ўбачыцца мне з Рыгоркам!
У тыдзень пасля Багатніка таварышы і знаёмыя ды суседзі праводзілі Петруся Прахорава Кліна. У суботу вечарам, 15 верасня, ён выязджаў з Сілцоў у Пецярбург. Кампанія з дзесяці чалавек, у тым ліку і Стэпа Нязвычніха, сышліся ў Прахоравай хаце і пачалі выказваць Петрусю пажаданні. Сёмка прасіў таварыша не забываць аб Сілцах і аб ім у асобку, а пісаць пісьмы, даваць весткі. Сроль хваліў Петруся за яго рашэнне няйначай пабываць у горадзе, выпрабаваць яго жыццё і сяму-таму падвучыцца. Хведар Загон ад сябе жадаў найлепшага жыцця на новым месцы, дапамінаючы, аднак, што нідзе не лепш, як у бацькоў. Стэпа прасіла праведаць штоколечы аб Рыгору. «Можа, адтуль ляпей дазнацца». Бацькі хадзілі нахмурана. Прахор не здаволіўся на сына і коса паглядаў на яго таварышаў; маці тапіла злосць у жаласці, тупаючы каля сына з заплаканымі вачмі. Брат і сястра Петруся глядзелі на ўсё проста: сястрыца прасіла брата прыслаць ёй гасцінца — ляльку і цукерак. Пятрусь весела адказваў:
— Праз тыдзень атрымаеш.
Ён, наогул, быў задаволен ад'ездам, хоць далёкая сталіца прадстаўлялася яму страшнаватай і няпэўнай. Гутарыў з таварышамі і разважаў бацькоў. У гутарках успамінаў праводзіны Рыгора і казаў:
— Убачыце, выязджаем паасобку, а прыедзем разам.
— Каб то ды было такі — спачувалі жанкі.
— Якраз будзе...
— Якім чынам? ¦— пацікавілаея Гэля.
— А такім: не знайду работы ў Пецярбурзе — паеду ў Рыгу...
Сказ Петруся ні то ажывіў Стэпу, ні то затрывожыў яе.
— Няўжо праўду кажаш, Пятруська?
— Не хлушу.
— Насіцьме яго паветрае,— умяшаўся Прахор.
— Не кляні на дарогу,— заступілася маці.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130