На перегiбе

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Стэпе ўсё ж хацелася верыць, што робіцца водлуг яе думак; і таму, што яна верыла гэтаму, стала адчуваць у сабе заспакоенасць. Цешылася, што надало ёй шчасце прыйсці праводзіць Петруся. Цёмная ноч, няроўная дарога, частыя спатыканні не тамілі яе. Наадварот. Стэпе хацелася ісці далёка за мястэчка, хоць да Жмыгінскага лесу, або і далей. Аб доме не думала. I калі Пятрусь некалькі разоў напомніў, ці не пара б было старым вярнуцца, Стэпа слухаць не хацела.
— Не патурай, сынок. Можам прайсці, некалі ж угледзім.
I правяла датуль, пакуль і хлопцы,— за апошні будынак мястэчка. Разам з усімі развіталася з Петрусём, некалькі разоў пераказаўшы яму:
— Не забудзь жа мае просьбы. Адшукай там Рыгора.
Нарэшце блаславіла некалькімі гарачымі словамі Петруся і не сышла з месца, пакуль не заціх грукат калёс у начной цемні.
Вярнулася дамоў адною і запытала ў пустую хату:
— Рыгор, Рыгор, дзе ты, што з табою? Калі мы стрэнемся, сынок?
Мястэчка Сілцы і горад Рыга. Пецярбург. Нейкая сіла лучыла іх між сабою. Пералівы людскога жыцця хвалююцца ў адным пункце, адбіваюцца рэхам у другім. Змываюць упарта каменьчык за каменьчыкам, несучы яго туды, дзе ёсць перавага кіпучай сілы завірухі. Дзе пачатак, дзе канец? Не знайсці. Калыханне хваль жыццёвага мора раўнаважна ахапляе зямную кулю. Адлівыпрылівы. Аднак і ўзровень.
Рыгор, Пятрусь — тое, чаго не старчыла ў горадзе. Іх нясла хваля туды. Пераплётам заблытаных з'яў ужо выказваўся закон тае сілы, якая пасля прыдалася для вялікага акта,— перш разбурэнне старых асноў, а следам — будаванне новае формы людскога дабрабыту. Жыццё шліфуе людзей — людзі шліфуюць жыццё. Працаўнік народжаны змагацца. Яго лёс — перамагчы на сваім шляху ўсё тое, што перашкодзіць яму стаць панам жыццёвага стану. Жыццё няхай будзе падуладным яму... Гэта закон, гэта правілы, гэта лозунг! Дык няхай жыве несупыннае змаганне!