На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Невялікае мураванае памяшканне станцыі мела звычайны станцыям выгляд: пасярэдзіне будынка праходзіў калідор, разразаўшы яго надвое; направа ад калідора мясцілася багажня, скарбніца і невялічкі першы клас, а налева — Другі і трэці класы. Рыгор з Сёмкам пайшлі направа, у першы клас, куды ішлі амаль не ўсе пасажыры. У каморцы, досі чыстай, пры расстаўленых двух ці трох сталах, на крэслах і пры сценах на лаўках сядзела дзесяткаў са тры пасажыраў; некаторыя з іх спалі, умайстраваўшыся пры сваіх клунках, другія проста драмалі, апусціўшы галовы, трэція спешна падсілкоўваліся гарбатаю. За багата ўстаўленым буфетам увіхаўся сярэдніх гадоў мужчына-буфетчык, шустры і рэзвы гандляр, відаць, добра набіўшы руку на гэтым рамясле. Раздаючы праданае з лоўкасцю мастака свае справы, буфетчык сярдзіта пакрыкваў раз-поразу на сваю пасобніцу, тоўстую, чырванатварую, непаваротную дзяўчыну-сялянку, падперазаную паласатым хвартухом, без хусткі, з разбэрханымі косамі, якая даглядала за вялікім па-плеснявелым мурзатым самаварам. Дзяўчына моўчкі, паслушна адгіналася і баязліва пазірала на гаспадара.
Клапатліва, як нашароханыя, бегалі то з класа, то ў клас кандуктары з цьмянымі ліхтарчыкамі, тэлеграфісты з паперамі, дзве-тры дзяўчыны з канторы. За сцяною буфета звінеў тэлефон, а пры ім чыйсьці голас несіцхана выкрыкваў: «Что-о? Говорн-нте-э? Слушаю, я слушаю...» I звон тэлефона і крык пры ім раз-поразу перабіваў рэзкі свісток паравоза, які прабягаў між вокны станцыі і голасна свістаў, адгукваючыся на свісцёлкі стрэлачніка то ў адным, то ў другім канцы станцыі.
Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два парожных крэслы, падышлі і занялі іх.
— Ты пастой, Сёмка, а я куплю білет,— праказаў Рыгор і пабег да касы.
— Добра.
Сёмка не агледзеўся, як Рыгор вярнуўся назад.
— Цяпер можна перакусіць сяго-таго. Чаго б ты хацеў?
— Усё роўна: вазьмі гарбаты і каўбасы з хлебам. Рыгор падышоў к буфету і прынёс усё тое, што
Сёмка загадаў. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Закусваючы, хлопцы маўчалі: Рыгор над нечым пільна раздумоўваў, угледзеўшыся ў шклянку, а Сёмка з востай цікавасцю сачыў за станцыйным рухам.  Ці ўваходзіў пасажыр, ці прабягаў чыгуначнік, ці раздаваўся смех, вокрык які, Сёмка адварочваўся, лавіў яго і адказваў настарожанасцю. I калі ён час ад часу ўспамінаў, што яму вось-вось прыйдзецца развітацца з Рыгорам і варочацца назад у Сілцы, яго ахоплівала непрыемнае пачуццё, вялікая неахвота варочацца аднаму. Сёмку прыкоўвала да сябе ўсё тое, што ён бачыў перад сабой на станцыі і што выглядала ў яго ваччу новым і прыемным. Вось узяць бы тых дваіх — кабету і мужчыну,— што прытуліліся адно да другога, седзячы на лаўцы, і соладка, апойна храпуць. Сёмка не разумеў іх нядбайнасці ды бесцікаўнасці да ўсяго і думаў аб сабе, што давядзіся б яму прабыць на станцыі хоць трое ночаў, ён і не ўздрамнуў бы нават: сядзеў бы і пільна сачыў за кожным рухам станцыйнага жыцця. А каб гэта яшчэ яму давялося паехаць куды чыгункаю! Як бы цікава было бачыць жыццё буйных вузлавых станцый, дзе, па словах Рыгора, людзі кішаць, як мурашкі ў мурашніку! I тая думка, што ўжо раз уставала перад ім у дарозе, калі ён прыглядаўся на пасажыраў, якія пакідалі свае месцы, як і Рыгор, і кудысьці з надворку спакойліва ад'язджалі,— думка паехаць у горад да Рыгора зноў выбілася наповерх, падгастрылася руплівасцю і засвідравала ўнутры. Ехаць... ды не то, што пачакаўшы, пры добрым выпадку, а ехаць як найхутчэй, зараз, вось, хоць бы разам з Рыгорам і з усімі гэтымі пасажырамі... ехаць — цягнула Сёмкаву істоту. Хоць бы некалькі часу пасапці новым паветрам, падзівіцца іншымі вобразамі, перамяніць елкія многагадовыя клопаты, шэрую аднакавасць земляробскай працы. Хоць бы некалькі часу, хоць бы на месяц, на другі адлучыцца, а то — глядзіш — праз якіх гадзін ссм ізноў перад табою бедныя, прылепленыя да зямлі хаткі Сілцоў, пыльныя, загноеныя вуліцы, прагледжаныя наскрозь Хлоры, Прыдатныя, Крумкі, Гладышы ды іншыя пастаянцы мястэчка... «Не, цяпер я нядоўга ўтрымаюся дома, хай што хочуць робяць бацькі»,— заключыў Сёмка.
А ў дзверы класа ўсё надыходзілі новыя і новыя пасажыры, мігаючыся між Сёмку. Вось прайшоў здаровы, паўнатвары, вусаты, у бразантовым халаце з каўпаком на адкідзе, багаты фальварковец-шляхціч, ці мо нябуйны памешчык; у руках ён трымаў добры фібравы, шэрай хварбы куфэрак; увайшоў, агледзеў пахмурным суровым узрокам клас і прыпыніўся каля акна... Вось ускочыла, як напуджаная якая, тонкая, вяртлявая, затуленая густым тулем, з перавязанай праз плечы тоўстаю хусткаю, а ў руках з некалькімі сакваяжыкамі і парасонам ні то мяшчанка, ні то фальваркоўка. Вось важна перашагнуў парог нейкі казначэйскі чыноўнік у шырокай палярыне, з гостра паднятымі ўверх вусікамі важнага чыну, з гонарам, ведаючы сабе вартасць чалавек. За ім прайшла купаю сям'я — мужчына-гаспадар у палапленай крамнай жакетцы, у аблезлай шапцы, з дзіцём на руках і кабета-жонка, таксама бедна адзетая, з клункам старых манаткаў і з двума невялічкімі дзеткамі. Увайшлі, баязліва азірнуліся, як бы папаўшы не туды, куды б следавала ім, і бяспомачна спыніліся каля дзвярэй. Куды яны едуць? Чаму з дзяцьмі? Такія бедныя з выгляду, што жаль рэжа сэрца. Ці на новае месца, ужо знойдзенае, ці мо шукаць яшчэ куска хлеба, папярэдне пераехаўшы ў другое месца? Цікава. Сёмка ажно падняўся з месца, каб пільней разглядзець твары гэтых людзей. Але яму гэта паказалася няёмка, і ён зноў прысеў... Прысеў і рашыў паказаць іх Рыгору; але толькі павярнуўся да яго, каб прагаварыць слова, як тут жа, збоку, угледзеў маладую пекную белакурую дзяўчыну, апранутую ў цёмнае да стану паліто, з таннаю пастэркаю на галаве. Яна сядзела бокам к сталу, трымаючы кашэлік на прыполе, і ўкрадкаю, наўскасяк пазірала на Рыгора. Сёмка ўпарта паглядзеў на дзяўчыну і ўлавіў у нарысе яе твару вялікае падабенства з Зосяю; тыя ж сінія валошкавыя вочы, сярэдні роўны лоб, прадаўгаваты нос, адпавядаючы гэткаму ж твару, чыстыя, з лёгкім ружам, шчокі, поўныя чырвоныя губы пекна выразанага нешырокага рота над прадоўжным падбародкам; той жа, заўсёды мілы, жывы, нестухаючы пераліў чуць прыкметнае, але палкае, цягучае, вабячае ўхмылкі. Уся постаць яе, як вымалеваная мастаком, выглядала лёгкай, паветранай; ад дзяўчыны нясло здароўем, жыццерадасцю. Сёмка міжвольна заглядаўся на яе, адцягваючыся думкамі ад усяго іншага, што хвілю назад цікавіла яго. Ён не мог адвярнуцца, не зважаючы на няёмкасць, якую, відаць было, адчувала незнаёмка, прыкмеціўшы ўпарты Сёмкаў узрок. I толькі, калі дзяўчына адвярнулася ў другі бок, Сёмка апусціў вочы.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130