На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Брудная будзё'нная адзежа, у якой ён быў адзеты, запылены твар, вясковая прастата і непаваротнасць, якія выступілі перад ім, засаромілі Сёмку: ці не падмеціла толькі гэтага дзяўчына і, гледзячы на яго, ці не смяецца толькі ў нутры сваім?
Сёмка паглядзеў на Рыгора і чапіў яго за руку. Той адвярнуўся на Сёмку.
— Зірні толькі, Рыгор, налева,— сказаў Сёмка на вуха таварышу,— вунь сядзіць Зося, точ у точ.
Рыгор крута павярнуў голаў і стрэўся з узрокам суседкі.
Яе падабенства на Зосю міжвольна кінулася яму ў вочы.
— А што? Мо  няпраўда? — запытаў Сёмка.
— Праўда, настаяшчы дубальт, але, здаецца, куды прыгажэйшы,— адказаў Рыгор.— Цікава, куды яна едзе? Вось, ды каб у мой бок!
— Запытай,— парадзіў Сёмка.
— Трэба,— згадзіўся Рыгор і павярнуўся да дзяўчыны.
Сёмка настаражыўся, і ўвесь — адна цікавасць — чакаў, як пойдзе гутарка між Рыгорам і незнаёмаю дзяўчынаю.
— Выбачайце, вы далёка едзеце? — далікатна, ціхім голасам запытаў Рыгор.
Дзяўчына здаволена ўсміхнулася і ахвотна, смела адказала:
— Да Рыгі. А вы куды? Яна павярнулася к Рыгору.
— Я таксама туды,— паспяшыў   паведаць Рыгор.
— Вы хлусіце, мабыць? — не паверыла дзяўчына.
— Чаму вы так думаеце? Я сур'ёзна кажу. Вельмі рад, што разам паедзем.
— Вы ўжо будзеце маім праважатым,— дасціпна запрапанавала дзяўчына.
— 3 вялікаю ахвотаю. Каб вы ехалі не ў Рыгу, дык і то я паехаў з вамі,— шчыра, не ўмеючы стаіць узнятага ў сабе пачуцця, сказаў Рыгор.
— Няўжо?
Сёмка тайком ухмыляўся, чуючы іх гутарку, і стрымоўваў гострае жаданне і самому ўставіць слова-другое. Але кожны момант, толькі парываўся расчыніць рот і выгаварыць што-кольвек, як нешта хапала яго за язык і ён змаўкаў.
Рыгор жа слова за словам развёў з дзяўчынаю гутарку. Ён забыў нават, што каля яго сядзіць Сёмка, занядбаў блізкай разлукай з ім і выпусціў з думак усё тое, што меўся напомніць яму пры расстанні. Павярнуўшыся да суседкі, Рыгор незмігутна глядзеў ёй у твар, цешыўся яго мілавіднасцю і, як воск ад агню, раставаў пад яе сапраўды пекным узрокам.
— Рыгор! — у кароткі перарыў між чарговым запытаннем дзяўчыны і Рыгоравым адказам пазваў Сёмка таварыша.
— Што? — не адварочваючыся, запытаў Рыгор.
— Я, браток, думаю ехаць. Ужо прайшло колькі часу. На дварэ зусім развіднелася. Ну, бывай здароў!
Рыгор штосьці прамовіў да незнаёмкі, падняўся з месца і пацалаваўся з Сёмкам.
— Не забывай, браце, пішы часцей,— яшчэ раз папрасіў Сёмка Рыгора і павярнуўся да дзвярэй.
— Гэта мой найлепшы таварыш,— паведаміў Рыгор незнаёмку,— выбачайце, я правяду яго на двор; мне трэба папрасіць ад яго адной рэчы.
Рыгор нагнаў Сёмку і выйшаў з ім з класа.
— Вітай ад мяне ўсіх: Зосю, Гэлю, Петруся, тваіх бацькоў... I не забудзь зайсці да мае маткі...
— Добра, добра, усё выпаўню... А ты, у свой чарод, не забудзь прыпісаць мне ў першым жа лісце, як і што ў цябе выйдзе з гэтаю дзяўчынаю. Красуня, на яе ліха. Ты ўжо не пакінеш, пэўна, яе праз усю дарогу? Толькі глядзі-ы, каб...
Сёмка не дасказаў, насмешліва пакачаўшы галавой.
— Я бачу, ты вельмі скора ўліп у яе...
Рыгор здаволена ўсміхнуўся і нічога не адказаў.
— Ну, бывай здароў! Шчаслівай дарогі! — пажадаў Сёмка, яшчэ раз пацалаваўшыся з Рыгорам.
Той памахаў яму ўслед капелюшом, пастаяў з хвіліну і вярнуўся ў клас.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130