На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

I толькі ён паспеў падысці к дзяўчыне, як сярод пасажыраў падняўся рух і бегатня. Усе ўзняліся з сваіх месцаў, хашліся за клумкі і куфэркі і кінуліся к выйсцю на перон.
Пачуўся званок, абвяшчаючы падыход поезда.
Рыгор са сваёю спадарожнай, не спяшаючы, выйшлі з класа, абгледзелі вагоны і накіраваліся ў другі ад заду. У вагоне было свабодна, і яны занялі ў першым ад выхаду аддзяленні два месцы пры акне. Рэчы свае і дзяўчыны Рыгор гаспадарна ўладаваў на верхняй лаўцы, а сярэднія дзве прыназначыў пад спанне, павесіўшы на кручку з аднаго боку сваю жакетку, а на працілежным — дзяўчыніна паліто.
— Вось цяпер спакойна можам ехаць аж да самай Рыгі,— пацешыў ён новазнаёмую,— хочаце, пойдзем на перон на хвіліну-другую?
— Каб не спазніцца... Во, другі званок...
Яны ўсё ж падышлі к дзвярам вагона і агледзелі перон. На платформе кішэла народу: адны пёрліся са станцыі, спяшаючыся ў вагоны, другія на момант выскаквалі з вагонаў і мерыліся збегаць на станцыю ў буфет; трэція няслі ў руках розныя рэчы, купленыя ў буфеце. Папарна праходзілі сюды-туды ўсцяж будынка станцыі праважатыя і проста цікуны. што прыходзілі, нягледзячы на гэткую рань, да кожнага поезда на станцыю пагуляць і паглядзець на пасажыраў. Каля дзвярэй пры сцяне выдзялялася некалькі хвігур рамізнікаў, якія пільна сачылі за прыехаўшымі ў Ліцк. Як угарэлыя, бегалі ўзад ды ўперад насільшчыкі, парожныя і з паклажай у руках: некаторыя з воклічамі правозілі к багажнаму вагону пошту і варочаліся з тачкамі к багажнаму аддзяленню.
— Нічога цікаўнага; звычайна, як на станцыі,— вымавіла дзяўчына да Рыгора.
— Так, пойдзем на месца.
Пакуль яны стаялі ў дзвярах вагона, к ім падсела чатыры пасажыры: старая сялянка, сярэдніх гадоў мужчына, маладзіца — яго жонка і пажылая кабета.
Усе з іх пазаймалі вольныя месцы, не пакушаючыся на тыя, што былі заняты Рыгорам са сваёю падарожнай.
— На нашы месцы ніхто не пасягаў? — запытаў Рыгор у старое сялянкі.
Тая пільным узрокам агледзела як Рыгора, так і яго новазнаёмую дзяўчыну, і ўверана адказала:
— Каб хто і пасягаў, то мы не дапусцілі б; раз месцы заняты, ужо не закон іх перахопліваць. Тут двое кабецін намерваліся сесці, але мы сказалі ім, што месцы заняты.
— Дзякуем вам,— падзякаваў Рыгор і следам прагаварыў да дзяўчыны:
— Вы мо спаць хочаце?
— Не, на станцыі, прызнацца, троха і хацелася, а цяпер зусім не.
— А калі хочаце, то будзьце ласкавы,— я вас з прыемнасцю павартую.
Прапануючы сваёй падарожніцы спаць, Рыгор зусім не хацеў, каб яна забралася на полку і спала, пакінуўшы яго аднаго сядзець; яму жадалася, каб дзяўчына сядзела перад ім, а ён глядзеў бы на яе. Рыгор і сам адчуваў цяжар дарогі і бяссоннай ночы, але крапіўся, змагаўся з утомай і млявасцю, адганяў дрымоту і казаўся вясёлым і бадзёрым...
Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца.
— Вось ужо колькі часу, як мы знаёмы, а яшчэ не ведаем нават, як кожны з нас завецца... Вы, мабыць, не маеце імя, прыгожая незнаёмка?
Лёгкі смех пакрыў яго дабротны твар. Дзяўчына таксама какетліва ўсміхнулася.
— Я-то з імем, ну, а вы, напэўна, без яго...
— Якое ж яно ў вас, цікава?
— А вам канечна хочацца ведаць?
— Хочацца... як вам сказаць; яно б і не шкодзіла.
— Калі так, то скажу: натапырвайце вушы,— дзяўчына ўголас засмяялася.— Ганнаю завуся я, падабаецца ці не?
— Гэтага я вам не скажу; за паведамленне ж дзякую... А маё імя — Рыгор. Рыцарскае троха?
— Вядома, не траха, а многа,— пажартавала Ганна.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130