На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— Ну, цяпер мы, думаю, трохі больш знаёмы: хоць можна па-людску звярнуцца адно да другога. Мо няпраўда... Ганна?
Апошнія словы Рыгор правёў ветлівым узрокам на Ганну. Тая адказала не менш мілым, нават прагавітым возіркам на Рыгора; яму паказалася, што сінія, пякучыя вочы яго знаёмай не дарылі яго дасюль гэткаю ласкавасцю, як на гэты раз. Але, прыгледзеўшыся на Ганну, Рыгор заключыў, што яе мастацка-правільны, як намаляваны, мяккі твар, падкрашаны маладым, свежым ружам, пастаяннай бегатнёй рэзвых зайчыкаў непагрэшнае жывое ўхмылкі, што яе стройная, як вылітая, постаць, поўная жыцця і руху, не могуць не выкрываць салодкага кіпення яго палкага пачуцця. Рыгору не хацелася ўспамінаць — што толькі-толькі, як ён развітаўся з Сёмкам і прасіў яго кланяцца ўсім і, асабліва, наведаць яго мацеру. Ён ужо быў заварожаны Ганнаю, якое ніколі дагэтуль не бачыў, якая выпадкова вынікла перад ім. Сядзеў і глядзеў ёй у твар, ёю зачарованы. Не чуў, ці стаіць цягнік, ці едзе; не бачыў, ці сядзіць хто каля іх, ці яны адны аднымі, не цікавіўся, што за акном вагона. Сядзеў і не мяняў позы, быццам вылепленая мастаком фігура.
Гэтая сабранасць усёй Рыгоравай істоты ў адным фокусе і жалезная сіла цвёрдасці, якую вылучаў ён на Ганну, прымушалі яе, маладую, чулую дзяўчыну, ахвотна карыцца Рыгору, нерухома, урачыста сядзець і пераліваць унутры, як рэчка хвалі, узбуранае пачуццё. Ганна, як бы ў аддзяку Рыгору — дар за дар, упарта ўзіралася ў яго белы твар, у шэрыя праназаватыя вочы, на высокі лоб, і, падобна Рыгору, абураная разгойданым пачуццём і навеянымі марамі, забывала, куды едзе, адкуль едзе, дзе была і што рабіла... Ні настаўнік Герасім, з якім яна два тыдні бегала па бярозавым гайку, госцячы ў цёткі, ні Андрэй — паштавік у Рызе, з якім яна не адзін раз правяла шчаслівыя хвіліны — ніхто і нішто не ішло на думкі: Рыгор засланіў сабою ўсё.
Старэнькая бабулька, што сядзела поруч з Рыгорам, суцешна паглядала на іх, адобрана ківала галавою і сама сабе ўмілялася. Не пакідалі без увагі Рыгора з Ганнаю і занятыя пільнай дзелавой гутаркай між сабою пасажыр — мужчына са сваёй кабетаю: час ад часу, не кідаючы гутаркі, адварочваліся яны к акну, азіралі з ног да галавы і Рыгора, і Ганну, вымаўлялі па іх адрасу пару слоў і пераходзілі да свае гутаркі. Цікавіліся імі і астатнія двое пасажыраў з іх аддзялення. Толькі бачыўшы за сваю службу на чыгунцы шмат чаго цікавага, заклапочаны кандуктар, параўняўшыся з іх аддзяленнем, бесцырымонна, не лічачыся ні з чым, прагукаў:
— Вашы білецікі!
— Дзе мы ўжо будзем? — запытала Ганна і паглядзела ў акно вагона.
— Зараз праведаем,— адказаў Рыгор, таксама выглянуўшы ў акно.
— Хутка Малажава, дзеткі,— умяшалася бабулька.
Рыгор з Ганнаю адхіліліся ад акна і зноў паселі на сваіх месцах.
— Малажава, кажаце? — перапытаў Рыгор.
— Але... А вам, дзеткі, куды трэба? Не ў Вільню часамі? — зацікавілася бабулька, задаволеная тым, што нарэпіце знайшлася магчымасць адчыніць рот.
— О, не, цётачка, мы едзем далей... але па дарозе на Вільню.
— Далей! Яшчэ нават далей ад Вільні! О-ё-ёй! Ды мае ж вы дзеткі! Ды навошта ж вам так далёка забірацца ад дому? I ці вас бацькі спакойна адпусцілі ў гэтую даль?
Ганна ўкрадчыва пасмейвалася, гледзячы на бабульку. Рыгор спагадліва пазіраў на яе, гатовы і далей гутарыць з ёю.
— Ды што казаць аб дзецях, вось вы старая і таксама едзеце кудысьці,— уставіў ён.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130