На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— Дык яно так, але... усё ж, галубка, зайдзі ў хату. Волька адышла ад акна і накіравалася да дзвярэй.
Зося падбегла к люстэрку і паглядзелася: на ёй усё было акуратна. Заплеценая каса спускалася ўздоўж плеч; пасамкі валос брыжастаю тасьмою аціналі яе белы, крыху стомлены твар; але наспех адзетая спадніца і кашулька сведчылі аб лёгкай на гэты раз нядбаласці Зосі. У агульных рысах яе фігуры, стройнай і цікавай, вызначалася свежая малажавасць і рэзвая лёгкасць, якія рабілі яе зусім непадобнай да стараннага аратага і жняца.
— Што ты ўглядаешся так пільна? Харошая ўжо, харошая,— пажартавала Волька, увайшоўшы ў хату.
Зося здаволена ўсміхнулася і адказала:
— Ведаеш, ужо з гадзіну, як устала, а неяк усё не было як і на сябе паглядзець.
— А бачыш, я дык паспела ўжо мяшок травы прынесці ды вось зноў сабралася ісці.
— Я ж кажу, ты ўжо завельмі рупная гаспадыня.
— Трэба, цудная ты! Вунь маці нешта залягла з учарашняга вечара, дык хто ж зробіць за яе?
Волька падышла к люстэрку і пацікавілася на сябе.
— Зосечка, што ж ты не кажаш? Я ж проста, як страшыдла якое! I ты ж падумай, у гэткім вось выглядзе, як цяпер... сустрэлася раніцой з Сёмкам... Х-ха-а-ха!
— 3 Сёмкам?! Няўжо? Каб цябе цяміла, як ты паспела! Ну, і спрыт жа ў цябе.
Зося ўголас засмяялася.
— Ты вось толькі і напраўду не падумай, што я знарок з ім наладжвала спатканне... Зусім" нават не хацела гэтага. Нясу так, ведаеш, траву вулачкаю, а ён якраз тыц са сценкі: «Чакай,— крычыць,—Волька». Я ж мусіла спыніцца. I гэтак удваіх разам прыйшлі дамоў.
— Нябось, нагаварыліся па дарозе досыць?..
— Вось толькі не выдумляй, чаго не трэба,— перабіла Зосю Волька, адвярнулася ад люстэрка і падбегла к акну.
— Гаварыла-то гаварыла,— інакшым тонам сказала Волька,— толькі зусім не аб тым, аб чым ты можаш падумаць. Гаварылі мы, калі хочаш ведаць... аб Рыгору.
— Аб Рыгору?!
Зося раптам змяніла міну, вытарашчыла вочы на таварышку і настаражылася.
— Так, аб Рыгору, мая міленькая,— спакойліва пераказала Волька,— ты, пэўна, ведаеш, што ён сягоння выязджае. Вось якраз яго Сёмка адвозіць у Ліцк.
Зося хоць і ведала, што гэтымі днямі Рыгор выязджае, але тое, што яго ад'езд выпаў на сягоння, было для яе зусім раптоўным і неспадзяваным. I Вольчыны словы ўзварухнулі ўсю яе істоту.
— Няўжо-такі сягоння? — як бы не хочучы верыць гэтаму, яшчэ раз пераканалася Зося.
— Так, так... А ласне ён табе не сказаў пра гэта? Зося смутным узрокам паглядзела ў акно.
— Я нават, прызнацца, і не пытала ў яго...
— Не пытала?
— Не, не пытала... і таму, Волечка, не пытала, што, ведаеш, няма ніякай карысці пытаць... няма карысці, бо ўжо між намі пастаўлена загарадзь... высокая, шчыльная загарадзь...
Зося зрабіла міну, на якой адбіваўся глыбокі жаль.
— Загарадзь вырасла, а сэрца зусім не хоча згадзіцца з гэтым. Не магу згадзіцца з думкай, што давядзецца з ім расстацца...
— Ды я добра ведаю, Зоська, што і казаць, але... прыходзіцца часамі з многім чым згаджацца...
— Вельмі, даражэнькая, цяжка...
Зося абняла Вольку аберуч, палажыла ёй на грудзі галаву і глыбока ўздыхнула. Волька спагадліва пагладзіла таварышку па галаве.
— I так сталася, што нават і пабачыць нельга на ад'ездзе: нельга па-людску развітацца,—жаласліва выказала Зося, стрымліваючы горнасць.
— А ласне, Зоська, ты яго не бачыла з таго разу, як была з ім у хвойніку? — запытала Волька.
Зося адразу не знайшлася, што адказаць. Ці прызнацца мне ёй, ці схлусіць?» — падумала сабе і як бы сумелася ад свае думкі.
— Прызнацца табе, сястрыца, адзін раз сустракалася з ім,— нясмелым і няпэўным голасам адказала Зося,— толькі то ўжо мінула, адышло... і так хочацца, каб яшчэ сёння...
— Дык хадзем правядзем яго! Што там глядзець на розныя перасуды! Каго і што баяцца? Плюнь на ўсё, і хадзем. Га, Зося? — выспрабавала Волька таварышку.
— Ой, што ты кажаш! — здзівілася Зося.— Як жа мне ісці, аброчанай, закантрактованай... Гзта ж калі ўгледзіць маці ці бацька, дык жыццё атруцяць; спакою не будзе ні днём, ні ноччу... Дзе ты бачыла, Волечка...
Стук дзвярэй перабіў іх гутарку: Зося безнадзейна матнула рукою, нявесела ўсміхнулася і, адступіўшыся ад Волькі, хапіла рукамі за косы.
— Трэба косы паправіць,— ні к чаму выказала яна,— а то, глядзі, і я на пудзіла нейкае падобна.
— Так, завяжы лепш у куклу; хоць табе, па-мойму, куды лепш прыстае каса.
Расчыніўшы дзверы нарасхлест, клубком укацілася ў хату рэзвая, вяртлявая Тэкля.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130