На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

На дварэ ўжо было ціха, толькі рэдкія глухія гукі даходзілі дзесь з-пад вакзала, роўна заміраючы ў сценах двара: у суседніх вокнах патухлі агні. Рыгор крыху пастаяў каля акна, пасля прычыніў яго, занавесіў фіранку і пачаў збірацца спаць.
Пасля ўсяго перажытага і перадуманага ў звязку з дарогаю, Рыгор спаў, нібы апоены макам. Толькі лёг, як праз момант заснуў, не паспеўшы нават перавярнуцца на другі бок, як то ў яго было звычайна, і на адным баку праспаў да раніцы. Праспаў бы. напэўна, без просыпу да гадзіны дванаццатай дня, каб акуратная Вільгельміна роўна а палове сёмай не пастукала ў дзверы. Рыгор ад стуку прачнуўся, падняў голаў і паглядзеў у акно; але спрасонку, не прыгледзеўшыся, яму паказалася занадта рана, першае развідненне, і ён зноў прылёг, нацягнуўшы на галаву коўдру. Несвядома прамігнула гарачае прыемнае пачуццё, якое яму шапнула: «Пачакай, паспееш яшчэ напрацавацца»,— і следам безадгукнае парашэнне,— не ісці на работу да заўтрага. Заспакоены, ён хутка заснуў, глыбока і смачна.
У кватэры было ціха, нішто не перашкаджала спаць, і ён беспаварухна праспаў ажно да дванаццатае гадзіны дня. Гэтага было досыць, каб уволю выспацца, каб супачыць. I Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Падняўся з пасцелі і ў адной бялізне прайшоў па пакоі.
Пакой выглядаў нейкім нарадным і вясёлым, як ні разу да гэтага. Жывымі здаваліся карцінкі на сценах, учора смутныя, запыленыя, выглядала пачышчанаю мэбля. Ён падышоў да акна, адшмаргнуў фіранку, прачыніў яго і глыбокімі дыхамі пацягнуў надворнага паветра і сонечнага святла. Стала яшчэ бадзёрай, як бы хто ўпусціў у яго цела жыццедаўчы элексір. Рыгор сціснуў кулакі, прарабіў гімнастычныя махі і раптоўна, адбегшыся ад акна, прыняўся адзявацца. Аб заводзе не хацелася і думаць; наогул, ён цяпер жыў пачуццём, а не думкамі: цягнула да сну — ён спаў, захацелася адзявацца, пасля ўмывацца — ён прыняўся за гэта. Толькі тады, калі ўжо адзеўся і разоў з дзесятак прайшоўся па пакоі, завярцелася думка і паднялася свядомасць, якая падказала яму намаляваць цэлы план сенняшняга дня. 3 гатовым планам Рыгор і выйшаў а першай гадзіне на вуліцу.
На вуліцы было душна: сонца паліла, не шкадуючы, і да таго нагрэла брук, цэглу дамоў і асфальт тратуараў, што ад іх нясло, як з печы. Цяжка было сапці і не хапала паветра, каб задаволіць прасмагшыя грудзі. Рыгор перайшоў на ценявы бок вуліцы і памаленьку прайшоў да знаёмае кавярні, дзе ён заўсёды снедаў. У кавярні, куды ён завярнуў, было шмат халадней і прыемней. Але чамусьці ў ёй было зусім нямнога людзей. За адным столікам, каля буфета, сядзеў нейкі сярэдніх гадоў мужчына за бутэлькаю сельтарскае вады, а насупроціў, у кутку — двое дзяўчат, значна падбеленых пудраю, у памятых капотах. Яны паглядзелі на Рыгора пры ўваходзе ў кавярню і раз-поразу кідалі на яго бессаромныя ўзрокі. За буфетам сядзела знаёмая яму буфетчыца, сімпатычная дзяўчына, трымаючы ў руках кніжку. Рыгор папрасіў сабе шклянку гарбаты, французскую булку і чвэртку каўбасы, спакойліва, не спяшаючы паснедаў і, даўшы «бывайце здаровы» буфетчыцы, выйшаў.
Нягледзячы на духату, на вуліцы кішмя кіпела жыццё: шнурком беглі тратуарамі ў адзін і ў другі бок людзі, клапатлівыя, не маючы вольнае хвілінкі, з партфелямі, з палачкамі, з папкамі. Сярэдзінай, па бруку, шмыгалі самакаты, гуськом цягнуліся ламавікі, на перадках, запрэгшыся, як жывёла, плішчыліся ручныя перавозчыкі паклажы, спрытна вывіваліся сярод іх веласіпедысты. На рагах вуліц, пры ліхтарах, а то на падаконніках магазінных вокан стаялі і сядзелі чорныя забруджаныя грузіны, ваксоўшчыкі абутку, і ўперамежку чырвонагаловыя пасыльныя. Ім, пэўна, не было душна ад сонца, загартаваўшага іх загарэлыя твары і прагрэўшага да апошняе жылкі іх вытрывалыя постаці; таксама яны былі прывыклымі ўжо і да смуроднага пылу, які згушчаў сабой паветра і прасочваўся дыханнем у лёгкія. Характар работы прывучыў іх да вулічнага шуму, да нервовага гарадскога руху: хай сабе пячэ сонца, хай падымаюцца слупы пылу, а ім трэба етаяць на сваім месцы і чакаць, зазіраючы ў вочы прахожым, пакуль каторы з іх працягне чаравік або даручыць занясці пакет. Гэтакіх усё ж трапляецца нейкая лічба — і іх умела пазнаюць і пасыльныя, і ваксоўшчыкі абутку. Глядзіш
— то адзін, то другі на вачах вядуць сваю справу. Таго ж чыну і таварышы іх — газетчыкі: на кожным рагу вуліцы сустрачалі яны Рыгора, прапануючы навязчыва сталічныя і мясцовыя газеты. Многія з прахожых з зайздросцю пазіралі ў вялікія, чыста выцертыя шыбы, магазіны, косячы вачыма або на хвілю-другую супыняючыся пры акне.
Прамінуўшы некалькі вуліц і перавулкаў, Рыгор, нарэшце, апынуўся на Узбярэжнай.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130