На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Добра, якраз я сам меўся тудэю існуе.
Яны выйшлі на заводскі двор, перасеклі яго ў кірунку да Каралевай будкі і прыпыніліся. Караль не даў сябе доўга чакаць: хутка выбегшы з будкі, ён машынальна ўзяў пад казырок і адчыніў ім дзверцы.
— Заўтра, нябось, абое прыйдзеце на работу?— запытаў іх і жартліва дадаў: — няма чаго траціць часу.
— Ото ж і ёсць,— разам адказалі Рыгор з Міхасём.
Але стук дзверцаў, якія тут жа зачыніў за імі Караль, скралі іх словы, і стары моўчкі шмыгнуў назад у сваю будку.
Рыгор з Міхасём азірнуліся і павярнулі ў той бок, з якога Рыгор ішоў на завод.
Ім аставалася прайсці да прыстані каля вярсты. Рыгор не хацеў траціць часу, і толькі яны адышліся крокаў з дзесятак ад заводскае брамы, як ён хутчэй паспяшыў завесці гутарку.
— Дык вы паўней паведаміце мяне аба ўсім?
— Абавязкова...— Міхась навакол азірнуўся.— Вось што, брат, надоечы папярэдні дэлегацкі сход ад фабрык і заводаў вырашыў баставаць. Нельга, бачыш, прапусціць гэткага выдатнага моманту, які склаўся цяпер. Усе, як адзін, з жалезнаю рашучаецю настроены пратэставаць супроць суду над балтыцкімі і кранштадскімі матросамі. Вось на днях павінен адбыцца паўторны станоўчы сход дэлегатаў, каб намеціць дзень абвяшчэння забастоўкі. Трэба не ўпускаць часу і не распыляць сіл. Якраз можна будзе падтрымаць дух і булачнікаў таксама. Колькі часу яны бастуюць, а падмогі няма; нават больш таго: між самімі ідзе няўладзіца — частка бастуе, другая пайшла працаваць. Гэта сее нездаровы настрой... А вось і на заводзе кампаніі: які час бастуюць адны і не да лепшага, а глядзіш, фабрыканты перамогуць і пойдуць у наступ. Ужо чуваць гутаркі аб лакауце. Патрэбна, каб нас не засталі раптам — лепей нам ударыць усім разам на ворага... Загэтым і паміж партыямі наладжана каардынацыя чыннасці...
— Так, так, так,— цалкам згаджаючыся з Міхасём, поўны натхнення адказаў Рыгор,— толькі тады выйграем, калі самі пойдзем у наступ... Настрой уздымны ўсюды... Вось у нас, дзе я быў, гатовілася забастоўка гарбароў... На вёсцы канфлікты сялян з памешчыкам...
— Вось бачыш... Міхась хвіліну падумаў.
— Ты, пэўна, зусім не спадзяваўся, што так шырока разліюцца здарэнні. Тыя маленькія адзнакі, якія адмячаліся перад тройцаю, зусім не казалі на гэта... Яно, бачыш, заўсёды так бывае...
— Ведаеце, таварыш Міхась...— перабіў Рыгор.— Каб я ведаў, што ўсё яно прыме гэткія формы, я б і тыдня дома не прасядзеў... Дзе там адпачынак у час пажару! Мяне ўсяго ахапляе абурэнне, забірае прага... Пара ўжо, нарэшце, сказаць рашучае слова... Праўда, і дома я дарам не праседзеў...
— Шша-а!.. Міхась суняў Рыгора.
— Ты цішэй... Пара прыспела падаць голас — падавай. Напіраюць злучанымі сіламі капіталісты і ўрад. Пачулі нядобрае для сябе... А калі напіраюць, то не гнуцца ж самохаць!
— Пэўна, у трубу сагнуць... Падумаць толькі, да чаго дайшло. Хоць бы ўзяць вёску — выказаць нельга, што там чаўпецца! Ураднік, старшыня, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе агулам глумяцца з бедняка. Не адгукніся, не абзавіся, слова яе вымаў — усё аглядайся, усё бойся. Маўчы, як нямы. Але, не маўчаць, а чакаюць, што горад скажа, што мы тут пастановім.
— Гэтага мала, патрэбна рашучая падмога з боку сялянства...
— Мне думаецца, што яна будзе. Я суджу па сваім месце. У нас большасць — бядняцкае малазямельнае сялянства; ёсць багатая спадчына народавольчаскай чыннасці: яскравая памяць аб 1905 годзе. Арганізацыя сацыял-дэмакратаў хоць і невялікая, а ўплыў мае вялікі. Між вёскамі маецца цесная сувязь — у кожнай ёсць некалькі нашых чалавек...
— Так, але ўсяго гэтага мала, вельмі...
Міхась не даказаў і змоўк. Рыгор не прымеціў нават; захоплены настроем моманту, ён сягаў і думкаю, і. пачуццём у блізкай будучыні, якую абяцалі выкінуць наповерх хвалі раскалыханых здарэнняў. Выабражэнне яго не магло справіцца з тым вобразам, поўным сілы і магутнасці, руху тысячных грамад, які ў выразных рысах насіўся ў яго ваччу. Перад гзтым вобразам прыкметна нікла і гінула ўсё тое, што было не звязана з агульным жыццём, з ідэямі працоўных гушчаў. У Рыгоравым нутры ўвачавідкі нарастала прагнае жаданне як найхутчэй падцягнуць здарэнні, прыспяшыць іх развязку і, разам з гэтым, не абысці іх самому, не абмінуць, а абмыцца імі, кінуцца ў іх віраванне, уплыць сваёю чыннасцю на іх развіццё і пасобіць пакіраваць па сваім разуменні. О, ён даў бы ім кірунак, смелы і адважны!
Рыгор ажно скалануўся ўсёй постаццю ад надышоўшага пачуцця ўздыму. Паглядзеў на Міхася. Мімавольна падумаў: «Руху, змагання, помсты! Хай бы адчулі на сабе, якая сіла назбіралася ў нашых радах!..»


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130