На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— Так...—ацвярозіў Рыгора Міхась.— На днях назначаны другі дэлегацкі сход... Ад нашай майстэрні, ведаеш, выбралі і цябе... Што ты скажаш?
— Як яно выйшла? Ці ж ведаюць, што я прыехаў? Або без мяне не знайшлося? — здзівіўся Рыгор, а сам палаў ад радасці...— Ці не вы, адно, Міхась, пастараліся?
— А калі я, дык ты нездаволены?
— Не тое, толькі думаў...
— Годзе думаць, пара сур'ёзна брацца за справу... Рыгор памаўчаў, ён толькі і думаў аб сур'ёзным.
— А скажыце, Міхась, які настрой на нашым заводзе? — перайшоў ён на другое.
— Як і ўсюды: рвуцца на барыкады...
Рыгор падумаў, пакуль прайшлі які сажань, пасля зноў запытаў Міхася:
— Ну, а як, па-вашаму, можна спадзявацца на поспех?
— Памойму, адно: будзем маўчаць — то, напэўна, прайграем, а станем адбівацца, то хоць прайграем, але не столькі...
— А такі прайграем, ці так, ці гэтак? — сумеўся Рыгор.— Дакуль жа, нарэшце, мы будзем прайграваць, скажыце?
Міхась усміхнуўся. Паглядзеў па баках.
— Трэба вучыцца выйграваць на... прайграным.
— Балюча і немажліва гэта... Годзе! Трэба напружыць усе сілы і паўтарыць пяты год...
Міхась узяў Рыгора за руку.
— Астынь, астынь, браток. Занадта ты гарачы, як я пабачу. Лепш паціхеньку, вобмацкам, збіраючы сілы, вырахоўваючы, а не без азірку, нагалам. Пачакай — яшчэ год, яшчэ год...
— I колькі гадоў?
— Колькі выпадзе — тут не скажаш дакладна. Рыгор сярдзіта матнуў рукою ў бок горада. Міхась не ўтрымаўся і ўголас зарагатаў:
— Зялёныя!
У яго словах Рыгор адчуваў недачасную спакойлівасць, і падазрона падумаў: «Ці ж можна з гэткім настроем ісці ў бойку».
А Міхась, чалавек гадоў сарака пяці, нагледзеўшыся і начуўшыся, перажыўшы шмат забастовак і паўстанне пятага года, многа разоў губіўшы палкасць і захапленне з-за частых няўдач, пазіраў на Рыгора, як на вучня, упікаў за яго моладасць, шкадаваў сваіх ранейшых гадоў і тут жа сам сабе цешыўся, як бы ў адплату за іх, што яго сілы і турбацыя не загінулі, што з кожным часам новыя і новыя шэрагі ваяк выступаюць на арэну змагання за вялікія ідэі вызвалення працоўных. Багатая сокамі цаліна агромнай краіны расціла маладыя пасынк, як давялося перанесці! Міхася, арыштаваўшы ў першамайскую маніфестацыю, марылі тры месяцы без работы — ці ж не дзеля таго гэта, каб дзень ада дня, на вачах, уверана ды ўпарта ўзрастала на гэтым новая хваля маладое бунтоўнае сілы, сілы, якая нясе ў сваім росце магутныя заданні новаму, вольнаму жыццю!
Вось Рыгор! Колькі іх ідзе па Міхасёвых слядах!
I далей, далей, туды за Дзвіну, туды, да заліва, адыходзілі чорныя цені мінуўшчыны, праясніліся паземы, і побач расла вера, маладое натхненне.
Міхась ступаў па напаленых каменнях тратуара і адчуваў, як прутка выпростваюцца ногі, як лёгка адмяраюцца рашучыя, цвёрдыя крокі. Ён ішоў праз гушчу варожага яму жыцця, давіла духатою атрутнага паветра,— а яго вера маланкаю разразала згусткі павісшай жыццёвай духаты.
Рыгор, ідучы побач, замоўкшы, задумаўшыся над тымі ж заданнямі, што і Міхась, цешыў апошняга сваім настроем і глыбокім азнаннем падаспеўшых пытанняў моманту.
Міхась не сцярпеў, каб не выказаць Рыгору свайго пачуцця.
— Ведаеш, Рыгор, ты ўзбадзёрыў мяне сваім настроем. Я вельмі рад тваім словам; я рад, што ты ўбіраеш іх гэткім натхненнем.
Рыгор быў палішчаны.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130