На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— Я радуюся, таварыш Міхась, што папаў у гэтыя ўмовы жыцця; я шчаслівы, што не закалыхала мяне мястэчка сваёю будзёншчынаю.
Я бласлаўляю той момант, у які я стаў на шлях змагання. Сіла яго збіралася ва мне гадамі, гартавалася, а зараз вось выбухае наповерх. I кажу я вам: майму жыццю няма і не будзе іншае дарогі, як дарога несупыннага, кіпучага, самазабыўнага класавага змагання за свабоду...
Рыгор слова за словам паднімаў голас. Захапляўся пачуццём, ківаў галавою і перабіраў пальцамі. Пешаходы, што наганялі іх ззаду і што ішлі насустрач, цікавіліся, павярталі ў іх бок галовы, некаторыя азіраліся, іншыя чуць-чуць усцішалі хаду; бывалі, што іранічна падсмейваліся. Нарваўся адзін такі, што бесцырымонна спыніўся, параўняўшыся з імі, і пільна пачаў прыглядацца. Рыгор не прыкмеціў, але Міхась, напрактыкаваны на людзях, заўважыў цікавага і тузануў Рыгора за рукаў: Рыгор сціх і паглядзеў на Міхася...
Зусім блізка была прыстань. Перад дашчанаю будачкаю ціснуўся натоўп людзей, якія чакалі парахода. Да іх надыходзілі ўсё новыя, гусцеючы і павялічваючы кожнаю асобаю людскую грамаду.
Рыгор з Міхасём сышлі з тратуара, перасеклі вуліцу і апынуліся ў гушчы натоўпу. Як і ўсе, паглядзелі на рэчку.
Дзвіна паважна гайдалася ў каменных берагах. Лёгкія скруткі спакойлівых, нібы прыўтомленых хваль, пярзстых ад пераліву святла з ценем, кудысьці задуменна вялі паход. Белымі, буйнымі птушкамі насіліся лёгкія паруснікі, як правадыры хваль; каля абодвух берагоў ціснуліся пукатыя, ужо засмоленыя і яшчэ жоўтыя баркі, заплыўшыя вадою плыты. Далей і бліжэй шныралі параходы і параходзікі.
— Якая магутная рака! — падзівіўся Рыгор. Міхась нічога не адказаў: натоўп зарухаўся і падаўся да сходаў; іх абодвух збілі з месца — падыходзіў параход.
— Ідзі лепш, каб не натаўхалі,— параіў Міхась і схаваўся ў людзях.
— Да заўтрага, бывайце! — паслаў за ім Рыгор.
Расстаўшыся з Міхасём Камаром, Рыгор прайшоў у горад, дзе адну за другою паспешна справіў усе свае патрэбы. Па дарозе дамоў ён захіліў у парк і некалькі разоў засаб абышоў па дарожках аблюбаваны круг. Ім увесь час валодаў узвышаны, неастываючы настрой. На работу, якую мусіў заўтра ж з раніцы пачаць, ён і не патураў. Усе яго думкі неадлётна віліся вакол гутаркі з Міхасём. Яна адчыніла Рыгору новыя паземы, паказала заварожную таямніцу бурлівага перажывання, хлынула бляскам бясконцай, разліўной, як Дзвіна, урачыстасці. Шэраю палоскаю, мігаценнем імжэла невыразнае адзнанне аб павіннасці працаваць, аб закураных сценах заводаў, аб жалезнай браме, аб сторажу Каралю. I гэта не чапала яго, як не чапаў яго ўвесь парк са сваім жыццём: з вясёлымі дзеткамі, што ганяліся за апукамі і абручамі, з боннамі ў беленькіх пастэрачках і з кухаркамі — у гафтаваных хвартушках, з бяздомнымі валацужкамі, з шляхетнымі бабулькамі-скарэдніцамі, з вясёлымі рэзвымі парачкамі, з сахар-марознікам і прадаўцом рознакалёрных пухіркоў. Толькі б дапомніць яму хацелася гэтым людзям, што іх лёс у многім залежыць ад тых здарэнняў, якія хутка пранясуцца над горадам, над Дзвіною і над Верманаўскім паркам. Рыгор паглядзеў вакола сябе.
Ён ведаў, што яго думкі і планы, што яго перажыванні і настрой няведамы нікому. Яго пацягнула прысесці пад лахматым, апялюшыстым клёнам, з боку ўквечанай клумбы, наўскасяк ад сажалкі. Ён прайшоў наперад, паглядзеў на адну, на другую лаўку, вярнуўся назад, але ўсюды было заседжана, занята. Тады Рыгор выйшаў з парку на вуліцу і ўспомніў, што да яго можа прыйсці Ганна.
«Авось ды надумае — пайду! Абяцаў жа быць. Трэба спаткацца!»
Ішоў і думаў аб Ганне. ІІазіраў на сонца і лавіў яго чырвоныя праменні ў водблісках вокан, у праваллях між высокімі мурамі. Баяўся не спазніцца. Не азіраўся назад; ёмка віляў між пешаходаў, калінікалі саступаў на брук.
Нарэшце — дома. Рыгор каля брамы спыніўся і паглядзеў убакі, а мо Ганна ідзе яшчэ ці ўжо выйшла, вяртаецца дамоў і з астатняю надзеяй кідае праглівыя возіркі? Нічога не ўгледзеў і павярнуў у двор, на ўсходы, да кватэры.
Ніякага следу, ні знаку. Вільгельміна адчыніла дзверы і прасунула ў іх свой непрыгожы твар.
— Да мяне ніхто не прыходзіў? — даведаўся Рыгор.
— Не, ніхто. А ласне хто меўся зайсці? — пацікавілася Вільгельміна.
— Так сабе, мо каму і надумалася б,— схлусіў Рыгор.
— А вы ўжо з завода? Рыгор усміхнуўся:
— Праспаў сёння.
— Няўжо? Я ж будзіла — роўна а сёмай гадзіне стукала ў дзверы.
— Я чуў, дзякуй; але не захацелася ўставаць.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130