На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Каб хто заглянуў у пакой Рыгора праз гадзіну, то ўгледзеў бы, як двое маладых істот маўкліва стаялі ў акне і пільнымі, праглівымі вачмі паглядалі на белаватае, нібы затуманенае неба, якое скрадала зыркасць зор і пекнату лазурку, нізка ападаючы на шэрыя дахі муроў.
Здалёку да іх даходзілі гукі свісткоў, прытоены, нібы падземны гул і пісклявыя зацяжныя ноты скрыпкі. У каморцы, за іх спінамі, было святлей, ніж на дварэ, але ніводнаму з іх не хацелася аглядацца, каб не абудніць настрою, які паціху ападаў, сыходзіў з апагея ўздымнасці. Зыкі скрыпкі справодзілі яго да роўнаважнасці, але помеж выклікалі перажытыя хвіліны, тым ці іншым звязаныя з іх спатканем і зараз далёка адышоўшыя, часткаю загістораныя ў іх жыцці.
Да Рыгора з'явіліся вобразы Сілцоў, ажылі постаці Сёмкі, мацеры, нават Зосі; цугам панясліся пацеркі ўспамінаў, перажыванняў. Нібы другім пластом сваіх думак, не падлеглых яму, ён паціху ды паважна перабіраў мінулае... Але цесна быў завязаны асяродкам свае істоты з Ганнаю. Ён адчуваў, што Ганна марыць ім, жыве спатканнем, п'е хвілі бягучага жыцця, як бы чытаў яе думкі, што ляцелі ў Ліцк, на станцыю, дзе з новым днём зараджалася іх знаёмасць. Неразрыўным сплётам — цягнік, гутарка ў вагоне, гулянне на станцыях.
Пасля — Рыга, дзень чаканняў і нарэшце... каморка, вось-вось ён побач, жывы, неапісаны. Як многа перажыткаўі За гэткі малы кавалак часу! Чым так зачараваў яе Рыгор? Выў Герасім, якім яна жыла, з якім столькі часу гуляла, якога, думала, ні за што не заменіць,— нядаўна рассталася з Андрэем, а раптам — Рыгор!.. Ганна не стрымалася і бязвольна апала яму на плячо, ажно гайданулася.
— Што з табою, Ганна? — падхапіў яе Рыгор.
— Нічога. Я так шчасліва, я гэтак рада жыццю, мой Рыгор...
Ён адвёў Ганну ад акна і пасадзіў на крэсла, сам стаў перад ёю, умільна гледзячы ёй у вочы.
— Ты не сярдуеш, Ганна? — перасцярожна запытаў.
Яна скрала адказ. Толькі праз некалькі хвілін нясмела вымавіла:
— Ты не думаеш правесці мяне?
— Што ты! Зараз! Яна рушыла да дзвярэй. Перагарадзіўшы ёй дарогу, Рыгор сказаў:
— У Рызе неспакойна: ідуць забастоўкі, арышты рабочых. Кожную хвіліну я магу падзяліць лёс сваіх таварышаў.
Ганна жахнулася і пужліва паглядзела Рыгору ў вочы.
— Рыгорка, не мяшайся ты, не мяшайся... Узяла яго за руку:
— Прыходзь да нас начаваць. Рыгор усміхнуўся.
— Не мяшайся-а. Цудная ты! Я мушу не адставаць ад другіх, я мушу разам з маімі таварышамі змагацца за волю, за шчаслівае жыццё працоўнага люду... Я не магу сыходзіць убок, калі на мяне напіраюць... Разумееш, Ганна? Трэба абараняцца... Трэба на гвалт адказаць гвалтам...
— Усё ж, прашу цябе,— беражыся... Дзеля мяне, дзеля мае просьбы, шчырае, сястрынае просьбы.
Рыгору шкада стала Ганны, якой былі мэрам бы незразумелы яго словы, яго воклічы. Ён задумаўся.
— Не пайду, пакуль не дастану згоды.
У адказ Ганна атрымала пацалунак і ўверана рушыла з каморкі.
Вільгельміна праглянула з кухні і ціхім голасам папярэдзіла Рыгора:
— Я на ланцужок не вазьму — захапіце ключ. Рыгор правёў Ганну да самага дома; вярнуўся гадзіны праз дзве. Каля дзвярэй успомніў, што ключа не захапіў: здаецца, браў, а памацаў у кішэнях — няма. Прыйшлося званіць. Вылаяўся на сябе за сваю забыўчывасць, але тут жа ўважыў — незвычайныя абставіны. Хапіўся за званок і пацягнуў засаб два разы — адзваніла, як над вухам, ажно праняло ўсяго.
Занадта. Прыкусіў язык.
Сонная, раз'юшаная зараз жа каля дзвярэй апынулася Вільгельміна.
— Хто там? — пачуўся моцны шэпт.
— Я, Рыгор, адчыніце.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130