На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Зося настаражылася.
У баку Жмыгінскага лесу пачуўся нястройны гук некалькіх пастуховых труб, яго дапоўніў плач жалейкі і трывожныя крыкі пастухоў. Да гэтых гукаў дадалі свой разнастайны рык каровы. Абое — Сёмка з Зосяю, забыўшы аб гутарцы, адвярнуліся к лесу. 3 яго гушчэчы, пацямнеўшай ад змроку, як з агромністай закуранай дымам і сажаю лёхі, роўным шэрагам, стройна, як птушкі на адлёце ў вырай, зашнуравала рознакалёрная, рознарослая гавяда. Матаючы галовамі і пачаргова рыкаючы, яна выводзіла сабою жывую нітку, якая пацеркамі раскідалася па зялёным гале выгану. Мэрам бы хтосьці раскідаў яе, як фокуснік стужкі, каб паказаць асаблівую стройнасць жывёльнага парада. Ужо пярэднія хаваліся ў платах гародаў, заходзілі за грудок і знікалі, а з лесу ўсё яшчэ не пакідалі паказвацца новыя і новыя. Хутка над іх шэрагамі завіўся камякамі белы лунь, выпушчаны пасекаю ды бярэзнікам, і акольны вобраз прыняў яшчэ больш дзіўны выгляд, дапамінаючы ўрачыстае вандраванне казачных пілігрымаў з ахвярнікамі ў руках. Забелены дол служыў ім абрусамі, а вячэрнія птушкі — вестунамі аб дасягненні блізкай мэты.
— Паглядзі адно, як цікава расцягнуўся цуг кароў! Вось колькі гавяды ў Сілцах!
Сёмка працягнуў пугаўё.
— А гэта ж не ўсё: гэта толькі з лясной пашы.
— Вось і згадзіся пастаронні, што Сілцы бедныя.
— А сапраўды яно і так — каб гэта зусім бедных, дык наўрад ці знойдзеш.
— Што ты, Зося! — пераняў Сё'мка.— Плявузгаеш ліха ведама што. Як бы нічога не ведае... Колькі ёсць гэткіх, што малака ў вочы не бачаць; я не кажу таго, што ў большасці каровы — фундамент усяго: здохні карова — і няма чаго есці, і прападае гаспадарства. Гэткіх сотню можна налічыць... А Рыгорава маці?
Зося змаўчала; каб Сёмка паглядзеў на яе, то адразу падмеціў бы, што дапамінанне аб Рыгоравай мацеры адбілася смуткам на Зосіным твары. У нутры ж нельга бачыць — а там у Зосі так і захадзіла хадуном, так і разлілося нешта цяжкім атрутным жарам. Яна паправілася сядзеннем, каб хоць крыху астудзіць раптоўнасць у перамене настрою і думак... Стэпа — што, то, бач, Рыгор! Зранку кратаў ён Зосіных думак і пачуцця, а з паўдня да самага вечара і зараз вось, едучы і гутарачы з Сёмкам, яна выпадкова адцягнулася ад яго сваімі думкамі. I так было добра, лёгка і спакойна, нядбайна неяк! Не прыходзіла на памяць, што Сёмка ўчора адвозіў Рыгора, што сёння вярнуўся, што, адвозячы, пэўна, многа аба ўсім гутарыў з ім і... кратаў яе, Зосі. А гэта — на табе — нечакана!
— Што ж ты маўчыш? — паглядзеў ёй у вочы Сёмка.
А Зося ўжо цалкам была захоплена нахлынуўшымі на яе ўспамінамі аб нядаўніх днях, аб гульні з Рыгорам, аб выніках кахання і аб яго скутках. Жывасілам цягнула глядзець на дарогу ў бок Лужкоў, высочваць тую сценку, дзе яны развітваліся. Выпукла, як яблыка, паўстаў перад яе вачыма вобраз Рыгора ў хвілі развітання: вось ён стаіць, спагадліва прынагнуўшы голаў і ўстраміўшы ў яе твар пытальны ўзрок. Стаіць, а далей схінаецца да пацалунка: пара рук, важкіх, здаровых, выгінаецца ў дугу, адна настрэч другой, і змяёй агібаюць яе стан. Хвіліна, міг — і цёплыя губы кладуцца мяккім, сочным абрыкосам на яе прагныя вусны.
Зося парухала губамі, прыкусіла іх, мэрам бы хочучы праверыць, ці не пакінуў на іх Рыгор чаго-кольвечы. Тут жа захацелася ёй таксама, хоць бы ў сотай долі, адчуць тое самапачуццё, той настрой, тыя перажыванні-заміранні, якія прамігнулі пры тым пацалунку...
Што б яна дала за гэта! Настойна выплывала з далёкіх глухіх куткоў яе нутра гаручая крыўда,— Зося не ведала, на каго гэту крыўду кіраваць,— чаму тады ў хвойніку ўсё так ціха, пуста абышлося? «То Рыгор вінават»,— мігнула думка, як іскра з крэсіва, але Зося не пагналася за ёю, а барджэй дастала апраўданні Рыгору: «А чаму ж Рыгор ажно на Лужкі прыйшоў да мяне? А чаму яго вочы туманіліся слязьмі, калі ён глядзеў на мяне пры развітанні? А чаму ён мяне прытрымоўваў за руку, калі я намервалася ехаць? А праз вошта ён у горнасці вымаўляў словы? А чаму, калі разышліся, дык пакуль можна было бачыць, раз-поразу спыняўся на мяжы, напружваў узрок праз шэрасць адвячорку і сачыў за мною? Напэўна, ён тады верыў моцна, што я не згублена для яго, што мы не разлучаліся ў той момант. Напэўна!»


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130