На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

— Вазьмі там, у сенцах, на подзе... Ды не старайся ўжо, дачушка, каб поўны нарваць; колькі знойдзеш, абы было на раз падкінуць каню,— спакойліва выказала яна дачцэ.
Зося нічога не адказала: забрала мяшок і выйшла з двара.
На вуліцы было ціха: каля хат на прызбах і сярод вуліцы ў пяску забаўлялася некалькі дзетак. Сталага — не відаць было нікога.
Толькі апынуўшыся на канцы вуліцы, пры звароце да студні, Зося ўгледзела, як Волька чэрпала ваду. Асцярожна, тулячыся к платам, яна падкралася да Волькі ззаду і нечакана для той выгукнула:
— Дзень добры!
Волька сумелася і раптам адвярнулася да Зосі.
— Зоська, ці ж можна так! Зусім перапалохала ты мяне.
— Да мо не памрэш? — жартам адказала Зося. Волька перамяніла голас.
— Так, можа і выхаю сяк-так,— і, каб перамяніць гутарку, запытала Зосю: — а ты ж куды гэта?
— А вось маці паслала па траву.
— Ага! бачыш і сама клапатлівай стала, а то бо ўпікала мяне...
— Мяняецца становішча: рана ты, а зараз я...
— Апроч гэтага, табе, як той казаў, трэба на сходзінах папрацаваць на бацькоў: як кажуць, адрабіць за пабыўку ў іх,— пажартавала ў адказ Волька.
Але Вольчыны словы прыняла Зося зусім не за жарты: яны востраю калючкаю прайшлі ў яе сэрца.
— Ай, Волечка, табе жарты, а мне плач,— адразу пасумнеўшы, прамовіла Зося,— сходзіны... Ты ведаеш, даражэнькая, што мне гэтыя сходзіны — у магілу сходзіны. Не ведаю, як я перажыву іх, як прыміруся з імі... Ведаеш, сястрыца, працівілася я, упіралася, але сілы не старчае: да таго бацькі настроіліся, што ніяк ты іх не пераканаеш; гаварыцца не даюць. «Мы,— кажуць абое,— дабра табе хочам, шчасця і славы шукаем, а ты яшчэ працівшіся». Шчасце, слава, дабро! Ну і пераканай іх, калі хочаш... Прызнаюся табе, Волечка,— Зося сцішыла голас і агледзелася вакол: — доўга думала аб тым, як бы ўцячы; кінуць-рынуць усё — і хату, і бацькоў, і ўцячы ў горад, услед за Рыгорам. Але, падумай, галубка, што ж я зрабіла б там, каб чаго не добрага, ды Рыгор адхіліўся ад мяне? I я так мучуся, так пакутую ў заблытаных рашэннях і планах, што не ведаю, к чаму ўсё гэта прывядзе. Куды ісці і на зошта рашыцца?
Волька пільна выслухала Зосю, і толькі магла адказаць ёй невыразным: «Так, так, але, але. Вядома, што праўда». Яна шкадавала Зосю і стала горніцца на сваё бяссілле, на нязнанне, як і што парадзіць таварышцы на яе скаргу і крыўду. Ці кідаць Зосі бацькоў ды ўцякаць у горад да Рыгора, ці скарыцца ёй бацькавай волі і рахмана ісці насустрач свайму лёсу. Каб гэта можна было як-колечы звязаць гэтыя дзве дарогі! А то — там каханне, і разам — беднасць, недахваты, праклёны бацькоў; а тут — дастатак, багацце і нялюбы чалавек, цёмная нез'яснёная будучыня. «Як тут угадаць, каб даць правіловую параду — няведама: скажаш адно, а выйдзе горай — тады ўся на табе адказнасць. Гэта ж не для сябе...» I Волька змаўчала, гледзячы Зосі ў вочы, у тыя вочы, якія прагна чакалі ад Волькі рашучага адказу.
— Ведаеш, Волечка, начамі не сплю, а ўсё думаю ды думаю,— не дачакаўшыся ад таварышкі ніякае супакойлівае парады, выказалася Зося.— Сённяшнюю ноч, дык паверыш, ледзьве перабыла; усю мяне агарнула страшэнная нудота, бяссонне, неспакой, цяжкае разувер'е. Вось так і ные ўсё цела, тузаюць сударгі, галава ажно разрываецца ад блытаных калючых думак; кідае ў пот, у жар, то ў холад, розныя страшныя зданні верцяцца перада мною... I цалюткую ноч...
— Зоська,— перабіла разжалабеная Волька,— а ты, сястрыца, і сапраўды неяк пагоршала за апошні час; змізарнела, апусцілася... Даражэнькая мая, я табе не раджу прымаць усё гэта да сэрца... Ды к гэтаму, хто яго ведае, а мо і лепш будзе так, як бацькі мяркуюць... Усё ж бацькі, няўжо б яны свядома аддавалі цябе на здзек? Падумай сама...
I Волька замаўчала, паглядзеўшы ў бок Берагавае хаты.
Зося павярнулася і пайшла.
Яна прабегла ўсю сценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Парупіла азірнуцца назад. Якраз адгэтуль відаць добрую палавіну Сілцоў. Зося акінула вокам шэрыя хаткі між зялёных купак садоў, спынілася на царкве і тут жа адвярнулася ўправа, на гасцінец, які цягнуўся шырокаю ламанаю стужкаю далёка, к Жмыгінскаму лесу.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130