На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Пятрусь гародамі перайшоў да Сёмкі, узяў частку пракламацый і вярнуўся назад, каб выйсці за мястэчка паасобку. Але гэта не ўдалося — выйшлі і стыкнуліся ля Сёмкавай хаты. Пасмяяўшыся — пайшлі ўдваіх, ні на вошта не патураючы,— з гутаркаю, з смехам.
Каля хаты Прыдатных сцішылі хаду і кінулі ўзрокамі ў адчыненае акно. Прымецілі, што ў хаце ішла клапатлівая мітусіна, разбаўленая вясёлаю гутаркаю. 3 дзесятак дзетак вілося перад хатай і на дварэ, забягаючы нават у сені. Палілася ў печы.
— Прыдатныя гатуюцца.
— Так, збіраюцца выпіць за Зосіна здароўе.
— А, бачыш, Бераг узяў верх...
— Што ж парадзіш — не было настаяшчай супярэчкі...
— А добрая дзяўчына застанецца заразе...
— Вельмі шкода Зосі.
— Па праўдзе сказаць, Рыгор многаму віною... Пятрусь пытальна паглядзеў на Сёмку.
— А што ж Рыгор? Сілаю не возьмеш. Наогул, у Зосі не хапіла рашучасці. А паглядзеў бы, як чужыя дзяўчаты. Вунь, на станцыі ў Ліцку я запрыкмеціў дзяўчыну, каля нас сядзела, паказаў Рыгору. Поўнае падабенства Зосі! Рыгор гэта, нічога не кажучы,— шморг, павярнуўся да яе, кіўнуў-маргнуў і пачаў гутарку. Мо, думаеш, пасаромілася, ці што? Адкуль тая рэзвасць знайшлася, смеласць — у адказ ды ў адказ... Тут жа пазнаёмілася з Рыгорам — адно я сяджу ды і дзіўлюся, як усё проста, звычайна. А каб, сказаў, дзяўчына абы-якая — лялечка: ні каліва не ўступіць Зосі. Пэўна, трэба думаць, што Рыгор і паехаў з ёю сумежкі... А каб гэта на нашых дзяўчат, дык ці сядзела б моўчкі, ці плакаць кінулася б...
Пятрусь зацікавіўся гутаркаю Сёмкі — зацікавіўся тэмаю апавядання.
— Гэта было на ад'ездзе? — запытаў.
— Так, вось-вось... Пятрусь сказаў:
— Яно-то праўда, што Зося паддурыла. Чаго ёй было трусіць! Жыватугам не аддалі б. Пагрызлі б бацькі, пагрызлі б, а пасля і замаўчалі б.
Гутарачы, яны сышлі з горкі, мінулі рачулку. Каля Берагавай хаты прымоўклі і пільна паглядзелі ў вокны, ці не сядзіць хто і не бачыць. У вокнах ніводзін нікога не прыкмеціў, а Пятрусь угледзеў на дзвярах замок і штырхануў Сёмку, праказаўшы: — На рынку недзе, хата на замку. Тоўсты жоўты сабака, Ніц, расцягнуўшыся пірагом, чутліва ляжаў у кутку між плотам і брамаю. Расплюшчыў вочы і правёў хлопцаў.
Далей, між гумнамі, пэўней было ні з кім не спаткацца: нідзе нікога. На рэдкіх прыгуменнях пасвіліся прыпятыя коні, на невялікіх дзярэўцах чырыкалі вераб'і. Але — пакуль узышлі на грудок — хлопцы азіраліся назад. Азіраліся і лавілі вушамі прыліў рынкавага гоману, які саматугам адрываўся з зямлі ды нёсся ўпрочкі з мястэчка. Кірмаш кіпеў буйным жыццём, не патураючы на нічога, папераджаючы ўсю іншую справу кожнага сілкоўца і блізка Сілцам чалавека. Напэўна, каб і сказаў каму, што якіхсьці пара хлапцоў кінулі ўсякую ўрачыстасць у мястэчку і накіравалі за якімі там справамі ў поле,— ніхто не паверыў бы. Як, ласне, можна памяняць фэстаўскае свята Пётры на што-колечы іншае? Каму гэта ў голаву ўпадзе? Мо адной толькі паліцыі. Але то не дзіва, бо яна ніколі не спакойна. Усюды і ўсягды ёй бачыцца і сніцца, як людзі заняты справай змагання з існуючым ладам. Потайкам і яўна. Скрытна і адкрыта. Проста і хітрыкамі. Усе, усе, а найпаўней — моладзь. Арганізацыя — рамеснікі, краўцы, гарбарчукі.
Гэта мелі на ўвазе Сёмка з Петрусём, калі не верылі загуменнай сцішы і правяралі сябе частымі возіркамі. Не шкодзіць быць старожкім... Пакуль яшчэ можна абхітрыць у выпадку чаго.
Але гумны хутка апынуліся ўзадзе: перад імі разлягліся папарныя галы, на ганоў двое ад апошняга гумна. Загуменні калыхаліся румяным збожжам усіх выглядаў — ад жыта да канюшыны. Мэрам знарочыстая разасланая тканіна — зялёна-светла-зялёная з жоўтымі палоскамі разгарталася абалал сценкі збажына. Управа, на поўнач, з-за лёгкага ўзгорку віднелася страха бліжэйшых да Сілцоў хутароў, ад іх у бок — крыжаваў крылы вятрак. Вось выбег з-за мяжы, з-за жыта нечы сабака, плямісты, буйны, і пусціўся наўскосяк, праз папар, да млына. Пэўна, пачуў іхнюю прысутнасць, бо, адбегшыся, пачаў раз-поразу азірацца. Доўга не выходзіў з ваччу, а пасля знік за горкаю.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130