На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Яны шпарчэй забегалі па дарозе, рассяючы рэшту пракламацый. Угусцілі дарогу, мэрам заслалі палатном; начаплялі на кусты.
— Хопіць многім. У добры час!
Абодвума валодаў уздымны настрой; не хацелася вяртацца дамоў — паглядзець бы, як сяляне пачнуць разбіраць агітацыйныя лісткі! Тут жа, пад бокам у паліцыі развінаецца вялікая справа агітацыі супроціў пануючага ладу! Якая рызыкоўнасць! Подзвіг! Хлопцы адчувалі сябе ўдзельнікамі аргомністага змагання за вызваленне працоўных з-пад цяжкага ярма. Гзта адзнанне ўлівала ў іх нутро смеласць і задзёр. Лічылі сябе шчаслівымі ,што ачуліся ў гэткім становішчы і не хацелі ўспамінаць нядаўніх перажыванняў. 3-пад кожнага куста глядзелі на іх не згусткі цемні, а светлыя пляміны. Елкі, арэшнік — смяяліся трэпаннем ралак і лісткоў. Дурманіў пах смалы.
Хлопцы пастаялі хвілін з дзесяць пры дарозе, палюбаваліся зробленым і заспакоенымі накіравалі дамоў. Яны не згаворваліся, кудою вяртацца, але кожны без гэтага ведаў, што лепей усяго ісці праз пасеку, а там жытнімі палеткамі, зусім іншым бокам, як ішлі к лесу. Моўчкі сышлі ў кусты і павярнулі нацянькі да палеткаў.
— Давай выйдзем на сценку,— запрапанаваў Сёмка, калі яны прайшлі з паўганоў кустамі.
— Давай!
Заламалі ўлева, прайшліся гушчарняком ганоў двое — не патрапілі і завярнулі направа.
Недалёка пачуўся пастушы гоман; зарыкала карова. Хлопцы на некалькі крокаў злевілі, але натрапілі на балота і мусілі трымаць правей.
— Заблудзілі, мабыць,— усумніўся Пятрусь.
— Нічога, давай болын не зварочваць.
— Я усе вочы павыпорваю...
Нарэшце, нечакана ачуліся на граніцы пасекі.
— Выйсці-то выйшлі, але з якога боку?
Пачалі адгадваць, меркаваць, пазіраць на сонца.
— Спанталыжыліся.
Улева ад іх прагукаў пастушок — «кся-а-го-го-а-го!»
— Давай направа.
Хлопцы прайшлі некалькі сажняў і ачуліся на роўненькай, заросшай мяккаю мураўкаю, палосцы. Яна паходзіла на мяжу, а не на праезджую дарожку. Лахматымі грыўкамі, мэрам палоскі дэсні, выступалі два каснічкі травы паабапал лёгкае лагчынкі, кудою калісьці ступалі коні. За каляінкамі для калёс — шырэйшыя стужачкі таго ж травянога ядвабу. 3 густога лесу жыта, спалавелага, вытыркалі ўперад сінія галоўкі цыбатае валошкі, падгалісты куколь. Між комлікаў — вілася і на таўсцейшым — то тут, то сям — гадзінаю абкручвалася бярозка. Маленькія вочкі — яе цвет — глядзелі на падсушаную зямлю і губілі ў яе шэрасці свой бледнасіні, па чужых соках выхаваны колер. На сценцы бялелі цюцюпаны, абдуванчыкі, жоўты малачайнік. Па ўсёй гэтай маўклівай прыгожасці — толькі паўзком, мімалётна — каўзанулі хлопцавы ўзрокі і пасля краскі і зелень, і жыта — асталіся для сябе чакаць болып цікавых, болып уважлівых, больш цёплых вачэй і шчырых адносін. Можа трапіць часам да іх гарадская дзяўчына, якая гадамі не бачыла поля, убачыць і выкажа спагадлівыя словы: «Якая прыгожасць!» А яны — Сёмка ды Пятрусь хлебаробы,— што ні дзень, ужо праз колькі гадоў стыкаюцца з імі пры нараджэнні і пры ўміранні, пры зацвітанні і адцвітанні. Прывыклася: ім зараз вось патрэбна інакшае хараство — хараство высокіх пазываў, магутных калыханняў, несупыннага ўздыму.
Хутка выйшлі на ўзгорак, аперазаны долам — ганоў пяцёра ад пасекі і з вярсту ад Сілцоў. Прыпыніліся, як па згаворы. Агледзеліся навокал: ззаду шырокім дываном — далёка ўшыркі і карацей удаўжкі — рассцілалася пасека — пасбішчы; улева, паднімаючыся даверху, на другі ўзгорак, кацілася паважнымі хвалямі жыта. На ўзгорку стыкалася з небам, і здавалася, статкі авечка-хваль паднімаліся ўгору, каб упасці на яго сіняе гала. Уперадзе зноў жа ўзгрудак хаваў ад іх Сілцы. А ўправа — разгортвалася шырокая даліна: канчалася жыта — пачынаўся выган, а за выганам, аддзяляючы яго ад папару, віўся Ліцкі шлях. Ён увесь — на колькі ахапляла вока — быў запоўнены хурманкамі і пешаходамі — жыў, плыў рэчкаю бурліваю. Грукацеў, курыўся пылам. То раз'язджаўся кірмаш — ехалі да дому далячэйшыя госці.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130