На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Усе маўчалі, а ўстаў чорны інтэлігент. Крыху памаўчаў, злёгку пахіліўшы лахматую бакунінскую голаў, як бы выбіраючы словы для пачатку прамовы, кашлянуў, а пасля пачаў казаць цвёрдым, трошкі гаркавячы, тэнарком:
— Вы, таварышы, сышліся сённека на гэту сходку, каб вырашыць адпаведнейшае пытанне, ці ёсць сэнс і ці тэрмінова зараз абвяшчаць агульную забастоўку. Зараз мы перажываем вельмі і вельмі рашучы момант! Царскае правіцельства кідае пярчатку працоўнаму народу і ўсяму лепшаму грамадзянству, якое падае свой голас пратэсту супроціў пануючага гвалту... Хутка разыграецца крывавая камедыя-суд над балтыцкімі матросамі... Ім ужо царскія каты згатовілі свой люты прыгавор... Мы павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленнем — забастоўкаю... Мы гэта зможам зрабіць, бо адпаведны настрой у рабочых ёсць. Ён ужо прарываецца наповерх: як вам вядома, ужо доўга бастуюць перапёкі, спыніўся завод кампаній электрычнасці... Калі мы не сумеем узяць руху ў свае рукі, ён абміне нас і развінецца стыхійна сам сабою...
Прамоўца далей датыркнуўся ў сваёй рэчы дарагоўлі, што дало прычыну для дробных забастовак рамеснікаў, чапіў таго ўздыму, які ахапіў розныя куткі прамысловай Расіі; пасля перайшоў да заграніцы, даўшы агульны агляд рабочага руху і палітычнага жыцця другіх краін.
Казаў паўтары гадзіны без перапынку, складна, лагічна, без перабояў. Закончыў з маленькім хрыпком, выгукнуўшы да сходкі:
— Ад вас залежыць вынесці тое ці іншае рашэнне... Ён абцёр лоб хустачкаю і адышоў на сваё месца. Рыгор дзівіўся яго красамоўнасці ды ўменню падысці да слухачоў; і карыў сам сябе,— чаму ён не ў моцы гэта зрабіць. «А яшчэ мне хацелася стаць правадыром! Ці ж я сумею?» — сумняваўся ён. I карцела чымсь хутчэй узяць слова.
Але пакуль што пачаліся даклады дэлегатаў з завода. Адзін, другі і цэлы рад прамоўцаў расказвалі аб настроі рабочых і выкладалі свае думкі наконт закранутага пытання. Апошнім казаў Міхась. Расцяжным, спакойлівым тонам прызываў ён строга абгаварыць гэта пытанне, улічыць усе дробязі яго і не быць гарачымі не ў меру, як то «адмячаецца сярод некаторых таварышаў».
Рытор праслухаў даклады з той жа ўвагай, як і прамову Якава; запамятаў характэрныя сказы і намёкі кожнага дакладчыка, але не думаў, што Міхась возьме слова наперад за яго, і сумеўся: «А можа, не прыйдзецца мне казаць?»
Аднак у сваім слове, нечакана для ўсіх і для самога сябе, ён знайшоў, як і што падысці да справы, сказаўшы:
— Я чуў тут прамову таварыша Якава і чуў словы іншых таварышаў. Заключыў мой паважаны настаўнік — Міхась. Нельга сказаць, каб пачалося дрэнна, але дрэнна скончылася: калі Якаў зваў да памяркоўнай рашучасці, то таварыш Міхась і яе пераняў сваёю асцярогаю. Да чаго яна вядзе, гата асцярога? Першы дакладчык ужо адмеціў, што абурэнне рыжскіх рабочых выбіваецца наповерх, і падаў правідловую думку, што калі мы спознімся, абвясціць агульную забастоўrу, то здарэнні абмінуць нас і развернуцца ў стыхійны ўздым. Знача, «трэба спяшыць узяць рух у свае рукі». Але ці гэта знача, што мы павінны абмежавацца невыразным прызывам да забастоўкі? Не. Мы павінны асадзіць яе ў рэвалюцыйныя рамкі рашучага выстуллення. Рабочыя павінны ведаць, што яны не абараняюцца толькі, а ідуць у наступ... Раз кінулі пярчатку, трэба яе падняць...
Рыгор пачаў ціхім голасам і седзячы, пасля падвысіў тон і прыўстаў; далей абярнуўся ў натхнёнага прамоўцу, гутарачы з націскам, размахамі рукі. Кожнае слова выходзіла суцэльным, адлітым, дыхала сілаю і абдуманасцю. Вясковы, беларускі акцэнт не псаваў, а як бы скрашваў высечаныя з граніту сказы. Папярэдні прамоўца, інтэлігент Якаў, налоўчаны казаць, стушаваўся з сваёю, вельмі ўжо гладкаю, адшліфаванаю і ад гэтага халаднаватаю прамоваю. Яго журнальная форма ў пабудове сказаў, цягучыя калыханні ў выгавары пакінулі хоць і прыемнае, але зусім інакшае, ніж Рыгорава слова, уражанне. Рыгор выйграваў шчырасцю, як рабочы, здаваўся многім з прысутных чалавекам іншае ад Якава фармацыі. Нават Міхась мусіў прытаіць іранічную ўхмылку наконт «свайго вучня» і паківаць галавою ў адзнаку пахвалы яму.
Ну, а дзяўчына — тая цалкам захапілася Рыгоравымі словамі. Увесь час, калі вяліся спрэчкі, яна не спускала з яго вачэй, забыўшыся аб усім іншым. Пасля Рыгоравае прамовы яна лічыла бескарыснымі спрэчкі і праекты іншага зместу; чакала галасавання, каб падтрымаць яго.
Пастанова сходу абмежавалася абвяшчэннем забастоўкі. Рэдакцыя пастановы раззлавала дзяўчыну больш, як Рыгора. Яе гнеў крыху астудзіла даручэнне, якое нарада дала Рыгору: выступіць перад рабочымі завода з дакладам аб мэтах забастоўкі. «Рыгор сумее выкарыстаць гэта для сваіх вывадаў»,— рашыла яна.
Пры гэтым ёй захацелася настроіць Рыгора зрабіць ўсё мажлівае для надання болынай рэвалюцыйнасці пастанове.
3 нарады пачалі разыходзіцца па адным каля першай гадзіны. Тыя, што чакалі чаргі, гутарылі аб дробных справах, інфармавалі адзін другога аб маленькіх эпізодах з забастоўкі перапёкаў ды электрыкаў.
А Рыгор, даючы выгляд, што слухае, перадумоўваў праявы бягучага моманту, што датыркалі яго самога. I перад ім паступова адно за другім, сплятаючыся ў суцэльны ланцуг, прамігала — вяртанне з дому, запрашэнне на нарадусход, падбліжэнне забастоўкі, гарачая прамова на нарадзе і наступнае выступленне перад тысячнай грамадой рабочых. Рыгор раўняў гэта з уступам на высокую гару: усё вышэй ды вышэй паднімаешся ўверх, усё больш ды болып шырокі гал рассцілаецца ўнізе. Усё, што ўжыўна было пры першым кроку, разрастаецца ў нешта магутнае, неабдымнае, неасяжнае. Забываешся, губіш будзённыя клопаты, штодзённыя думкі, як губяць сваю меру ды ўзрост усе рэчы, чым вышэй ты ад іх. 3 той высі, куды ён ішоў, будзе яму відаць не толькі Сілцы, а цэлы свет. 3 тае высі яго голас пачуюць усюды ўсе, бо ад яго прамовы будзе залежаць кірунак здарэнняў.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130