На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

У сваіх задзёрыстых сяганнях Рыгор прапусціў між вушэй шмат цікавых навін. Таварышы смяяліся, дзівіліся, строілі дагадкі і адгадкі, развітваліся, у пакоі цішэла, а ён марыў і лунаў па высях, у будучыні, горды, недасяжны, апалены прагнымі, яскравымі летуценнямі.
Нават не заўважаў дзяўчыны, якая тут жа пры ім сядзела, умілялася і чакала.
Нарэшце ў кватэры застаўся адзін Артур,— трэ было ісці.
— Пойдзем разам? — абярнулася дзяўчына да Рыгора.
Той быў палішчаны яе прапазіцыяй і далікатна адказаў:
— Вельмі рад.
Яны развіталіся з Артурам і пакінулі яго кватэру.
— Вам далёка ісці, таварыш? — запытаў Рыгор дзяўчыну, выйшаўшы з брамы.
— На Мар... вуліцу,— адказала яна.
— Здорава. Мне ў той жа бок, хочаце, я правяду вас?
— Калі ласка; адной мне так нязручна.
Моўчкі прайшлі яны вуліцаю да Дзвіны, спяшаючы захапіць пераход ці пераезд. Па дарозе, настрэчу прайшло некалькі чалавек. Рэдкія ліхтары асвятлялі вуліцу. Стаяла цёплая, парная пагода. 3 горада даносіўся ціхі шум. Калыхаліся снапы проміну, здавалася, калышучы сабою неба, На вакзалах свісцелі паравікі. Каля кацернай прыстані стаяла некалькі запозненых пасажыраў; адны ў другіх перапытвалі, ці вернецца кацер.
Яны прыпыніліся і сталі чакаць. 3 заліву паказаўся агромністы марскі параход; дзесяткі агеньчыкаў прарэзвалі адбіткам бляску чорнае палатно Дзвіны. Зычны гудок хутка пранёсся над горадам, аддаўшыся дзесьці далёка-далёка, чуць не на моры. У тым жа баку, але шмат бліжэй, мэрам свечкі, гарэлі вокны заводаў; над імі, пад небам, гулялі пукі рэзвых іскраў. Туды глядзела некалькі пасажыраў, апісваючы прыгожасць абачнага вобраза.
Паміж тым параход падышоў к прыстані, якраз супроць іх, і пачаў разгружацца. Узбярэжная зашумела стукам калёс, выгукамі людзей, якія выяўна даляталі з другога берага Дзвіны. Нарэшце падышоў кацер, і яны праехалі ў горад.
— Можа, паедзем з рамізнікам? — запрапанаваў Рыгор.
Падарожніца крыху падумала.
— Не варт,— адказала.
— А можа, усёткі?
— Я б хацела пабыць з вамі нейкі час. Яе словы былі нечаканы для Рыгора.
— Я рад гэтаму,— мог сказаць ён.
I замілаваным узрокам кінуў дзяўчыне ў твар.
Моўчікі яны прайшлі добры кавал узбярэжнае, звярнулі ў завулак, крывы, глухі і вузкі, прамінулі дзве ператочных вуліцы.
Нарэшце мімаходзь вырвалася ў Рыгора:
— Вы даўно працуеце на заводзе?
Ён прыкусіў язык, чакаючы адказу: «Да чаго ёй маё запытанне?»
Але дзяўчына толькі і чакала ад яго жывога зыку. Не паспеў замерці ён у Рыгоравых вуснах, як яна словаахотліва, гасцінна адказала:
— Не, не зусім. Я сама — швачка; працавала тры гады ў адной майстэрні — тут, у Рызе. А летась восеняй кінула... бач, не сама кінула,— прагнала гаспадыня за падгавор дзяўчат на стачку. Месяц гуляла без працы, а пасля, з дапамогаю свайго дзядзькі, папала ў «Праваднік»... Чорную работу маю, цяжкую... Але нічога не зробіш. Адна — пражыву яккольвечы... Палацаў, пэўна, не нажыву.
Яна засмяялася...
Рыгор нічога не адказаў: яму захацелася ведаць імя дзяўчыны, і думаў, ці варт пытаць.
— Ну, а вы здаўна жывяцё ў Рызе? Прыйшлося расказаць, як і што. I шчыра, без утайкі драбнейшага факта, расказаў ён, хто і што сам, адкуль прыехаў, як папаў на завод, як пазнаёміўся з Міхасём Камаром, як жыве цяпер...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130