На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Вільгельміна адпёрла дзверы і, не знайшоўшы сказаць нічога путнага, паведаміла:
— Учора прынесла вам нейкая дзяўчына пісульку; я палажыла яе вам на стале.
— Дзякую... Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час.
— Нічога, мала што бывае.
Вільгельміна прайшла на кухню, а Рыгор — да сябе ў пакой. Зачыніўшы за сабою дзверы, ён кінуўся да стала, знайшоў пісульку і разгарнуў.
Пачаў чытаць:
«Дарагі Рыгору, я была ў цябе роўна а дзевятай гадзіне. Вельмі хацелася ўбачыцца з табою, каб пагаварыць. Столькі назбіралася розных думак, столькі вынікла планаў! Наша знаёмства далёка зайшло і паставіла мяне перад настойным пытаннем: як жа быць? Чаму ж бы табе не пачакаць мяне? Значыць — непатрэбна? Бывай!.. Калі ўгледзімся — не ведаю.
Рыгор прачытаў і схамянуўся; задумаўся; пасля яшчэ раз уважліва перачытаў і апусціў руку з лістком; прысеў на крэсле і ўпёрся думкамі ў два словы: Ганна — Наталя. У кароткі час — дзве новыя знаёмкі, дзве маладыя, слаўныя дзяўчыны. Ганна — натура сціслая, з адчыненаю душою, даверная, прыгожая мяшчанка. Наталя — пакуль нявыяўленая, але захопная па характару, па манерах загартованай работніцы — чалавек асабістых умоў, асабістага выхавання. Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Дзве — на дзвюх розных ступенях абставін: Ганна — калі бурліла пачуццё разлукі з Зосяю, калі душа змагалася супроціў пустаты, якая апанавала яе пасля развітання з Сілцамі,— тады з'явілася яму. Наталя надышла ў той момант, калі ён, Рыгор, уваходзіў у прачынетую перад ім створку да стану адпаведных абавязкаў рабочага, вешчуна адказных намераў у наступным змаганні працы з капіталам. Беспытальна, паміж яго волі — тая і другая. Няўжо ён зусім бязмоцны? Адкуль тая падатлівасць у яго нутры?
Тут жа, помеж з усім іншым, вырасталі звычайныя пытанні перад Рыгорам. I следам — далейшыя скуткі адмечаных знаёмстваў... Ганніна пісулька — на першым плане. Няўжо ён варты яе вострых папрокаў? Няўжо ён здацен да благіх дзей? Можа, сапраўды, але яны яму не відны. Тады, ці можна ручаць, што і ў адносінах да Зосі ён застаўся чыстым? А як пойдзе далей?
Паўсталі нядаўнія гутаркі з Наталяю. Выявілася, што ён звязаўся таксама і з ёю: умовіліся спаткацца ў нядзелю ў Верманаўскім парку. Ён не можа не пайсці, тым болей што надарваліся адносіны з Ганнаю. А ў Наталі — столькі завабнага і новага!
«Мала што можа быць! Урэшце, усё гэта асобныя моманты суцэльнага перажывання»,— падумаў ён.
Тым часам над горадам вітаў дзень. Чырвонае сонца залівала дахі будынкаў, ападала ў глыбокія выемкідвары, адбівалася ў вокнах суседніх дамоў. Тоўсты пук яго праменняў уліваўся ў акно Рыгоравага пакоя.
Мацнеў ды мацнеў гарадскі шум.
Верманаўскі парк кішэў народам. Алеі прапускалі па сабе рэчку разадзетай святочнай публікі. Пляцоўкі былі ўсеяны дзецьмі з нянькамі, бонамі, гувернанткамі. Як бы хто шліфаваў каменні — шапацелі тысячы шагоў тых, што гулялі. Каб прыглядаўся, не знайшоў бы сумных твараў: амаль не ўсе выглядалі задаволенымі, часта — вясёлымі, многа — радаснымі. Пагодлівы дзень ухарошваў вобраз, пераліваючы золата сонца на руні лісця. Ачула асядала зверху дабрачынная цяплынь, ружуючы людское цела.
Рыгор у назначаны тэрмін з'явіўся ў парк. Разам з другімі прайшоў усцяж галоўнае алеі, раззіраючы па баках. Пасля завярнуў на бакавую дарожку, прайшоў некалькі заваротаў і спьшіўся на ўмоўленым месцы, направа ад сажалкі. Якраз тут было не так багата людзей, і ён найшоў на адной лаўцы парожняе месца. Прысеў і ўстраміў вочы ў той бок, адкуль павінна была прыйсці Наталя. Ён не западозрываў нават, што яна не будзе ім прыкмечана,— абы толькі прыйшла. Вось ці прыйдзе? Таксама не хацеў думаць адмоўна. Чамусьці быў увераны, што Наталя не схлусіць. Але не прамінула і паўгадзіны, як Рыгор усумніўся: народ несціхана выліваў з вуліц і кіраваў у сад — парамі, па трое, адзінкамі. Найболей — маладыя мужчыны з дзяўчатамі, гімназісты, студэнты, рабочыя. Час ад часу мігалі між вачэй асобныя дзяўчаты ці хлопцы. А між іх не відаць было знаёмага твару Наталі. Ці ён нядобра разглядзеў яго? Не можа быць! Вобраз яе глыбока прайшоў у Рыгорава нутро. Палкія вочы, рымскі профіль, малыя поўныя губы, роўны, прыўзняты злёгку нос. Спрытная постаць з выхілястым станам і наўздзіў лёгкая хада. Ці ж ёй згубіцца ў людской гушчы? Вось толькі адно — ці не забылася яна, што была ўмова? Ён пачаў адварочвацца ў другі бок, раззіраць направа ды налева, назад ды перад сабою. Вырахоўваў час, ці хопіць яго на язду на ўзмор'е?..


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130