На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

На нейкі час абое адцягнуліся ўзрокамі ад мора, ад сіняга неба, ад усяго, што ваколіла іх, і перанесліся да забастоўкі.
— Як вы думаеце, Наталя, сумеем мы зрабіць наша выступленне магутным, арганізаваным?
— Мне думаецца — ёсць адпаведны настрой.
— Мяне смуцяць нашы таварышы сваёю асцярогаю. Мала ў іх рашучасці.
— Набяруцца. Здарэнні прыдадуць яе ім.
— Ці чуюць вось гэтыя людзі набліжэнне часу, калі мы выступім?
Наталя засмяялася.
— Што ім да таго: яны жывуць сягонняшнім днём — момантам.
— Захапіць бы іх раптам,
Рыгор адчуваў у сабе невыказную энергію, агромністую сілу. Вось яна скалыхнецца і затрасе морам, здыме сонца. Ды сама стыхія здавалася яму ўмоўнай па сваёй моцы і па сваім размаху. Праўда, гэта не перашкодзіла Рыгору прасякацца яе вялікасцю і набірацца далейшага настрою.
Чырвоны промень, што заліў сабою захад неба, і круглае крывяністае сонца ў асяродку гэтага променю сапраўды былі чароўны. Сваёю дзіўнасцю гэты вобраз міжвольна прыцягаў да сябе ўвагу публікі. Быццам гарэла мора, адбіваючы полымя ў небе, і з далёкага-далёку ў пераменчывым па хварбе і па сіле цяпла набліжаўся агонь ажно да месца гулянкі. Далёка заплыўшы, паруснікі, здавалася, пападалі ў промень і гарэлі нестухаючымі факеламі.
Рыгор параўнаў чырвань променю з чырванню крыві, што «лілася ракою» ў вогненна-празрыстай Марсельезе, натхніўся веліччу вобраза і ціха завёў на вуха Наталі:
— «I ўзы-ыд-дзе-э за крыва-ваю ра-ко-о-ю сонца-а праўды і-і братняй любві-і».
Наталя ў асалодзе здрыганулася:
— Во-во-во! Як удачліва вы давялі! — пахваліла яна.
— Сапраўды?
Ен нахіліўся да яе і кінуў у вочы дзяўчыне замілаваным узрокам. Надыходзіў адвячорак. Стала адчувацца вільгаць. Публікі меншала; але паўнелі курзал, рундучкі.
Рыгор з Наталяю завярнулі ў бліжэйшы рэстаранчык.
Прыйшоўшы на кватэру, Рыгор даведаўся, што ў яго ўвесь дзень не было нікога. Не наведвала і Ганна. Для яе было б занадта нявытрыманым прыйсці да Рыгора так хутка, пасля пакінутай яму цыдулькі. Не са спакойнаю ж душою пісала яе дзяўчына! Ганне трэба было перадумаць, вымеркаваць, разлічыць усе ўмовы і скуткі, каб рашыцца на яе. Пэўна, пасля гэтага яна не пасмела б пісаць папроку Рыгору, каб раптоўная злосць, абурыўшы яе пры словах Вільгельміны — «Рыгора няма ўдому», не вымусіла на гэта.
Ганна доўга абдумоўвала перажытае ёю пры спатканні з Рыгорам. Падыходзіла яна да гэтага з розных матываў: лічыла злачыннем з боку Рыгора і празывала слабасцю з свайго боку. Абедзве дагадкі прыгняталі яе, нервавалі. Тады яна настойна шукала тых прычын, якія б апраўдвалі тое, што яна зрабіла; з гэтай мэтаю Ганна старанна імкнулася прайсці ў Рыгораву душу і адгадаць яго тайны. Перабірала, седзячы ў пакоі адною, кожную падрабязнасць пры спатканні з ім, дапамінала тэмы гутарак праз усю дарогу, асобныя сказы; аднаўляла дзесяткі разоў вобраз Рыгора, выгляд яго вачэй, міну твару, ухмылку на губах. Усюды было чыста, незаплямена. Нельга было прычапіцца да хлопца. Няўжо так? Хацела не паверыць, але не хапала смеласці прышчапіць да сэрца фальшывае пачуццё. Аставалася вінаваціць самую сябе; Рыгорава істота пайграла на яе душы?! Не без таго. «Рыгор падкупіў мяне сваёю натураю. Гэты бялявы твар, як з мармуру, глыбокі ўзрок вачэй, высокі лоб пад капяжом густых кос. Гэта цёплая, ласкавая ўхмылка з характэрнымі рыскамі на шчаках. Узмахі рукі, пружыністыя, кароткія, мяккі тэмбр голасу, статнасць фігуры, дабрата...» А мо злая сіла затуманіла яе выабражэнне, і ўсё тое — не болып, як адна здань, мыльныя бульбаткі? Можа, настрой моманту адыграў тут балючую ролю? Наляцела пачуццё, асляпіла як свядомасць і папхнула на гэты крок? Нельга было, колькі ні судзіла Ганна, знайсці канцы тае прычыны, якая заставіла па сабе гэткі глыбокі след. I таму, што прычына ўцякала ад яе, дзяўчыне рабілася цяжэй і неспакойлівей.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130