На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Іскралётныя думкі яшчэ з добрую гадзіну мігаліся ў яго галаве, адрываючыся, гаснучы і ўзгараючыся. Бліскучым шэранем, трапяткім галёнам імжэлі, заходзячы ў глыбі здрому: Рыгор заснуў чулым сном...
Але не супачыў за тыя пяць гадзін, што праспаў да першага гудка. I стомленым падняўся з пасцелі і пайшоў у завод. На Узбярэжнай хадзілі патрулі гарадавых. Рабочыя ішлі працаваць — гэта Рыгора засмуціла. Разам з другімі ён прайшоў у завод і нехаця папрацаваў да абеду. Ідучы ў харчоўку, спаткаўся з Міхасём — пагутарылі аб дні абвяшчэння забастоўкі, аб здарэннях на іншых заводах, аб рэзультатах учарашняе сутычкі з паліцыяй. Гутарка некалькі ўраўнаважыла Рыгора: ён зайшоў у харчоўку. Цёмная, забруджаная, яна была перапоўнена людзьмі. Падсеўшы да століка, за якім абедала ўжо трое рабочых, ён заказаў абед і пачаў прыслухоўвацца, пра вошта гавораць. Рабочыя, не заўважыўшы Рыгора, цягнулі раней пачатую спрэчку:
— Сволачы, якраз перапынілі; а то б прарваліся ў горад ды хаця напалохалі б буржуазію,— казаў здаравенны рыжы хлопец.
— То-та і ёсць! Ці ж яны спацьмуць! Дзе ты ба-чыў! Сачаць — працуе і іх розум,— сказаў сярэдніх гадоў мужчына, з французскаю бародкаю.
— Ну, як сабе хоча ўсё, але дэманстрацыю правялі. Ведаеце, міжвольна пойдзеш на ўсё пасля гэткай прамовы. Да чаго складна гаворыць... Ці ты, Пракоп, часамі не ведаеш, хто ён такі? — ваткнуў трэці.
— 3 слясарнага цэха,— адказаў рыжы.
Рыгору стала няёмка: ану ж угледзяць і засаромеюцца за свае словы. Усё ж тое, што пра яго ішла гутарка, лісціла яму. Не даючы выгляду, што рэч ідзе аб ім, Рыгор кончыў абед і намерыўся сам увайсці ў гутарку.
— А вот учарашняе — я ізноў да дэманстрацьгі,— казаў мужчына з французскаю бародкаю,— не так павінна было б скончыцца.
— А як? — перабіў Рыгор.
— Як? — той пільна ўгледзеўся ў Рыгораў твар, памаўчаў крыху і мякчэй адказаў:
— Мякка абышліся з гэтымі цюцькамі. Трэ было ўсім хапіцца за каменні. А то стрэліў адзін, і пачалі разбягацца.
— А як жа іначай? Сталі б адбівацца — стралялі б усе. Крыві пралілося б за няма нішто...
— Як за няма нішто? — хапіўся рыжы.— За на-шу свабоду... Бач, крыві баіцца. Лілі ж дагэтуль — і надалей не застрахованы.
— Пэўна...
— То-та ж...
Рыжы прыгледзеўся да Рыгора і запытаў:
— Ці я абмыляюся, ці не,— здаецца, гэта ты ўчора казаў прамову?
Усе ўтраіх бессаромна абярнулі ўзрокі на Рыгора.
— Я таксама прыкмеціў, але не асмельваўся казаць,— дадаў мужчына з французскаю бародкаю.
Рыгор засмяяўся і прызнаў сябе за ўчарашняга прамоўцу.
— Маладзец, добра гаворыш,— пахвалілі ў адзін голас двое рабочых.
— Так, завідна,— прыбавіў трэці.
I калі Рыгор адчыніў губы, каб адказаць ім, з суседняга століка адвярнуўся да іх стары худашчавы дзядок і ўпаўголаса праказаў:
— Асцерагайцеся, вунь у кутку сядзіць шпег. Увесь час глядзіць на ваш стол. Пакідайце харчоўку заднім выйсцем.
Яны ўсе ўчацвярых няскрытна паглядзелі ў левы куток пакоя: за маленькім, кругленькім столікам, над шклянкаю кавы сядзеў шляхетна пададзеты, з белым каўнерыкам, гладка прычэсаны, брыты чалавек. Роўна паставіўшы голаў, ён вадзіў узрокамі па ўсёй харчоўцы, як бы шукаючы каго. У момант, калі на яго кінулі ўзрокі Рыгор з трыма суседзямі, чалавек ці незнарок, ці сумысля, паглядзеў у супроцьлежны канец. Карыстаючыся гэтым, яны падняліся з-за стала і выйшлі праз задняе выйсце на двор, накіраваўшыся да завода. Каля брамы, застаўшыся ззаду таварышаў, Рыгор азірнуўся і заўважыў, што той жа тып праводзіць іх на адгоне ганоў з трое. Рыгор усміхнуўся і схаваўся ў заводскі двор.
Гэты інцыдэнт нічым не адбіўся на Рыгоравым настроі. Ужо пры першым зыку машын у заводзе Рыгор выпусціў з думкі шпега і тую асцярожнасць, якую той сігналізаваў сваёю сочкаю. Гутарка рабочых, іх пахвальба Рыгору, водгук іх на ўчарашнюю дэманстрацыю — вось што займала яго ўвагу і пачуццё: значыць, ён не ашукваецца, калі думае аб вялікай важнасці праведзенага выступлення.
Помеж з гэтым прыемным адчуваннем Рыгору захацелася ў наступных падзеях яшчэ раз выявіць сябе, тым болей, што, адучваў Рыгор, у яго маюцца на гэта энергія і здольнасць. Пад свіст станка, роўны і цягучы, ён памкнуўся ў момант збудаваць новую прамову, куды мацнейшую па сіле і глыбейшую па сэнсу. «Я ім абвяшчу...» — праказаў ён сам сабе і адцягнуў увагу ад разца, які глыбока ўеўся ў сталь і пусціў смярдзючы гарэлы дым. Рыгор паспешна супыніў станок і адняў разец. Вылаяўся рэзка і злосна. Сплюнуў і матнуў рукою.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130