На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Падвышаны настрой не пакідаў Рыгора і ў наступныя два дні: жыў ён выключна мінулай дэманстрацыяй і надыходзячай забастоўкаю. Апошнюю чакаў з тым жа нецярпеннем, што і сваё выступленне з прамоваю. I таму дні праходзілі неўпрыкмет.
У суботу, кончыўшы працаваць на дзве гадзіны раней, ён рашыў прайсці па дарозе на кватэру Верманаўскім паркам. Выйшаўшы з завода, ціхай хадою накіраваў у горад, зрабіў куплю і прайшоў у парк. Дзякуючы субоце гуляла шмат публікі, разадзетае, святочна настроенае. Чуўся звычайны, вечна жывучы, малады, сакавіты смех, кідаліся ў вочы бесклапотныя жыццерадасныя жарты дзяўчат, вёрткіх, як газелі, стройных, трапяткіх. Як быццам бы жыццё паказвала  іх светлыя ўхмылкі сваю неўміручую прыгажосць. Ад яе нельга было ўхавацца. На руцяністых лістках акацый, бэзу, клёну, на чырвоных вяргінях ды гваздзіках гулялі зайчыкі променю, шустрага, электроннага... Рыгора цалкам захапіла гэта віраванне жыцця, размякчыла. Ён не стрымаўся, каб уголас не падумаць: «Няўжо не прыйдзе сёння да мяне Наталя? А Ганна? Паглядзі ты, так зазлаваць! Як канфора ў ваду — каторы час і няма нідзе!» Ганна заінтрыгавала Рыгора. «Хоць бы ўгледзець яе, напаткаць дзеколечы». У Наталю ён быў завераны, упэўнены; хацеў бы бачыць, але ведаў, што не сёння, то заўтра ўгледзіць, стрэнецца абавязкова. «А вось Ганна — хай бы яшчэ раз спаткацца з Ганнаю». Закарцела да таго, што Рыгор некалькі разоў прайшоў цэнтральнымі алеямі, прыглядаючыся ў твар кожнае дзяўчыны. Нездаволіўся, што не пападаецца Ганны, і нехаця выйшаў з парку; выйшаўшы, раз ад разу азіраўся, пакуль не схаваўся за вуглом муру. Не было Ганны, і ён, ідучы дамоў, меркаваў, калі і дзе яе можна ўгледзець. Напрашаліся гатовыя планы: узмор'е, парк, тэатр. Дзеколечы — ды трапіцца сысціся.
Забяспечыўшы сябе надзеяй, Рыгор падбліжаўся к дому і знячэўку, не даходзячы колькі дамоў, як з зямлі вырасла ў яго ваччу Ганна. Кроў лінула да сэрца, ён здрыгануўся ад нечаканасці. Дзяўчына ішла да яго, задуманай, няўпэўненай, раззіраючы па баках. Шмат прахожых яе міналі, абыходзячы ці справа ці злева; некаторыя ўглядаліся падазронымі ўзрокамі. Рыгор не ведаў, як вясці сябе: даганяць Ганну або даць мажлівасць ёй зайсці ў двор; ён зацішыў хаду, хоць нейкая сіла падганяла яго бегчы, спяшыць, апынуцца каля яе і загутарыць. Сіла волі перамагла пачуццё — Рыгор даў часу прасачыць, куды ідзе Ганна. Колькі разоў супыняўся, не спускаючы воч.
А Ганна тым часам параўнялася з дваром яго дома, паглядзела налева і направа, замялася на момант і прайшла далей.
¦ Каб не пайшла зусім»,— мільганула думка ў Рыгоравай галаве, і ён паспешна мінуў адзін дом, супыніўся, пастаяў крыху і ізноў зацішаным шагам пайшоў далей. I пасля перарашыў: «Затрымаюся каля брамы; не вернецца — пабягу даганяць, а вернецца — пачакаю». Пакуль падышоў — Ганна завярнула назад і пэўна ўгледзела яго, бо раптам змяніла кірунак хады і яе тэмп.
Праз колькі хвілін яна ізноў была каля брамы, тут жа спаткаўшыся з Рыгорам.
Ён уверана працягнуў ёй руку, гасцінна ўхмыльнуўся і праказаў:
— Добры вечар! Як гэта здарылася? Ну, пойдзем да мяне?
Ганна не палісцілася гасціннасцю з боку Рыгора: не засмяялася, не падала выгляду задавалення.
— Добры вечар!
Суха і працяжна адказала.
— Дзе ты быў так позна? Кожны раз, як назнарок,— прыйдзеш, а цябе не застаць.
— Кінь падазронасць... Я не ведаю, што прымусіла цябе пісаць да мяне гэткую запіску...
— Ты варт таго... Падумай сам, што я магу перажываць. Табе — нічога...
Яны прайшлі браму і накіравалі да Рыгора. Ганна ішла, апусціўшы голаў, нясмела, як арыштаваная.
— Табе да таго — жаднага клопату.
— Што ж ты думаеш! У мяне — забастоўка, пытанне жыцця, змаганне; ты думаеш, я жыву выключна сабою? Я — адзін з мільёна, кропка ў вялікай гушчы працаўнікоў. Маё жыццё цесна пераплецена з жыццём гэтае магутнае суполкі людзей... Ганна! — каб ты ведала, якія здарэнні адбываюцца зараз на нашым заводзе і ў самым горадзе! Мо чула, якая грандыёзная дэманстрацыя адбылася ў чацвер! Не чытала хіба? Я выступіў перад рабочымі з натхнёнаю, палкаю прамоваю, напаліў іх да белага. 3 «Інтэрнацыяналам», з воклічамі — на вуліцу! Толькі паглядзець было на гэты вобраз! Тысячы чалавек, якія з'еднаны аднымі класавымі інтарэсамі, адной маналітнаю думкаю, адным жаданнем — «Уставай, пракляццем катаваны!» Зямля, здавалася, траслася ад гэтай сілы. Накіруй яе на абраную мэту — парушынкі не застанецца ад усіх перашкод... мы ішлі — луналі песні...


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130