На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

"Няпраўда ж,— не будзем мы жыць паасобку. Калі-колечы звядзе нас доля разам".
Напісаўшы гэта, недаўменна паківаў галавою: « Даводзіцца суцяшаць старую абяцанкаміі» Але рашуча адкінуў сумненні і на трэцяй старонцы паперы прыхваціўся і ў агульных словах апісаў ужо дзеля Сёмкі ўсе важнейшыя здарэнні, якія давялося перажыць з часу разлукі. Нарэшце папрасіў яго, каб той перадаў уклоны ўсім знаёмым і Зосі і абавязкова адпісаў як найхутчэй.
На гэту дапіску пайшло не болей, як паўгадзіны часу, і Рыгор, пішучы, ужо адчуваў, што пісьмо выйдзе зусім няпоўным, адрыўным, выпадковым,— не хапае сцерпу ў гэткі час спакойна пісаць. Пашкадаваў, развёў рукамі, як бы хочучы апраўдаць сябе — не магу, што ж ты зробіш», кончыўшы пісаць, Рыгор уважліва перачытаў напісанае і барджэй адзеўся, узяў пісьмо і выйшаў з кватэры.
Не задумваючыся, пакіраваў у бліжэйшую харчоўку, у якой раз ад разу абедаў у тыя дні, калі не хадзіў на завод.
У харчоўцы публікі было нямала. Але рабочых можна было палічыць на пальцы. Рыгор пільна акінуў вачыма пярэдні вялікшы пакой, пасля прайшоў два бакавых меншых і, нідзе не ўгледзеўшы знаёмых, прысеў у правым кутку за маленькім столікам ды папрасіў вячэру.
Падавальнік запытаў, што даць, атрапаў ручніком стол і адбег ад Рыгора. «Сейчас. Хорошо!» — падаў на адгоне некалькіх шагоў. Але прайшло каля пятнаццаці хвілін, пакуль ён прынёс першую страву. Рыгор перанерваваўся і папракнуў яго. «Ннчего не сделать — всем нужно»,— адказаў падавальнік і другую страву падаў таксама спознена. Увогуле — вячэра адняла цэлую гадзіну. Рыгор вылаяўся на парадкі, чаго ніколі не дазваляў сабе ў гэтай харчоўцы, і выйшаў. Пацягнула дадому, хоць нешта звала астацца на вуліцы, пад сінім небам. Панелямі бясконцым ланцугом шнуравалі прахожыя.
Няслі з сабою смех, рэзвасць і бесклапотнасць. Рыгора цешыла гэта і ў той жа час злавала. Няўжо ім няма ніякага дзела да той барацьбы, якая адбываецца вось тут жа, у іх пад бокам? I следам думка перакінулася да Ганны. «Пэўна — гуляе дзеколечы з таварыш-каю і высочвае хлопца-каханка!..» Гэта разам была і іронія, але, не зважаючы на яе, у Рыгоравым нутры оынікла знячэўку жаданне — спаткаць Ганну па дарозе дадому. Няхай сабе Наталя пачакае, калі прыйдзе раней. Ён пачаў раззіраць у бакі. Не паленаваўся і два разы прайшоў па люднай вуліцы. Нават думаў прайсці ў кірунку да яе дома, а далей перарашыў і вярнуўся на дарогу к дому.
Не даходзячы двух кварталаў, абмацаў пісьмо ў кішэні і вярнуўся адшукаць паштовую скрынку. Гэта адняло яшчэ хвілін з дваццаць, так што яго захапіў змрок. У небе пачалі запаляцца рэдкія зоры, а на вуліцах — ліхтары. Павеяла лёгкім халадком. I — проста прымха,— калі падыходзіў к дому, дзе жыў, амаль не на тым жа месцы, на якім ужо раз успомніў аб пісьме да мацеры, успомніў цяпер аб грошах, якія абавязкова трэба было б паслаць старой. «А мо ёй жыць няма за што? А мо яна хварэе? Галадае? Бедная старая! Сапраўды, ці ж я не вінаваты перад ёю?.. Паслаў пісьмо — а што ёй пустое пісьмо? Як бы там ні было, а мушу дастаць рублёў пяць і выслаць. Прыйдзе ліст, а за ім неўзабаве — грошы. Ого — пяць рублёў! Наколькі хопіць! Выстараюся, пашлю...»
Гэта было яго неадменным рашэннем: таму Рыгор заспакоіўся. Уверана і крута павярнуў у двор, каб скарэй прайсці на кватэру і праведаць, ці не заходзіў хто да яго. I вось — толькі зрабіў пару шагоў, як ззаду хтось голасна яго азваў:
— Вы — Рыгор Нязвычны?
Было знячэўку — Рыгор сумеўся і спыніўся. Да яго падышоў здаровы, шляхетна адзеты мужчына.
— Вы арыштаваны! Пойдзем.
Рыгор сярдзіта паглядзеў на нечаканага госця і, быццам бы не разумеючы, да чаго хіляцца яго словы, здзівіўся:
— Як? Што? А гэта адкуль і чаму? Папрабаваў зрабіць некалькі крокаў назад. Шпег растапырыў рукі і пахіліў тулава ў бок Ры
гора.
— «Там» праведаеце ўсё! Пойдзем са мною, папрашу,— і, не даўшы Рыгору апамятавацца, свіснуў. У момант з'явіўся гарадавік і ўмела паказаў сябе ў распараджэнні шпега.
Нельга было дваяка думаць — справа ясная: папаў у добрае сіллё. Рыгор мусіў ісці. Бліснуўшая на момант думка — «Ану ж паспрабаваць даць дзёру» — патухла, знікла: гарадавік ішоў ззаду, трымаючыся за рэвальвер, шпег ішоў шчыльна побач. Куды бегчы? Як бегчы? Рыгор паглядзеў у бакі, але не асмельваўся пайсці на рызыку: нешта трымала, і ён ішоў — куды вялі, не сціхаючы папракаць сябе ў тым, што так дурна папаўся. Не хацелася верыць рэчаіснасці. Няўжо гэта ліхая прыгода пойдзе сваім шляхам, а ён будзе адарваны не толькі ад забастоўкі, ад знаёмых і сяброў, але і ад усяго свету? 3 гэтым не гадзіўся і стараўся не дапускаць сумнення. Маўчаў, ідучы, не звяртаючы жаднае ўвагі. на частыя закіды шпега, які стараўся вызваць яго на гутарку, на адказы пытаыням. Дзякуючы гэтаму, не заўважыў, як раптам ачуўся перш у нейкім пустым, цёмным двары, абгароджаным з усіх бакоў глухімі тыльнымі сценамі ці то парканам, а праз хвілю ў прасторнай, з тухлым паветрам, каморцы. За столікам, пустым і брудным, сядзеў нейкі паліцэйскі чын — ні то гарадавік, ні то жандар. Шпег кінуў Рыгора з гарадавіком і з невыразным чынам, сам шмыгнуў у дзверы, якія вялі ў другі пакой. I Рыгор не паспеў агледзецца, як з-за дзвярэй яго пазвалі:
— Проша, Нязвычны.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130