На перегiбе


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130

Аўторкам, у дзень Рыгоравага ад'езду, Зося прачнулася крыху пазней, чым прачыналася заўсёды.
Прачнуўшыся, яна чулася стомленай, разбітай, нявыспанай: нейкі цяжар душыў голаў, мярцвіў цела, кідаў на сударгі. У яе галаве блуталіся адрыўныя разнастайныя думкі. Ніяк нельга было ўлежаць; але, разам з гэтым, Зосі не хацелася і ўставаць з пасцелі — як бы хтосьці прыкаваў яе да ложка...
У гэткім стане Зося праляжала каля дзвёх гадзін.
Тым часам у сенцах павіднела: праз закратаванае акенца ўлілася вузкая палоска сонечных праменняў, якія блішчастаю залацістаю стужкаю працягнуліся ад сцяны ажно да ложка, апаўшы дробнымі лёгкімі іскаркамі на Зосін твар. Праз сітца праменняў мігаліся шустрыя мошкі, зрэдку калыхаліся камары і разпоразу перарэзвалі яго суцэльнасць чорнымі ніткамі мухі. У сенцах было ціха-ціха. Гэта Зосю асвяжыла, прыдало бадзёрасці і жывасці, знайшлася ахвота падняцца, сысці з ложка і брацца за якую-небудзь працу... Але за якую працу? Зося задумалася, памаўчала з хвіліну і здаволена ўсміхнулася. Зусім не да будзённых інтарэсаў было ёй у гэту хвіліну.
Перад ёю занасіліся ружовыя надзеі, жаданні; паўсталі цікавыя ўражанні. Злітным, суцэльным шэрагам выраслі перад Зосяю жывыя адбіткі яе спаткання з Рыгорам.— Хвойнік, кусты, вавёрка, пацалункі... і словы, словы к Рыгору... (Лёгкі ўздрыг і непрыемнае пачуццё на хвіліну кранулі Зосіна сэрца... Але ў яе знайшлося сілы заглушыць усякія адзнакі сумавання, і яна вярнулася да светлых успамінаў). I перад ёю раптам усталі Лужкі, зялёная паплавінка, папар навакола, курган... Вось набліжаецца Рыгор, яна супыняе ворыва, чакае... Рыгор падыходзіць... яна хінецца да Рыгора, закіпае бурліваю прагаю неабмежнае ласкі, зліваецца з ім у адно суцэльнае... Вось, як цяпер, чуе яго цёплае дыханне, ловіць паспешны бой сэрца і... тане ў хвалях кіпучага шчасця...
Зося заплюшчыла вочы, замерла ў спакоі, каб паўней уваскрасіць нядаўнія часіны кахання, як раптам у яе вушы ўрываецца востры, калючы смех: «Хі-хі-хі! Хе-хе-ха-ха!» — паднімае яе з падушкі, неміласэрна трасе яе постаццю.
Зося ўстала на калені, хапілася рукамі за голаў, сціснула зубы і ўся ўскіпела ад невыказнай злосці. Стук дзвярэй вярнуў яе к рэчаіснасці: яна адвярнулася к дзвярам, паглядзела,— то ўвайшла Тэкля.
— А, ты ўжо ўстала, Зося? — запытала дзяўчынка, нібы ўнесеная ў сенцы святлом яскрава ранняга сонца.— А я ўжо іду будзіць цябе. Мама ў гародзе рве зелле...
— Зачыняй дзверы, я ўстану,— адказала Зося. Тэкля ўзялася за клямку і ціха павяла з сабою
дзверы, любуючыся тым, як яны заграбалі за сабою ўпушчанае пры адчыненні святло, вымятаючы яго зноў на двор.
— Як адзенешся — пазаві нас,— сказала Тэкля, бразнуўшы дзвярыма.
У сенцах зноў стала цёмна. Зося саскочыла з ложка і выбегла на палойку прамення, якое ўлівалася праз аконца. Выбегла і стала, як статуя, выпрастаўшыся і ўстраміўшы ў аконца вочы. Пастаяла, паглядзела. Пасля адняла ўзрок і правяла ім па сваёй постаці. Пацешылася белізною рук, зірнула на грудзі, здаволена ўсміхнулася і хутка ўбегла ў хату.
Святло абдало Зосю і на момант асляпіла яе. Зося спынілася ў парозе, пастаяла крыху, пасля працёрла вочы і аглядзела хату. У хаце было ціха, чыста і прыемна. Усё было ўладавана на сваім месцы. Зосі кінулася ў вочы, што на кручку, які тырчаў у тыльнай сцяне, нічога не вісіць — гэта значыла, што бацькі няма ўдому. Яна падышла да мыцельнікавага акна, паглядаела направа ў канец двара, к паветцы — там воза не было: значыць, бацька паехаў на поле. Чаго і што — Зосі не цікавіла, абы яго не было ўдому, і некаму будзе раздражняць яе.
Як нібыта тая, спакойна і важна прайшлася яна некалькі разоў па хаце, пасля падышла к вулічнаму акну і паглядзела. Праз хат дзве ўгледзела Вольку, якая спяшыла кудысьці з мяшком на плячы. «Ці не па мяне ўжо яна ідзе? — падумала Зося ўголас.— Бадай, у траву сабралася. Якая руплівая гаспадыня!»
Не заўважыўшы Зосі, Волька прайшла ў двор і паглядзела ў акно.
— Заходзь, заходзь, не ўзірайся. Я дома,— пазвала Зося.
— А я думала, літо цябе нямашака ў хаце,— адказала знадворку Волька.
— А дзе ж я буду?.
— Мала дзе! Як быццам яна ўвесь час з хаты не вылазіць!
— Усё ж не гэтак, як ты. Ты вельмі ўжо зарупілася.
— Трэба, бачыш, нічога не парадзіш. Волька ўсміхнулася.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50 51 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61 62 63 64 65 66 67 68 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78 79 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89 90 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100 101 102 103 104 105 106 107 108 109 110 111 112 113 114 115 116 117 118 119 120 121 122 123 124 125 126 127 128 129 130