На руiнах


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16

Несцер пільна выслухаў Шмуйлу, крыху памаўчаў, а потым звярнуўся к брату з гэткімі словамі:

—  Вось чуеш, Гарасім, як людзі кажуць. Што ж за наўда, калі я праз увесь час так моцна смуткаваў па бацькаўшчыне. Так, браце, смуткаваў і жалеў, што і выказаць нельга. Hi грукат гармат, ні жар змагання, ні страх перад смерцю не маглі заглушыць ва мне гэтага болю. Ідзеш у наступ, вакол сыплюцца кулі, разрываюцца снарады, смерць глядзіць у вочы, а сэрца так і ные, так і ные — дадому імкнеіша: хоць бы паглядзець на сваіх люазей, пагутарыць на сваёй мове, пабываць у лясах, на палях... Хоць бы сабе і смерць — але пасля пабыўкі дома... I гэтак праз увесь час, праз цэлыя чатыры-пяць гадоў. Ссох, спятрэў у журбе па дому...

У гэты час дзяўчына прынесла самавар.

—   Прачакаліся. мужчыны.— сказала яна, ставячы яго на стол.

—   Нічога, нічога,— адказаў далікатна Несцер, якому сапраўды дакучыла чакаць.

Абодва Грэбені паспешна распрануліся, дасталі з клункаў яду, вылажылі яе на стол. Потым уселіся за вячэру.

Шмуйла вылез з-за стала і пачаў маліцца.

На нейкі час у хаце стала ціха. Толькі крэкт бабулі ў запечку казаў, што ў карчме ёсць жывыя людзі. За акном свістаў вецер. Зачыненыя аканіцы хавалі панадворак... Аднак Шмуйла пачасту ўзіраўся ў вулічнае акно, выбіраючы шчылінку. Нагнецца, прыгледзіцца, потым зноў адыдзе.

—   Цямноцце на дварэ,— праказаў пад канец Шмуйла.

—   Мы думаем начаваць у вас,— сказаў Гарасім.

—   Чаму не, зрабіце ласку, месца хопіць,— адказаў Шмуйла.— Куды ж ісці гэтай цемрай? Ды, нябось, здарожыліся?

—   Так, патаміліся, не спаўшы колькі ночак... Хоць яно і вельмі хочацца скарэй папасці дамоў, праведаць бы, што і як там, але...

—   Паспееце і заўтра,— угаварыў Шмуйла.— Невялікае шчасце вы дома знойдзеце, дзень ранек ці дзень пазней.

—   Ну, а скажы, Шмуйла, ты часамі не чуў пра Верацёны нічога? Ці ціха ўсё там, ці мо што і нядобрае траплялася? — пацікавіўся Гарасім.

—   Праўду скажу: не ведаю. Штосьці баялі аб Верацёнах, але я, прызнацца, не прыслухоўваўся. А самому вось не здаралася быць... Хто яго ведае, тут усякай усячыны было, розных здарзнняў... I пагромы, і фабествы, і забойствы, пажары. Вядома — як на вайне... Магло ўсё стацца і з вашымі.

Словы Шмуйлы занепакоілі Грэбеняў. У іх абодвух зашчымела вострае хаценне забыць і спачынак, і начлег і спяшаць дамоў. Але ўтома і санлівасць моцна сціснулі іх.

Дрымота спяюшчвала іх аочы, балючая вяласць расплывалася па ўсёй істоце, моцна шчымела боль у нагах і ў паясніцы.

—   У нас ноччу хадзіць малабяспечна,— чыстасардэчна прамовіў Шмуйла.— Усякіх людзей на гасцінцы трапляецца: і балахоўцы нейкія, як кажуць, і дэзерціры, і проста жулікі-бандыты. Калі ўжо нельга ні ў якім разе адлажыць — тады мусіцьмеш ісці. Дый то можна як-кольвечы скруціць... Не... лепей зробіне, калі пераначуеце... Хая,— пазваў ён дачку,— пасцялі мужчынам.

—   Добра,— пачулася з суседняе каморкі. Хутка дзяўчына паслала дзве пасцелі — адну на тапчане, другую на канапе.

Шмуйла сам убавіў у лямпе агонь, і Грэбеняў пакінулі адных. Як Несцер, гэтак і Гарасім раздзеліся, бы дома, і паляглі.

Палёгшы, яны папрабавалі яшчэ аб сім аб тым перагутарыць, але з таго нічога не выйшла: словы ў горле гразлі. 1 яны, сціхшы, хутка паснулі.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16