На руiнах


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16

Назаўтра, чуць свет, Гарасім прачнуўся і пабудзіў брата. Шмуйла ўжо таксама не спаў: ён чагосьці клапатліва хадзіў па каморцы і мармытаў сабе пад нос.

—   Будзем збірацца ў дарогу,— сказаў Несцер.

—   Гарбаты пап'еце,— параіў Шмуйла.

—  Куды ўжо там: няхай дома,— адказаў Гарасім. Яны хутка ўсталі, адзеліся, памыліся і сталі збірацца.

—  Дваццаць вярстоў легка ўбяром,— пахваліўся Несцер.

—  Так, адпачылі крыху,—згадзіўся Гарасім,—гадзін з восем паспалі.

—  Толькі перакусіць не шкодзіла б,— раіў Шмуйла.

Аднак Грэбені гэтага не думалі: ім рымсціла як найхутчэй паспець дадому і праведаць аб дамашніх. Сабраўшыся акуратна, надзеўшы клункі і падперазаўшыся, яны падзякавалі Шмуйле за начлег, расшіаціліся і выйшлі з карчмы.

На вуліцы было ціха. Браў добры мароз, і за ноч выпала багата шэраню. Кусцікі лазняку і ядлоўцу, аскабалачкі, кускі дроту і рэдкія платы былі пекна ўбраны белымі пухкімі анталяжамі. Чыстае паветра свяжыла і бадзёрыла. Лёгкі туман, заўсёды справодзячы шэрань, гусціўся па баках, робячы навокал Грэбеняў неразрыўнае кольца. Уверсе, якраз над іх галовамі, віднелася прагаліна сіняга неба з рэдкім налётам туману, а на ўсходзе ад праменняў узыходзячага сонца туман быў чырвоным. Убітая дарога аблягчала пуціну, і Грэбені легка, з новымі сіламі, маршыравалі па ёй.

—   Хаця б сапраўды чаго кепскага там не сталася,— сумняваўся Несцер.— Усе мукі чаканняў і хаценняў — разляцяцца дымам...

—   Кінь думаць дрэнна,— суцяшаў Гарасім,— чаму ты думает, што нядобрае трапіла к нашым?

—   Ой, дзіўны ты, а хто разбіраўся? Прыяцеляў такіх досыць маецца, якія ахвотна б падказалі, нацкавалі ці палякаў, ці балахоўцаў. Стараста Ёрш, сальнік Сёмка ці яшчэ які гад — ад іх доўга не чакаць. «Іх два сыны бальшавікі, распраўцеся з імі першымі». Напэўна, брат, там магло стацца штосьці ліхос — неяк занадта ўжо трывожыцца маё сэрца.

Несцер кідаў смутны пагляд на твар брата і нібы перадаваў таму мукі сумнення і трывогі.

—   Магло стацца, гэткія ўжо часы,— з няпэўнасцю загаварыў Гарасім.— А сталася — што зробіш, не паправіш. Тады аб іншым прыйдзецца думаць: кідай усё і ўсіх — на памшчэнне.

—   Толькі так. Усё жыццё пасвяціць непазбыунаму змаганню за свабоду і бязмернай помсце за здзекі і глум з краю і людзей.

—   Так-то яно мо і так. Толькі ўсё роўна, браце, не вернеш таго, што табе дорага і што цягне цябе за тысячы вярстоў, бы магнёсам... Вось у чым хаваецца сэнс,— разважаў Несцер.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16