На руiнах


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16

Праўду табе сказаць, я ўжо ўтаміўся. Еду з Севастопаля, і вось болей тыдня, як не паспаў і не наеў па-людску. Па-мойму, варта было б супачыць, калі знойдзецца на чым. Гэта выгадней і таму, што мы прыйдзем днём, а не ноччу,— адказаў Несцер.

—  Нічога проці не маю.

Яны падышлі к карчме. Сабака сціх брахаць. Ля варот стадолы стаяла маладая яўрэечка і пільным поглядам агледзела Грэбеняў. Несцер з хвіліну ўпарта паглядзеў на яе і ў яе твары ўгледзеў штосьці знаёмае.

—   Можна зайсці да вас? — дабрадушна запытаўся ён. Дзяўчына ўхмыльнулася і мякка, гасцінна адказала:

—   Калі ласка!

—   А мо і пераначаваць можна будзе?

—   Там пабачым,— ахвотна адказала яна.

Грэбені ўверана адчынілі дзверы і ўвайшлі ў карчму. Ім дыхнула густым цёплым паветрам, перапоўненым дымам. Была пятніца, і зайшоў шабас, так што на стале гарэлі свечкі, і стары гаспадар карчмы, як пазналі яго з першага ж погляду Гарасім і Несцер, згорблены Шмуйла слібізаваў модлы. За сценкаю ў каморцы крахцела яшчэ адно старое. Два хлапчукі, адзін ужо дзяцюк, і дзве сталыя дзяўчыны бегалі з каморкі ў каморку. Лазіў па хаце і віляў хвастом пярэсты сабака, той самы, што брахаў на Грэбеняў. На лаўках сядзела з пяць сялян у жоўтых кажухах, падпяразаных саматканымі паясамі; усе яны трымалі ў зубах люлькі, маўчалі і пускалі на хату гібель дыму ад свойскага «багданчыку» і «мультану». Раз-поразу сяляне азіраліся ў вокны і адзін другому нашэптвалі штосьці на вуха.

—   Дзень добры ў хату!..

—   Добры вечар! — паправіў Гарасім.

—   Добры вечар! — адказаў Шмуйла, не пакідаючы маліцца. Месца сядзець хапала, і абодва Грэбені ўселіся.

—  Ці нельга было б папрасіць гарбаткі? — пераняўшы дзяўчыну, запытаў Несцер.

—  Можна, зараз,— адказала тая, мякка ўхмыльнуўшыся. Несцер пачаў развязваць клунак. Гарасім моўчкі сядзеў і сачыў

незмігутна за гарэннем свечак.

Тым часам Шмуйла кінуў маліцца і сеў за стол. Адна з дзяўчат падбегла к сталу, заслала абрус і пачала гатавацца к вячэры. Шмуйла адламаў кусочак хлеба і, жуючы, пачаў глядзець на хату.

Вочы старога, яшчэ зоркія і празрыстыя, шпарка бегалі па ўсіх баках, не прапускаючы самых дробных рэчаў. Потым яго погляд спыніўся на Гарасіму, аглядаючы яго постаць зверху ўніз. Шмуйла штосьці замармытаў, павярнуўся і сказаў:

—  Ці я абмыляюся, ці то так і ёсць: здаецца, ты будзеш Янкаў сын, Грэбеня?

Гарасім усміхнуўся і адказаў:

—  Так, Шмуйла, угадаў. Добрая ў цябе памяць.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16